Выбрать главу

***

Пасьля таго, як Вераніка атрымала нарэшце пахучы чырвоны дыплём, яна год сядзела бяз працы – сапраўды, хіба можна было назваць працаю гэтую пасаду пэдагога-арганізатара ў Цэнтры дзіцячай творчасьці – яна атрымлівала там ненашмат больш за сваю колішнюю стыпэндыю, хаця тырчала ў падобным да зруйнаванага гатэлю будынку па шэсць гадзінаў на дзень, і яшчэ часта даводзілася ехаць туды па суботах, на якія абавязкова прыпадала якое-небудзь сьвята... Калектыў там складаўся пераважна з жанчын, якія, напінаючыся ды пацеючы, набліжаліся да пяцідзесяці, жанчын зь няўдалым шлюбным досьведам ды паталягічным пачуцьцём уласнае нерэалізаванасьці – ня дзіва, што яны зь першых дзён прасякнуліся да Веранікі шчырай нянавісьцю, не давалі ёй праходу, удаючы, што дапамагаюць асвоіцца, ды раўнавалі яе нават да прышчавых падлеткаў-навучэнцаў... Раён быў ускраінны, і школьнікі хадзілі ў Цэнтар адпаведныя, любую яе ідэю яны скажалі да непазнавальнасьці, дзейнічаючы выключна згодна з усталяванай сярод іх гіерархіяй, якая ўтваралася сярод гэтых малпаў імгненна, і навічкі займалі ў ёй свае месцы, не пасьпеўшы нават пазнаёміцца з астатнімі...

Наогул, Цэнтар вельмі нагадваў Вераніцы вялікую сельскагас-падарчую фэрму, тут панавалі жывёльныя пахі, жывёльныя законы, жывёльная барацьба, выкладчыцы мітусіліся, як вампіркі-даяркі, дырэктарка была пітушчая, казацкага такога выгляду, яе за той час, пакуль Вераніка намагалася тут працаваць, двойчы звальнялі й двойчы вярталі на месца... А яшчэ сьвятая простасьць маладосьці: Вераніка выказала неяк на нарадзе, прыгадаўшы сваю вышэйшую адукацыю, думкі пра недахопы ў працы Цэнтру, не таму, што яе гэта хвалявала, а таму, што кожны мусіў, паводле пляну нарады, што-небудзь сказаць... Што-небудзь... Яе пахвалілі, абяцалі падтрымку, а адначасова з гэтым пачалі выжываць, мэтанакіравана, з усьмешкамі, з кіўкамі, з таго часу пры кожнай нагодзе даючы ёй слова і пасьміхаючыся ў журналы... Між тым, яе заробак заставаўся жабрацкім і яшчэ больш прыніжальным ад таго, што выплочвалі яго са сладастраснай рэгулярнасьцю. А патрэбам Веранікі станавілася цесна ў такіх сьціплых строях... Пасьля таго, як яны з бацькамі сталі жыць утрох, Вераніка займела свой уласны пакой, але радавалася толькі ў першы дзень – насамрэч пакой не ратаваў яе ад бацькоўскай ненавязьлівай прысутнасьці, а пабыць адной так часта хацелася, асабліва пасьля працы. І набываць сабе новыя рэчы, кофтачку там, або футболку, ня кажучы ўжо пра касмэтыку, Вераніка марыла ня раз на паўгода, а хаця б раз на месяц. Гэта нармальна, а тое, як я жыву – ненармальна, абсалютна ненармальна, пераконвала яна сябе й зьдзіўлялася, адкуль у яе такія думкі. Нічога не прыносіла ёй задавальненьня, дый Магда неяк забылася, не да Магды было, і хаця старыя касэты Вераніка пакуль не выкідала (шкада было да сьлёзаў), аднак і кампакт-дыскі не купляла... Ніхто больш, па шчырасьці, ужо й ня слухаў Магды, і Вераніка з амаль сяброўскім спачуваньнем глядзела на афішы, якія абвяшчалі пра канцэрт у сталіцы пастарэлай зоркі, на гэты канцэрт, як распавялі па радыё, не прадалі належнай колькасьці квіткоў, і Магда так і вярнулася да сябе ў Архангельск, дажываць свой век з гарбатным сэрвізам і катом-бас-гітарыстам.