Выбрать главу

Ягоныя зубы ляскаюць. Ягоныя разцы скрыгочуць, ягоныя іклы ніколі не затупяцца. Бо яна, Вераніка, схілілася над гэтым хударлявым целам, амаль хлапечым. Яна ведае, як надаць ім рух, як ажывіць гэтыя косткі.

Ён есьць цела Веранікі. І яе сок цячэ па Ягонай шыі.

***

Загорнутая ў тоўстую вясковую коўдру, яна навобмацак прабралася да кухні. Бабка, натуральна, даўно ня спала, зьвінела недзе паблізу калодзежным вядром, у хаце было цёмна, а на двары ўжо на ўсю моц гаспадарыла сонца. Вераніка, адчуваючы, як ліпне да босых ступакоў невынішчальная зямля, але яшчэ не прачнуўшыся, пракульгала, бы п’яная, да дзьвярэй. На парозе стаялі ўсё тыя Антон са сваім малым Алежкам ды дурань-Генік – усе чымсьці здалёк падобныя да жаўнераў.

– Надакучылі вы мне, – сказала Вераніка, трымаючы на грудзёх коўдру, якая так ціснула на плечы, што, здавалася, зараз расьцісьне. – Чаго вам трэба ў такую рань?

Яна пазяхнула так шырока, што забалелі сківіцы, і нарэшце адплюшчыла вочы.

– На рыбалку, – неахвотна прамовіў Антон. – Хаця якая там рыбалка... Раней трэба было. Малы прычапіўся, пойдзем ды пойдзем, а матка нас пагнала. А ўсё гэты...

Антон замахнуўся на Алежку плястмасавай бутэлькай ды той зарумзаў.

– Вады забыліся ўзяць. А давай з намі, Веранічка?

– А ідзіце вы, – адмахнулася Вераніка. – Зараз вады прынясу й дасынаць...

У прыцемках загрувашчанай мэбляю кухні яна неяк дабралася да вядра, карыстаючыся бутэлькай нібы балянсірам. “І малому кубак налі, піць хоча, гаўнюк”, – крыкнуў аднекуль з-за сьпіны Антон. У каламуці акна Вераніка пабачыла Геніка, які мэлянхалічна аддзіраў ад сьцяны іхнае хаты маленькія трэскі. Апусьціла бутэльку ў вядро, халодная вада (бабка пасьпела ўжо набраць) балюча зводзіла рукі ды адганяла сон у кут. Назіраць, як на паверхні вядра булькочуць бурбалкі, было прыемна. Вераніка безвач зачарпнула вады бляшаным кубкам ды пакрочыла да дзьвярэй. Спаць ужо не хацелася.

– Можа, і праўда з вамі пайсьці... – прамовіла яна няўпэўнена ды зноў пазяхнула, выціраючы рукі аб коўдру. – На, пі...

Генік сядзеў перад хатай на кукішках ды глядзеў на яе майткі. Антон схаваў бутэльку ў школьны брудны заплечнік. Сонца рэзала вочы, з хаты ж цягнула холадам. І толькі Вераніка падрыхтавалася сказаць Геніку што-небудзь крыўднае, малы Алежка раптам залямантаваў не сваім голасам.

– Што, што? – Вераніка адступіла да дзьвярэй. “Гэй ты, прыдурашны,” – спалохана дакрануўся да пляча Алежкі Антон і тут жа прыбраў руку. А паўз двор ужо бегла бабка, і пачуўся з-за сьцяны пачварны, ранішні кашаль дзеда, і з вуліцы на іх зацікаўлена глядзелі бабы на роварах, і нехта ў насунутай на лоб кепцы вылаяўся, праязджаючы міма на драбінах, і заіржаў зьдзіўлена конь, беручы другую хуткасьць.

Малы крычаў старанна, без супынку, бяз паўзаў, нават не пераводзячы духу, рот ягоны – круглая грамафонная труба – вывяргаў адну й тую ж полую, надзьмутую да трымценьня агромністую ноту, якая бы цэпэлін уздымалася над невялікай вёскай. Ён крычаў як сырэна грамадзянскай дапамогі, яго было чуваць скрозь, як некалі заводзкі гудок, ён быў як паветраная трывога, як шумавая атака, як бомба. Вераніцы вельмі захацелася яго выцяць чым-небудзь, і яна ўдарыла Алежку лёганька па шчацэ; яна й падумаць не магла, што пасьля гэтага дотыку малы паваліцца на зямлю перад парогам і пачне енчыць з новай сілай. Бабка пабегла па халодную ваду, у хаце зарыпелі дзьверы, там мацюгаўся дзед, а Генік даў малому нагой па азадку. Антон адштурхнуў яго ды схапіў Алежку на рукі.

– У яго прыпадак, я ведаю, – кінула злосна Вераніка. Але малы, не выпускаючы з рук кубка, пачаў сьціхаць.

– Ды ты абасцаўся, – скінуў з рук малога Антон. – Ну я табе...

Малы тым часам адбег да брамы й схаваўся за кустом парэчак. І тут Вераніка зарагатала. Яна падняла кубак ды тыцнула па чарзе Антону ды Геніку ў твары.

– Там зубы, – сказала яна скрозь сьмех. – Бабчыны зубы.

Трэслася бабка, паставіўшы вядро на лаўку. Весела мармытаў нешта неразборліва-непрыстойнае дзед. Рагатаў Антон, калупаючыся ў носе. Валяўся ў гістэрыцы Генік. Тросься ад сьмеху сусед за плотам. Хітала галавой, нібы спрабуючы адагнаць навязьлівую муху сьмеху, Вераніка. Заліваліся званкамі ровары. Бязгучна адкрывалі рты рыбы. Хіхікала сонца. Інтэлігентна сьмяяліся сьвіньні. Малы Алежка йшоў па шырокай вясковай вуліцы дамоў, пад сабачы брэх і лясканьне страшных сківіцаў, да якіх толькі што дакрануўся вуснамі, і размазваў па шчаках сьлёзы. Але ніхто яго ўжо ня бачыў. “Пайду ды ўсё распавяду, чым яны там за вёскай займаюцца”, – вырашыў ён і зноў зарумзаў. Але да іх якраз прыехаў дзядзька са сталіцы, і бляск даражэзнага кітайскага робата-забойцы канчаткова засланіў далёкае, цьмянае мігценьне помсты.