Тады, трыццаць гадоў таму яму перашкодзіла нейкая юначая непаседлівасьць і доўгі язык. Бо зь яго атрымаўся б выдатны мэнэджэр. У CBS Records будучы духоўны лідэр зрабіў неблагую кар’еру. Напэўна, ужо тамака ён зразумеў, што ўсё, чаго чакае масавы чытач – гэта прыгожыя банальнасьці і простыя адказы. І алхімік узяўся за працу.
Так, Вераніка, ён меў цікавы й цяжкі лёс. Ён стаіць у цэнтры свайго жыцьця, маленькі чалавек, сьціплы пілігрым, які дабраўся да Сант’яга-дэ-Кампастэла, стаіць як сярод загрувашчанага антыкварнай мэбляй пакою. Але прыдумаць гэты пакой ён ніколі ня дасьць рады. Калі публіка разыходзіцца, алхімік ідзе да банкамату. І ніхто ў банку не здагадваецца, што гэты непрыкметны настаўнік хіміі са сьлядамі ўсіх чалавечых заганаў на твары і ёсьць той самы сэньёр, якога з такім імпэтам фатаграфавалі ў Шарамецьева.
Лёс ня робіць нас чараўнікамі. “У мяне ёсьць яшчэ”, – зь мілай усьмешкай кажа мне Лярэлея і адкрывае заплечнік. “Вось”. У руках яе цэлы стос навюткіх кніг, і я чытаю, мружачыся ад сонца: Veronica beschließt zu sterben.
Не, яна ні з кім не цалавалася, стоячы пад пранізьлівым ветрам, гэта толькі так кажуць: з кім гэта ты цалавалася? Але адразу стаў зразумелым гэты ўчорашні сьверб над верхняй губой, і дарэмна яна ўглядалася перад сном у люстэрка – гэта трэба было рабіць сёньня з раніцы. У роспачы Вераніка паспрабавала выдаліць паскудзтва, і паскудзтва не марудзячы адгукнулася, імгненна вырасла амаль удвая. Зырка-чырвоны грыбок на дагэтуль такой беззаганнай лініі, ён адразу ж стаў цэнтрам Веранікі, яе сэрцам, яе мозгам, скопішчам усіх яе праклёнаў і няўдачаў. Яна выглядала незваротнай, вечнай, наўмысна кімсьці пасаджанай, падсаджанай, падсадной, гэтая балячка. Быццам на шэдэўр крапнулі кіслатой. Дзіўна, бяз гэтае балячкі Вераніка зусім не адчувала сябе шэдэўрам, але варта было ёй зьявіцца, і цела запратэставала, і пачало сьлязьліва нагадваць пра ўласную нядаўнюю дасканаласьць. Хоць ты енчы над пазаўчорашнімі фатаздымкамі. “Ведала, ведала ж, што лепш не дакранацца, – дакарала сябе Вераніка, – “дык чаму ж...”. І, дзеля ўсяго, чаму менавіта ў гэты дзень?
На працягу году дыскатэкі ў школе былі пад забаронаю. Забарону ўвёў дырэктар, надзелены ў той час амаль дыктатарскімі паўнамоцтвамі, і раённы аддзел адукацыі, падтрыманы міліцыяй, забарону ўхваліў. Год таму ў фае школы, на такіх вось танцах, п’яныя адмарозкі, што прыехалі ў Сьвет з гораду, парэзалі шклом старшаклясьніцу. Вераніка ведала ахвяру, тая ў Сьвеце ўжо не жыла, адразу ж пераехала з бацькамі кудысьці на ўскраіну сталіцы, далей ад сьветаўскага пекла. Казалі, адмарозкаў гэтых прывёз Драгуноў, але даказаць гэтага не змаглі, – праўда, для прафіляктыкі Драгунова ледзь не штодня цягалі тады ў дзіцячы пакой міліцыі, а аднойчы нават звазілі ў райаддзел. Драгунову ўсё гэта падабалася, ён адчуваў сябе героем і на фраераў-аднаклясьнікаў пазіраў з пагардай. Вераніка ніякім чынам ва ўсім гэтым, натуральна, ня ўдзельнічала, ведала па чутках, якія на перапынках разносілі па школе юныя антыфашысткі.
Але вось год мінуў, і пасьля доўгіх перамоваў дырэктар даў дабро. Калі б хто-небудзь спытаў у Веранікі, чаму яна так радавалася, наўрад ці б Вераніка магла адказаць. Аднак пачуцьцё калектыўнай радасьці, гуртавое чаканьне сьвята захлынула яе так, што ўжо за тыдзень да запаветнага дня Вераніка літаральна лічыла гадзіны. І вось такая неспадзяванка. Да дыскатэкі ўсё было гатова, выбраная вопратка, касмэтыка, настрой і нават маска, у якой Вераніка мусіла зьявіцца ўвечары ў школьным фае. Рэч была яшчэ ў тым, што менавіта ў тыя дні Вераніка ў тысячны раз вырашыла ўзяцца за сябе, вырашыла стаць іншым чалавекам. Абудзіць у сабе лідэрскія здольнасьці й прымусіць усіх сябе паважаць. Зьвярнуць на сябе ўсеагульную ўвагу. Перастаць быць вечным другім нумарам. Стаць у клясе незамяняльнай. Кніжка, якую маці неяк прынесла з працы ды так і пакінула ляжаць на лядоўні, адкрыла Вераніцы вочы на многія таямніцы чалавечых узаемаадносінаў, на тыя прыхаваныя, жорсткія законы, што дзейнічаюць у калектыве. І калі маці павінна была аддаваць так і не прачытаную кніжку, яна доўга не магла яе знайсьці, раздражнёна блукала па кватэры й тэрарызавала сьлімакападобнага бацьку, – і знайшла менавіта ў той дзень, калі Вераніка скончыла апошні разьдзел.
Дыскатэка мела пачацца а сёмай вечара. Зранку, седзячы на бясконцых, нудных, нейкіх па-садысцку паўтаральных уроках, Вераніка не магла знайсьці сабе месца й раз-пораз дакраналася да распухлай губы. На вялікім перапынку ня вытрымала, пайшла ў аўтамат тэлефанаваць сястры. Ды той не было дома. Сястра абавязкова б нешта прыдумала. Сястра ведала такія сродкі, пра якія пісалі хіба што ў замежных часопісах, сястра змагла б замаскаваць пад цудадзейнымі крэмамі нават сіняк на паўтвара. Сястра яе была геніем. Але сястры не было, і Вераніка ледзь ня плакала. У такім стане яе й засьпела каля крамы прамтавараў Русая, на год старэйшая за Вераніку дзяўчына з далёкае “д”-клясы. Русую Вераніка ведала толькі па прозьвішчы й толькі ў твар, іхныя жыцьці дагэтуль не перасякаліся. Пра Русую Вераніка ня ведала нічога кепскага, добрага, зрэшты, таксама, Русая жыла на ўскраіне Сьвету й была высокая, вечна задуменная і даволі прыгожая. Хаця... Вераніка ўспомніла, як пра Русую неяк распавядалі, што яна трапіла аднойчы на прыпынку да нейкіх фашыстаў і змагла ня толькі адбіцца, але й накіраваць аднаго з адмарозкаў з сатрасеньнем мазгоў ў лякарню. Кагосьці з драгуноўскіх старэйшых прыяцеляў. Такая яна была, карацей, – загадкавая.