Толькі ў вагоне свайго ўлюбёнага Інтэрсіці я адчуў сябе зноў у бясьпецы. Я зноў быў тут адзін, і зноў ніхто не зьвяртаў на мяне ўвагі. Гэтае шчасьце пустога месца, шчасьце празрыстасьці: пустое месца не патрэбнае ні фізычным, ні юрыдычным асобам, ні грамадзкім, ні палітычным арганізацыям. За ўсе свае вакзальныя пакуты (дзіўна, раней я любіў гэты сталічны вакзал) мая чужына зрабіла мне цудоўны падарунак – цёплы сонечны вечар, аранжавы далягляд. Цягнік спрытна прабіраўся між гор, скінуўшы хуткасьць, на небе нехта лавіў сеткай скалы, парослыя густым падлескам: я хацеў бы жыць вунь там, у маленькім, падобным да цацачнага замку будынку на горным уступе, мусіць, трэба мець добры кій, каб ускараскацца туды, затое потым паветра, і лёгкая вячэра, і дым майго “галюазу” па-над безданьню. Там, на ўсходзе, пляската й шэра, там няма жыцьця мне, Пэтэру Каменнае Сэрца. Там між беднаватай фаўны ды суворай флёры выдзяляе ў атмасфэру ўглякіслы газ мая Вераніка. Тая самая, пра якую чытае цяпер мая суседка, хударлявая Лярэлея ў круглых акулярах, строга падціснуўшы вусны. Я міжволі зазірнуў ёй у кнігу: так і ёсьць, там мільгае яе ймя, так, відаць, яна магла запісацца ў пашпарце, маё былое дзяўчо, якое знайшло сабе нарэшце добрую працу. Veronica. Але ж яна, хутчэй за ўсё, напісала там “k”.
Мой добры знаёмы, знакаміты махляр, сэньёр Каэльё. Obrigado яму. “Вы хацелі б што-небудзь пачытаць?” – зьдзіўлена зірнула на мяне мая суседка й ветліва пасьміхнулася. Я зьбянтэжана адвярнуўся, прамармытаўшы нешта прабачальнае. Гэта быў яе вечар, а мне проста далі трошкі, паводле законаў гасьціннасьці. Папраўдзе, зь мяне хапіла б і гораў. Аднак жа “Вераніка жадае памерці”. Яна любіла гэныя кніжкі. Сэньёр Паўлу, каранаваны ашуканец. Я памятаю, як мы спрачаліся зь Веранікай па тэлефоне. Яна верыла, а я ведаў: наўрад ці мы маглі дасягнуць кампрамісу. Яе бацькі круцілі пальцамі ля скроняў, яе брата не было дома, а я ляжаў дома п’яны, і словы сыпаліся зь мяне, бы зь дзіравай кішэні.
О так, усё так. Яму хутка шэсьцьдзесят, але ж гэта ня робіць яго пісьменьнікам. Ён нарадзіўся падчас вайсковай дыктатуры, але ж гэта ня робіць яго яшчэ нікім. Псыхіятрычная лякарня нікому не дапаможа стаць геніем. Жыць у дзяржаве, дзе слова “мастак” лічылася сынонімам слова “лайдак-наркаман”, яшчэ ня значыла аўтаматычна стаць “мастаком”. Брудны хіпі – гэта ўсяго толькі яшчэ адна ўніформа. Ён прайшоў праз катаваньні, але ж ці дадалі яны яму таленту? “Што ты гаворыш!” – палка крычала Вераніка. “Падумай! Чалавека мучылі, ён столькі перажыў”. “Мне шкада яго, безумоўна,” – казаў я зь бязбожным сьмехам. “Але чаму я мушу ім зачытвацца – я што, сплочваю яму доўг за ягоныя пакуты?”. “Ты проста зайздросьціш!” – яна ледзь ня плакала.
Ён чытаў Леніна і Бхагават-Гіту. Ён шмат пісаў. Анархічныя песенькі. Рауль, рок-зорка, любіў няўрымсьлівага Паўлу, але ж і падумаць ня мог, кім гэты хлапец стане. Мяцежнага Рауля цяпер ня памятае ніхто, затое сівога, коратка стрыжанага чалавека з хітрай усьмешкай бізнэсоўца-рамантыка й бунтарскім хвосьцікам ведае ўвесь сьвет. Нездарма гэты маладзён назваў выдаваны ім калісьці часопіс “2001”. Ведаў, кім можна сустрэць міленіюм, калі добра вывучыць прымітыўную душонку ласага на эзатэрыку й танны містыцызм чытача. Хочаш быць філёзафам – будзь ім. Як усё проста.
Але ж тады, калі сэньёр Каэльё выправіўся ў Эўропу ды знайшоў сябе раптам у нейкай амстэрдамскай псэўдакаталіцкай сэкце, да цяперашняй славы яму было далёка. Ён быў яшчэ адным з многіх. І, пэўне ж, чытаў Дастаеўскага па-партугальску. З інтарэсам глядзеў на мапу, на чырвоную пухліну гіганцкае імпэрыі, і падумаць ня мог, як яны задыхаюцца без духоўнага правадыра, колькі легкаверных, гатовых верыць у што заўгодна, толькі б у нешта верыць людцаў ён тут знойдзе, якую багатую даніну зьбярэ... На гэтых бяскрайніх прасторах яго сустрэлі як мэсію. Зь ім абедалі прэзыдэнты. Пра яго з захапленьнем выла тэлебачаньне. Яго стараліся не заўважаць цэрквы: найлепшая рэкляма. Дурні ўсіх узростаў і абодвух палоў ганяліся за ягонымі беленькімі сьціплымі кніжкамі. Яшчэ не астылы ад азадкаў Чумака й Кашпіроўскага трон быў расхістаны, але надзейны. Хочаш быць пісьменьнікам – будзь ім.