Выбрать главу
10.

Яна ўвайшла ў Ягоны кабінэт, як верная старая прыслужніца. Увайшла ды моўчкі паклала паперы на подпіс каля Ягонай загарэлай рукі. І засталася стаяць ля стала, апусьціўшы вочы, нібы чакаючы далейшых загадаў. Ён гэта не адразу заўважыў, потым усё ж зірнуў на яе, трохі зьдзіўлена, не разумеючы, што яна тут робіць.

– Вераніка, – прасьпяваў ён задуменна, ня ведаючы, што сказаць. – Верані-і-ічка... Як справы, Веранічка?

– Дзякуй, – уздыхнула яна, а ўнутры ўсё раптам затрапятала, так, як раней, бо ён зь ёй загаварыў, бо ў кабінэце нікога апрача іх не было. Гэта здаралася ў апошні час так рэдка. І, відаць, менавіта гэтая блізкасьць падказала ёй ні з таго ні зь сяго цікавы наступны ход у яе гульні. – Дзякуй, усё добра.

“Толькі б ня спудзіць”, – пранеслася ў яе ў галаве, і яна ледзь не пакланілася Яму. Ён весела зірнуў на Вераніку зьнізу ўверх і, паклаўшы адну нагу на край стала, запытаўся, ускінуўшы добразычліва бровы:

– А ведаеш, што азначае тваё імя? Ну, адкуль яно пайшло?

Вераніка сарамліва (занадта сарамліва!) пакачала галавой. Ён задаволена пацёр далоні. Яму насамрэч было незразумела, што яна тут дагэтуль робіць, у разгар працоўнага дня.

– Вераніка: тая, якая прыносіць перамогу. Ты прынясеш мне перамогу, Веранічка? Адкажы.

Вераніка ледзь прыкметна ўсьміхнулася. Відаць, апошняе захапленьне аддзелу Яго нейкім чынам абмінула. Ён ня ведаў, хаця й быў намесьнікам загадчыка, што ў стале кожнага супрацоўніка ляжала раздрукоўка з тлумачэньнем ягонага імя: ужо тыдзень як яны апанатана шукалі ў інтэрнэце ўсё, што датычыла іхных імёнаў, невядома чаму, але шукалі, і дзяліліся адно з адным кожнай новай падрабязнасьцю, і званілі ў суседнія кабінэты, калі знаходзілі нешта пра імёны калегаў; яны займаліся гэтым з такім захапленьнем, з такой упартасьцю, нібы імёны ў іх зьбіраліся адабраць. “А ці ведаеш Ты, што менавіта Вераніка выцерла пот Хрысту, калі ён ішоў на Галгофу?” – пяшчотна падумала Вераніка й паглядзела пажадна на Ягоны лоб. Але яна нічога не сказала. Толькі кіўнула.

“Вераніка. Тая, хто прыносіць перамогу. У дзяцінстве баязьлівыя, нерашучыя, часта прастуджаюцца. З гадамі заўважаюцца такія рысы, як раздражнёнасьць, упартасьць. Апрача таго, у некаторых Веранікаў узьнікае алергія на пахі, яны могуць страчваць прытомнасьць ад выгляду крыві.

Характар Веранікі – мацярынскі, хаця вонкава больш падобная да бацькі. Больш любіць бываць сярод мужчын, шлюбаў часта некалькі, нараджаюцца звычайна дзяўчынкі. Вераніка – гаваркая, жывая, жвавая, і гэтую жывасьць захоўвае звычайна да старасьці. Каханьне прыходзіць да яе лёгка, яна карыстаецца посьпехам у мужчын. Аднак пачуцьцё, якое ўспыхвае так хутка, гэтак жа імкліва й зьнікае, і тады ўсе сувязі з аб’ектам жарсьці ўмомант рвуцца. Асаблівасьць характару Веранікаў – упартасьць (гэта вельмі ўласьціва “зімовым” Веранікам), прычым часта яна дзейнічае проста на злосьць каму-небудзь. Улюбёныя колеры: чырвоны, фіялетавы, чорны.

Імені Вераніка пасуюць мужчынскія імёны Уладзімер, Аляксандр, Пётр, Леанід, Станіслаў, Барыс, Ігар – зь іх носьбітамі Вераніка будзе шчасьлівая.

Мікалай, Эдуард, Віктар, Уладзіслаў, Арэст, Сямён, Віталь, Канстанцін ёй мала пасуюць.”

Як яны гэта вызначылі? Так забаўна. Як высьвятляецца, Лёнька, яе дурны Лёнька ёй на самой справе пасаваў, а з Эдзікам яна ўсё зрабіла правільна. А той, які цяпер недзе за мяжой, такі сьмешны, такі дурны: ягонага імя не было ў гэтым сьпісе. Чырвоная, фіялетавая, чорная ўпартасьць. “Гэта ж спрэс пра мяне,” – падумала з жахам Вераніка той раз, калі прачытала на адным сайце гэты кароткі аповед, у якім пры жаданьні можна было зьмясьціць усё яе кароткае жыцьцё. Ёй падабалася, што і Ягонае ймя было ў сьпісе тых, ад каго сярэднестатыстычныя Веранікі звычайна нараджаюць шчасьлівых дзяўчатак.

– Ну, ідзі, – прамовіў Ён нецярпліва пасьля доўгай паўзы. – Ідзі працуй.

“Дзякуй”, – дадаў Ён ні да чаго, разгубленым тонам. І яна пайшла да дзьвярэй. “Шчасьліва!” – не ўтаймоўваўся Ён за яе сьпінай. Вераніка дайшла да дзьвярэй і спынілася.

– Ну, што яшчэ? – Ён з усяе моцы намагаўся надаць свайму голасу добразычлівасьці.

Вераніка ціха назвала яго па імені і абярнулася. Ён чакальна глядзеў у яе вочы.

– Мне трэба вам нешта распавесьці, – сказала Вераніка. – Гэта важна.