– Вы не маглі б хутчэй? – запыталася яна нарэшце, і доктар падняў галаву, зьдзіўлена на яе паглядзеў. Вераніка ведала, што сварыцца зь ёй ён ня будзе, усё ж яна была не зусім звычайная пацыентка, ён пра гэта ведаў. Бо сёньня ён мацаў грудзі ўлады, правяраў, ці няма ў іх непатрэбных зацьвярдзеласьцяў, ці ня бразгаюць там цяжкія гуляльныя шарыкі пагрозы, ці не расьце там, унутры, за тонкай белай скурай, дзе-нідзе амаль празрыстай, небясьпечная пухліна, мацаў, раз-пораз дакранаючыся выпадкова да нэрвовага смочка. Пройдзе яшчэ некалькі гадоў, сьнежны ком стажу трохі акругліцца, і Вераніка зможа хадзіць у спэцыяльную паліклініку для супрацоўнікаў адміністрацыі – але ж хто ведае, што лепей: там яна будзе адна з многіх, і стаўленьне да яе будзе роўным, уважлівым, заўжды аднолькавым, а тут, у яе раённай паліклініцы, што тырчыць пасярод пяціпавярховікаў за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад дому, Вераніка адзіная ў сваім родзе, і ніхто ня мае права абыйсьціся зь ёй так, як калісьці абыходзіліся зь яе маці.
Як яна й думала, доктар не сказаў нічога. І рука ягоная стала больш жвавай, адзначыла Вераніка з задавальненьнем. Яна зірнула на яго зь цікавасьцю. Яму было гадоў сорак пяць. Амаль як яе бацьку. І аднак жа ён ня мог запярэчыць Вераніцы. Ён быў вымушаны падпарадкавацца. Доктар: такая нікчэмная, дробная асоба, баязьлівец, і такія цудоўныя рукі: ведаюць сваю справу, ведаюць, як і дзе дакранацца, ведаюць, нібы інструмэнт, бяруць цябе асьцярожна і ўпэўнена, у такіх руках ніколі ня будзе страшна, у такіх руках хочацца замерці, такім рукам хочацца належаць. Чаму людзі ня могуць быць цэльнымі, ня могуць быць маналітамі, зь якімі калі прыемна, то ва ўсім: гэтыя б рукі ды каму іншаму. Як соладка дагэтуль унутры ад ягоных дотыкаў, рашучых, чорныя валасы на пальцах, цьвёрдыя, загрубелыя падушачкі, якія ўсё разумеюць, далікатная моц.
– Але ж не забудзьце прыйсьці месяцы праз тры, – сказаў ён, апасьліва ўсьміхнуўшыся. – Я павінен вас яшчэ раз паглядзець. І бывайце здаровыя.
Вераніка ўжо зьбіралася падняцца, але выдыхнула ды раптам расьсьмяялася:
– А я ж вас ведаю.
Доктар, насуперак чаканьню Веранікі, не зьдзівіўся. Вусны яго скрывіліся, і ён суха сказаў:
– Вось як.
– Вы ў нас праходзіце па базе, – прамовіла Вераніка з жахам. – Успомніла. Удзел у фашыстоўскай дэманстрацыі, выкрыкваньне антыдзяржаўных лёзунгаў, мацерная лаянка. Не адварочвайцеся, дайце мне глянуць на прозьвішча. Так, супадае, усё супадае.
Доктар нарэшце зірнуў ёй у вочы.
– Так, у нас невялікі горад, дарма што сталіца. Я сваё пакараньне адбыў, – сказаў ён ціха. – Вы маеце да мяне нейкія прэтэнзіі?
Вераніка зарагатала, ды ня проста так – ажно да сьлёзаў. Доктар глядзеў на яе зьбянтэжана, вусны ягоныя сьцяліся ў тонкую палоску, твар зьбялеў, і Вераніцы было ад гэтага яшчэ сьмяшней.
– Ну не сярдуйце, – сказала Вераніка. – Цікава, а чаму вы... Чаму вы не ў лягеры?
– Паслухайце, паразмаўляйце пра гэта з тымі самымі судзьдзямі, – голас доктара задрыжэў. – Ці вы сумняецеся ў іх справядлівасьці?
– Не, не, – Вераніка нарэшце супакоілася. – Проста ў галаве не ўкладваецца. Дзесяць хвілінаў назад мяне... фашыст... Ніколі б не падумала. Доктар – і фашыст. Не, я ведаю, такое бывала, у вайну... ворагі... Але вы, тут... І я... Не магу паверыць. Тымі самымі рукамі... Я, напэўна, лухту вярзу.
– Вы можаце вымыцца там, за шырмай, – прамовіў доктар зь нянавісьцю.
Вераніка паднялася, узяла сумачку.
– Але так не бывае, – сказала яна пераканана. – Вашая прафэсія не сумяшчальная з фашызмам. Або вы прыкідваецеся, або... Або вас трэба праверыць.
Яна выйшла і ажно да самай адміністрацыі думала пра тое, што яе мацалі сёньня рукі фашыста. Усё стала дагары нагамі: фашыстам мог аказацца і Эдзік, і той самы Цьвях. Ды хто заўгодна. Цьвях – падумала яна і заскрыгатала зубамі. І нават калі Вераніка ўжо адчыніла дзьверы свайго кабінэту, яна адчувала сьляды доктаравых рук на сваіх грудзёх, і ёй усё здавалася, што грудзі ёй пякло, што ў выразе яе блузкі варушацца сьляды такіх умелых, такіх невытлумачальна прыемных рук, рук сапраўднага фашыста. Вось якімі яны бываюць бяз джала – бясьпечнымі, бо інакш хто б выпусьціў іх на волю, сьлізкімі, патухлымі, з голасам, які бязвольна павіс на падгнілай уласнай годнасьці. Гэтае здарэньне расьпірала Вераніку знутры, яна ніяк не магла знайсьці згубленыя канцы, і тут яе цела зьлітвалася над ёй: унутры нешта шчоўкнула, практыкантка прыйшла да яе па дапамогу, завітаў пасьля доўгага перапынку Гілюк, з новай, яшчэ больш вар’яцкай ідэяй, і болей Вераніка пра доктара ня думала. Мая мілая маладосьць, як гэта тады было проста: перастаць думаць пра нешта. Як перасесьці з трамвая ў трамвай.