Выбрать главу

Спачатку Русая нібыта прайшла міма, але потым прытармазіла.

– Ты чаго скуголіш?

Вераніка зусім не зьбіралася адкрываць Русай свае няшчасьці, але нечакана ледзь не разраўлася ў яе на плячы.

– Вырашым, – пашкадавала яе Русая. – Я сродак ведаю. Агеньчыкам. Сама была ў такой сытуёвіне. Твае продкі дамоў вечарам прыходзяць?

Нізкі, бадзёры голас Русай падзейнічаў на Вераніку як моцнае супакаяльнае. Яна сказала, дзе жыве, і як толькі вярнулася са школы, у дзьверы пазванілі.

– Пакурым спачатку, – Русая кінула сумку на бацькоўскую канапу ды хутка прайшла на кухню. – Дзе ў цябе балькон?

На бальконе Вераніка атрымала цыгарэту. “Ты ня курыш?” – Русая была сапраўды ў шоку. “Глядзі”. Неўзабаве Вераніка ўжо пускала няўмела дым, дыму было так шмат, што Вераніцы здавалася, ён стаіць слупом у кватэры, хаця дзьверы яна зачыніла на засаўку. Русая маўчала, засяроджана скідваючы попел.

– Глядзі, – яна нарэшце падняла вочы на Вераніку. – Бярэм і кончыкам цыгарэты... асьцярожна...

Вераніка адхіснулася.

– Ды ня сцы ты, – Русая засьмяялася. – Я ж не ў губу табе буду... не губу буду прыпальваць, я акурат сюды...

Вераніка заматляла галавой.

– Потым пратрэш, і да вечара ўжо нічога ня будзе, – пачала пераконваць яе Русая. – Пабачыш.

– Не магу я, – зьбянтэжана сказала Вераніка. – Ну не магу. А раптам ты прамахнешся? На ўсё жыцьцё шнар застанецца.

– На ўсё жыцьцё... – Русая нецярпліва памахала цыгарэтай. – На ўсё жыцьцё застанецца, калі ты тузацца будзеш. А пастаіш хвіліну спакойна, усё будзе ок.

Вераніка ў роспачы зірнула ўніз.

– Ды што я цябе ўгаворваю, – Русая паціснула плячыма. – Хадзі як ёсьць. Я ж як лепш хацела.

Вераніка глыбока ўдыхнула і ўжо зьбіралася заплюшчыць вочы, паднесьці твар да Русай, замерці і аддацца на волю лёсу, як бакавым зрокам пабачыла, як у калідоры стаіць сьпінай да балькона нехта зусім ёй не знаёмы ды дзелавіта корпаецца ў тумбачцы. Яна рванула дзьверы на сябе і, ледзь праціскаваючыся ў пройму, закрычала няўпэўнена: “Гэй!”. Раптоўны страх не даваў ёй падыйсьці бліжэй, Вераніка была гатовая ў любы момант выбегчы на балькон ды зноў зачыніцца на засаўку, а там ужо трэба было... трэба было... ну, крычаць, крычаць не сваім голасам, клікаць на дапамогу.

– Гэй, вы, – ціха ўскрыкнула яна яшчэ раз і наляцела сьпінай на буйную постаць Русай.

– Добра, я пайду, – сказала Русая таропка, адцясьняючы Вераніку да балькона. – Ня хочаш, як хочаш. Само загоіцца.

Тады да Веранікі стала нешта даходзіць. Яна зазірнула з жахам Русай у твар, схапіла яе за рукі. “Ды ладна табе”, – раздражнёна й сумна сказала Русая, вызваляючыся ды крочачы ў перадпакой. За нейкае імгненьне Вераніка разгледзела двух хлопцаў, на выгляд яны нядаўна скончылі школу, абодва ў бруднавата-белых куртках, адзін зь іх паправіў на плячы спартовую торбу, паглядзеў на Вераніку зь нейкім зьдзіўленьнем ды пабег за другім да выхаду.

– Дык ты... Ты... – прашаптала Вераніка са злосьцю й павагай. – Ты зь імі...

– Я? – Русая абурана пакруціла галавой. – Я пайду ўжо. Думала, табе сапраўды дапамога трэба.

Вераніка схапіла яе за плячо, і Русая скінула яе руку адным нэрвовым рухам:

– Адкуль я ведаю, хто тут у цябе швэндаецца! Пакуль.

І Русая пайшла, а Вераніка глядзела на яе з акна. Потым высьветлілася, што з кватэры зьнікла ня надта шмат, усё больш нейкія гаспадарчыя дробязі. Іх выратавала іхная беднасьць. Самай вялікай стратай быў бацькаў гадзіньнік. Злодзеяў Вераніка апісала, як запомніла, а пра Русую міліцыянтам не сказала нічога. Магла сказаць, але ж з Русай так ці інакш давялося б яшчэ жыць і жыць. Хто ведае, як бы яна паставілася потым да Веранікі. А самае галоўнае: Вераніка й не хацела нічога казаць. Бо зь незразумелай цеплынёй, такой, што сьлёзы накочваліся на вочы, успамінала балькон, і твар Русай, так блізка, як ніколі не набліжаліся да Веранікі чужыя твары, і яе сьветлыя валасы на лбе, і грудзі, што ўздымаліся пад чорным швэдрам трохі шпарчэй, чым бывае ў школьніц, і крапкі вакол носу, і цыгарэту ў доўгіх, дарослых пальцах.