І яна клапатліва, усё яшчэ зь дзіцём на руках, выцірала за ёй, і адразу ж кінулася замываць кофту, і ліла ёй на галаву халодную ваду, – бо гэты кран на кухні працаваў нармальна, бо муж быў ужо выхаваны, бо паліто было прывезенае сястры менавіта цяпер, бо ў грудзёх яе было малако – і Вераніка, якой адразу ж стала лягчэй, глядзела на ўсё гэта, і ёй усё здавалася, што цяпер раніца, і на падваконьні ляжыць сьнег.
***
Калі б гэта была не гульня – які б тут мусіў стаяць смурод! Вялікае цела ірліса скаланулася й цяжка грымнулася на палогу, узьняўшы пыл. Ёй падалося, яна пабачыла, як аддзяліўся ад трупа белы воблачак ды сплыў да жалезнага мастка над цьмяна асьветленым калідорам. Вераніка зьдзьмула з вуснаў прысталую салому й паспрабавала вылезьці з-пад Лекса, такога халоднага, бы сталёвага, які ляжаў адным бяздушным, застылым камяком. У яе мокры жывот упіліся дробныя трэсачкі, цэлая зграя вострых трэсачак, падлога была засыпаная імі, бы ў цясьлярні. Сьмерць Ірліса адбылася, як заўсёды, адначасова зь Лексавай палёгкай. Яна нарэшце вызвалілася й, хістаючыся, паднялася. Шчасьце. Апагей свабоды.
Па тым, якімі пустымі вачыма зірнуў на яе Лекс, Вераніка зразумела, што працягу сёньня ўжо ня будзе. Цяпер яны падымуцца й пойдуць у іхны пакой у вежы, і там будзе часовы адпачынак, і Лекс будзе набірацца сілаў для чарговага паляваньня. І праўда, ён неўзабаве падняўся ды ўзяў яе за руку. Ледзь перастаўляючы ногі, яны пакрочылі наверх, іх праводзіла вусьціш. Ужо ідучы па прыступках, Вераніка абярнулася: па клетках прабег ледзь улоўны рух, яны кланяліся ёй, яны кланяліся.
І праўда, яны падняліся наверх і ўпалі ў ложак. Вераніка, як яна часта рабіла апошнімі днямі, уладкавалася на каменных грудзёх Лекса, так, нібы ёй хацелася ад яго нейкае пяшчоты – аднак гэта было няпраўдай, ёй падабалася, што ён ня робіць у адказ нічога, не абдымае яе, ні песьціць, ні вымаўляе ласкавых словаў, маўчыць, яе асабісты забойца, яе судзьдзя, яе гаспадар, яе вартаўнік, яе кліент, яе карыстальнік. І ўсё ж яна ня вытрымала:
– Я таксама хацела б памерці на тваіх вачах. І, калі можна, ад тваёй рукі. Калі я стану табе непатрэбная.
Са зьдзіўленьнем яна адчула, што па ягоным целе прайшла слабая дрыготка. Раней ён ставіўся да яе лёгкай, кароткай балбатні зусім абыякава. Яна была патрэбная яму дзеля іншага. Але ж раней яна й не казала яму нічога падобнага. “Ён пачуў мяне”, – падумала Вераніка са страхам. “Ён жывы”. І яна вырашыла скарыстацца гэтым, каб разварушыць Лекса далей. Ёй стала нясьцерпна цікава, пра што можна зь ім гаварыць.
– Хто ты там? Школьнік-троечнік-ананіст, або мэнэджэр, або... Або міліцыянт? Або звольнены хірург? Скажы мне, і тады я, магчыма, таксама табе ў чымсьці прызнаюся?
Лекс скінуў яе зь сябе, як котку, сеў на ложку, дастаў ключы. Ён, відаць, вырашыў прыкаваць яе, але вагаўся. Яна парушала іхную дамоўленасьць, няпісаныя правілы, і яму гэта не падабалася. А Вераніка заўважыла, што ён вагаецца, і кінулася ў наступ. Яны маглі б усё палепшыць, яны маглі б зрабіць з Дому Лекса сапраўднае, хаця й д’ябальскае, але ж сапраўднае гняздо. Толькі б прабіць яго цяпер.
– Напэўна, усё ж школьнік, – прамовіла яна хрыпла. – Сядзіш у інтэрнэце, пакуль бацькі дрыхнуць за сьцяной.
Ён гняўліва зазьвінеў ключамі, і тут нешта пераключылася, яна ня бачыла ягонага твару ў цемры.
– Хіба ты не разумееш, што ўсе гэтыя паўзучыя гады толькі таго й жадаюць, каб памерці? – сказаў Лекс тонкім, зусім не сваім голасам. – Што гэта сэнс іхнага існаваньня? Яны вінаватыя ад пачатку. Ты... Ты лепш маўчы, ты тут ніхто, ты проста “яно”, хаця нашым заўтрашнім трупам я й загадаў думаць інакш.
– У мяне нармальная праца, – сказаў Лекс, падыходзячы да яе й перабіраючы ў руках ключы ад яе ланцугоў. – І там, і тут я раблю сьвет чысьцейшым. І я не жадаю ведаць пра цябе нічога, ні хто ты там, ні як цябе завуць, ні колькі табе, ні...
– Там мяне завуць Вераніка, – сказала Ўлада, падстаўляючы яму рукі.
– Вераніка вырашае памерці, – сказаў Лекс, – Веранічка вырашае памерці. Я не жадаю больш гэтага чуць! Зь мяне хапіла ў жыцьці ўсялякіх Веранікаў. Ты ў доме Лекса, а калі перадумала гуляць, дык адрубай кампутар і ідзі спаць! Гэта не па правілах. Я магу зараз жа сьцерці цябе, зьнішчыць, так, быццам цябе тут ніколі не існавала. І тады пачынай усё наноў. Зірні на мой узровень, ты, “яно”...