– Не цяпер, – замахаў Ён рукамі. – Дай мне палайдачыць трохі. У мяне сёньня няма працы, настолькі няма працы, што я ўжо стаміўся. Трэба адпачыць. Пачытаць што-небудзь захапляльнае вось з гэтай сіняй папачкі з гербам.
– Гэта датычыць працы нашага аддзелу, – сказала Вераніка, пакрываючыся своечасовай чырваньню. – Маіх калегаў. І… Я не хачу, каб нехта ведаў пра тое, што я вам распавяду. Мы маглі б…
Ён, відавочна, зацікавіўся.
– Але чаму мне? Распавядзіце гэта Чэславу Карлавічу, – сказаў Ён афіцыйным голасам, адначасова ўсхвалявана грукаючы пальцамі па стале. Аднак жа Вераніка добра бачыла, наколькі ён узрадаваны.
– Я хацела спачатку вам, я ўсё ж не зусім упэўненая, што... Я мала ведаю, можа быць, гэтыя мае калегі атрымалі адмысловае заданьне... – прамарымытала Вераніка з чароўнай непасрэднасьцю. – І калі вы палічыце маю інфармацыю дастаткова важнай, то, калі ласка, давядзіце яе да Чэслава...
– Да Чэслава Карлавіча, – сказаў Ён, нахмурыўшыся. – Добра. Толькі ж ня трэба гаварыць пра гэта тут. Давайце... Давай, Веранічка, сустрэнемся ўвечары... А хаця б у кавярні “Казей”, ведаеш, дзе гэта? Гадзінцы так а сёмай?
– Добра, – лёгка сказала Вераніка. – Я пайду. Дзякуй вам.
– Табе дзякуй.
Ён адвярнуўся й падыйшоў да акна. А яна выйшла ды паляцела па калідоры да свайго кабінэту. Атрымалася, усё атрымалася: Ён сам прызначыў ёй спатканьне. Пра тое, што яна Яму скажа ўвечары, Вераніка імкнулася ня думаць. Акрэсьленага пляну ў яе не было, яна вырашыла, што паразважае над гэтым, калі будзе пругкай паходкай пераможцы крочыць па праспэкце да “Новага Граду”. Лягчэй за ўсё было б выдумаць нешта пра Ларысу й такім чынам адсунуць яе далей ад месца бітвы. Тады б ніхто Вераніцы ўжо не замінаў. Калі інфармацыя не пацьвердзіцца, можна было сьпісаць усё на сваю празьмерную пільнасьць. Судзяць тут толькі за недастатковую ўвагу, за празьмерную ж ніхто сварыцца ня будзе. Як складуцца абставіны пасьля вечаровага спатканьня, Вераніку не хвалявала. Істотна было толькі тое, што а сёмай у яе спатканьне. Першае спатканьне зь Ім. І ён сам яго прызначыў, прызначыў не каму-небудзь, а ёй, ёй, ёй, Вераніцы. Яна захацела паказаць камусьці нос, і ўрэшце паказала яго люстэрку. І потым трыюмфальна, мацерна вылаялася.
Яна ўсё прадумала. Пасьля абеду ёй трэба было ехаць у архітэктурны каледж па моладзевых справах, і калі яна там управіцца за гадзіну, то потым будзе вольная. Дарога ў Сьвет зойме яшчэ гадзіну, хаця можна ўзяць таксі й зэканоміць час. Дома ванна, пеарапрануцца, прывесьці сябе ня проста ў парадак, а ў баявы парадак, і пасьля гэтага, не сьпяшаючыся, прадчуваючы асалоду, наталяючыся перамогай... Віно, сьвечкі, рамантычная вячэра... Ён ня здолее адкруціцца.
Назаўтра Вераніцы не хацелася ўсё гэта ўспамінаць. Галава балела так, што Ларыса прапаноўвала выклікаць ёй хуткую. “Ты белая ўся, як сьмерць”, – крычала ёй у твар радасная Ларыса, – “Белая, як сьмерць!”. Не, Вераніцы не хацелася ўспамінаць учорашні вечар, хацелася сьцерці яго з памяці: вясельнае зьзяньне кавярні, яе новую бялізну пад шыкоўнай сукенкай, смак перамогі на вуснах, яе чаканьне, зь якога пакрысе пачала злазіць пазалота, бутэльку шампанскага, якую яна выпіла ў адзіноце, і потым нейкіх страшных, барадатых каўказцаў, якіх яна яшчэ змагла адшыць, і інтэлігентнага пэнсіянэра, зь якім яна піла гарэлку на брудэршафт, і потым ваніты ў прыбіральні, і запэцканае крысо, і пацалункі зь нейкімі панкамі-падлеткамі ў начным сквэры, і некалькі цыгарэтаў, і сьлёзы, і тэлефанаваньне Яму на мабільны, яна хрыпата крычала ў слухаўку, а што крычала, ня памятала, – і жаданьне распавесьці сваю жаласьлівую гісторыю цярпліваму, вельмі ветліваму міліцыянту, які нікуды Вераніку ня вёў, а сядзеў побач і пабліскваў акулярамі... Нарэшце нехта заплаціў ёй за таксі й скончыў гэты кашмар.
Па абедзе яна ўбачыла Яго. Ён ласкава ўсьміхнуўся ды запытаўся, як яе галава. “Прабач,” – сказаў Ён, спахапіўшыся. – “Ня змог учора. Шмат працы было. Вельмі шмат. Пачынаецца новая эпоха.”
***
На яе грудзёх яшчэ не расталі прахалодныя, упэўненыя дотыкі доктара, а Вераніка ўжо сядзела перад ім за сталом, нецярпліва сочачы, як той марудна запісвае нешта ў яе картку. Трэба было сьпяшацца, па абедзе ў іхным аддзеле стала падазрона шмат працы, асабліва апошні месяц: Чэслаў загадаў падымаць усе старыя справы, пашыраць базу дадзеных, даводзілася адкопваць нават дасье тых, хто па пятнаццаць гадоў сядзеў у лягерах. Натуральна, Вераніка магла сказаць праўду – яна была на прыёме ў доктара, але ж той не знайшоў адхіленьняў, – не знайшоў, і яна ўжо чула, як Чэслаў дабрадушна яе папікае: ну, калі ўсе пачнуць у працоўны час займацца прафіляктычнымі аглядамі саміх сябе, ня будзе каму працаваць, унучка. “Унучка” – і зноў правядзе далоняй па валасох, прафэсійным рухам, які нібы супакойвае і адначасова прыгінае тваю галаву да сваіх пульхных каленяў пад мешкаватымі нагавіцамі старога чыноўніка.