Час не спрыяў жыцьцялюбам. Гішпанцы забаўляліся з чужой крывёй, і калі ў адным канцы краіны палала вёска, то ў той самы момант недзе ставілі новую шыбеніцу. Царква якраз забараніла ўскрыцьцё трупаў у дасьледніцкіх мэтах, а трупаў навокал было так багата, трупы цягнулі за сабой новыя, сьмерць была звыклай зьявай, а анатомія патрабавала матэрыялу – па праве навукі. Час майстра Дзумба яшчэ не надыйшоў, хаця воск ужо рабіў сваю справу. Кажуць, ён напісаў сароку, намякаючы на тое, што кожная пляткарка заслугоўвае шыбеніцы, другія кажуць: так, але ж тут ёсьць і больш глыбокі падтэкст, краіна задыхалася пад гішпанскім прыгнётам, сьмерць была паўсюль, яе ўжо перасталі баяцца, баяліся толькі таго, што ёй папярэднічае... Факты, чуткі, грамадзянскі падыход... Кожнае з парасятаў будуе свой дом. Але ж не, кажу я вам, не. Ён пісаў гэта, сароку, і шыбеніцу, і скалы, і горад унізе, і зьмеі камялёў, маючы на ўвазе перадусім толькі адно, якім бы страшным яно ні было.
Прыгажосьць.
***
У гэтым паўднёвым горадзе мяне пасялілі на адной амаль празрыстай віле, гаспадар быў якраз у ад’езьдзе. Увечары яе празрыстасьць ня кідалася ў вочы – тым ня менш, я доўга ня мог заснуць, праляжаў, скінуўшы падушку ды коўдру на падлогу, амаль да раніцы, мне было душна, хаця знадворку прайшоў хуткі і асьвяжальны, як мятныя пасьцілкі, дождж. На самым сьвітаньні мне, ашалеламу ад чарговага новага жытла, прымроілася Вераніка, якая журботна блукала па двары, уздоўж басэйну. Вуліца побач пачала пакрысе ажываць, машыны шумна скочваліся ўніз па бруку, віла стаяла на ўзгорку, густое высокае кустоўе засланяла даліну... Неўпрыкмет я заснуў і пабачыў свой дзіўны сон, які пачаў сьніцца мне яшчэ на поўначы: рэдкі лес, карабельныя сосны, густы туман, і бурбалкі парашутыстаў, якія зьнікаюць, набліжаючыся да зямлі, усё шэра-белае, вогкае, як асеньняе папялішча.
На раніцу я нікуды ня мог падзецца ад празрыстасьці гэтых сьценаў. Прасторы для сонца тут хапала зь лішкам, “Schönes Wetter”, – крыкнуў нехта суседу за высокай жывой агароджай. Я знайшоў на кухні кававарку ды згатаваў сабе свой чорны духмяны сьняданак. Знайшоў стол, зь якога сонца выразала па цэнтры сьляпучы трохкутнік. Закурыў, пакуль яшчэ ня ведаючы, куды дзяваць попел.
Гэта быў квадратны чорны стол, і вакол яго стаялі чатыры плеценыя крэслы. Не, сымэтрыі тут не было аніякай – крэслы стаялі ў розных позах. Можна было сесьці на вунь тое, супрацьлеглае, і тады сонца ляжала б перад табой, як талерка, і кожнага, хто ўвайшоў бы сюды, ты пабачыў бы першым. Другое крэсла дазваляла апынуцца да візытантаў у профіль і глядзець на гадзіньнік, што вісеў на сьцяне. Гэтае месца таксама было ў цені. Трэцяе месца таксама паказвала цябе ў профіль таму, хто завітаў бы ў пакой, і адтуль можна было б разглядваць карціну: але не, гэта была старая, забаўная тэатральная афіша, з мужчынамі ў капелюшах і плашчах, цыгара ў роце, прыгажуня-бляндынка на заднім пляне, а ўпоперак надпіс, назва мюзіклу: “She is your death”.
Ні пра што не задумваючыся, зусім міжволі, я не абраў ніводнае з гэтых месцаў. Я сядзеў там, дзе сядзеў: сьпінай да сонца й да таго, хто мог з хвіліны на хвіліну прыйсьці, мая патыліца марудна награвалася, каб бачыць афішу або гадзіньнік, мне трэба было выгінаць галаву, а гледзячы проста перад сабой, я ўпіраўся позіркам у твар таго, хто сядзеў на першым крэсьле. Такая была дыспазыцыя. Заставалася піць маленькімі глыткамі каву й чакаць таго, хто мусіў сюды прыйсьці.
Прыкладна праз паўгадзіны прыйшоў Франк. Я павітаўся зь ім, не паварочваючы галавы, і запрасіў яго сесьці, мне было вельмі цікава, куды ён сядзе. Ён трохі зьдзівіўся, але ж, відаць, быў даволі звычны да розных замежнікаў зь іхнай тысячай статутаў, у якіх лепш не разьбірацца, каб не звар’яцець. Франк пахадзіў трохі ў мяне за сьпінай, а я цярпліва чакаў. Мне вельмі хацелася дастаць з заплечніка бутэльку віскі ды выпіць, проста каб спакойна тут агледзецца й пагаварыць зь ім сапраўды грунтоўна. Але ж ён дакладна ўспрыме ўсё няправільна, калі я буду піць віскі а дзясятай раніцы. Франк далікатна пакашляў ды распытаў у мяне пра тое, як мне тут падабаецца. Я адказваў, але так і заставаўся сядзець на месцы, цэдзячы сваю астылую каву бяз цукру: цукар я не знайшоў. Урэшце я ўзяў цыгарэту, і ён успрыняў гэта як сыгнал, што сьнедаць я скончыў. “Ja, ich bin fertig,” – прамовіў я голасам Грэгара Замзы, стараючыся на яго не глядзець. Ён задаволена абыйшоў стол і сеў насупраць мяне. Так, так, я так і думаў, ён сеў акурат насупраць мяне, і сонца расставіла ўсё па сваіх месцах.