Выбрать главу

Вераніка назвала Ягонае ймя, і ў той жа час роспачна, нячутна, скрозь зубы вылаялася, і сьлёзы пырснулі на яе твар, асьветлены экранам. Лекс увесь сьцяўся, і зь перакошаным ад жаху тварам сеў на канапу.

– Прывітаньне, – сказала Вераніка й зноў прамовіла Ягонае імя, а потым яшчэ назвала Ягоную пасаду: кожнае з гэтых словаў адкідвала Лекса ўсё далей і далей ад яе, і ўрэшце загнала ў кут. “Навошта ты ўлезла сюды!” – залямантаваў Лекс ужо зусім па-хлапечаму й закрыў твар рукамі. “Але нічога страшнага”, – прашаптала яна й хацела пагладзіць яго па галаве. “Закаханыя заўсёды сустракаюцца, неістотна дзе. У нас быў сапраўдны мядовы месяц...”. Удар Лекса, – відавочна, добра разьлічаны, бо ён мог, калі б захацеў, забіць Уладу ўвадначасьсе, – адкінуў яе да акна. Ён выдастаў аднекуль доўгі нож, ён прыглушана выў, ён, Ён, ён, – ён, відаць, зьбіраўся забіваць яе паступова, з асалодай, як тых монстраў унізе, у сутарэньнях. Аднак халоднай забойчай сталі ў Лексе стала менш – вось жа, Вераніка бачыла, як ён ня можа наважыцца на яе зьнішчэньне, бачачы яе цела: хто цяпер складзе яму кампанію ў ягоным нявінным хобі? І Ўлада скарысталася гэтым – стрымгалоў кінулася да дзьвярэй, выскачыла, ледзь увярнуўшыся ад нажа, які штоімгненьне рос, распалены, які дыміўся, які ляцеў за ёй, бы лапа бязьлітаснага Ірліса, тым часам як сам Лекс мог спакойна заставацца ў іхнай страшнай спачывальні. Нож заступіў ёй дарогу ўніз, і Вераніка пабегла наверх. Пакой, дзе яны калісьці ўпершыню гутарылі зь Лексам, да таго, як пачаўся іхны мядовы месяц, быў адчынены. Яна кінулася туды: яе чаравікі, тыя самыя, якія падарылі ёй калісьці гномы, стаялі там жа, дзе яна іх пакінула. Зусім несьвядома, хаця ёй і падавалася, што яна бачыць перад сабой мудры твар Ольды, яна сунула ногі ў чаравікі. Нож спыніўся на парозе, ён быццам прынюхваўся, ён яе на нейкі час страціў. Вераніка стала прабірацца да выхаду. Страшная зброя кінулася па кутох, шнырала то там, то тут, але не магла яе знайсьці. Разьюшаны, нож стаў паласаваць паветра, і тады Вераніка схілілася да самай падлогі й папросту выкацілася з пакою. Скацілася па лесьвіцы, упала акурат на Лекса. Той трымаўся, як п’яны, ён і праўда нібы асьлеп: толькі калі Вераніка бегла па жалезным мастку, ён апрытомнеў.

Яна бегла па праржавелай сетцы, а за ёй гнаўся ўжо ня нож, а вогненны віхор, ён імчаў, пакідаючы на сьценах і столі чорныя палосы. Гнаўся безвач, спадзеючыся, відаць, дастаць Вераніку выпадковым дотыкам. Пад яе нагамі, у клетках, усчаўся сапраўдны вэрхал: там енчылі, стагналі, пляскалі й ляскалі, бы ў заапарку перад тарнада. Яна зачыніла за сабой дзьверы і толькі тады трохі аддыхалася. І калі ад націску віхру пачалі чырванець дзьверы, яна заплюшчыла вочы й хутка, пазногцямі чапляючыся за ружовую пустэчу, уціснула сваё бруднае, такое штучнае, пабляклае цела паміж спакойных, безуважных, даўно раскрытых Вуснаў.

Выдуманая Вераніка ўратавалася ад выдуманае сьмерці.

***

Напэўна, яна б так і прабавіла час да канца працоўнага дня за кампутарам, калі б не тэлефон. Не адрываючы вачэй ад экрана, Вераніка ўзяла слухаўку, прыціснула яе плячом да вуха, а пальцы яе не маглі спыніцца. “Зайдзі да мяне, унучка,” – стомлена сказаў голас Чэслава, і гудкі пасьля гэтага былі такія самыя: тужлівыя, як стогны бяссоньня. Вераніка неахвотна патрэсла ключамі, сунула ногі ў туфлі. Кабінэт ляцеў па-над плошчай, нібы капітанскі масток.

– А, Веранічка! – сказаў Чэслаў перабольшана зьдзіўлена, быццам нікуды яе зайсьці й ня клікаў. – Праходзь, дарагая, сядай, унучка.

Яна села. Паабапал Чэслава Карлавіча за ягоным шырачэзным, пуставатым сталом са сьцяжком пасярэдзіне сядзелі, усьміхаючыся, Ларыса і Ён. Зразумела, што Ён тут рабіў, але пры чым тут Ларыса. І нешта нядобрае зьявілася ў паветры вакол Веранікі, такое шчымліва-вусьцішнае, – яно ажно чхнула.

– Будзь здаровая, расьці вялікая, – усьміхнуўся Чэслаў Карлавіч і потым назваў яе па бацьку: Вераніка ўжо й ня памятала, калі такое здаралася й ці здаралася калі-небудзь наогул. Ён сядзеў побач, стараючыся не глядзець на Вераніку, рукі на стале, то адна на другой, то наадварот. Ларыса ж усё аблізвалася, у вачох яе ільсьніўся не зусім зразумелы апэтыт.

Чэслаў сядзеў акурат наўпрост, і хаця Вераніка мела трохі ўласнай прасторы, усё ж здолеў дацягнуцца да яе рукой з растапыранымі пальцамі ды пагладзіць па валасох: праўда, Вераніка ўсё ж сядзела далекавата, і таму двум пальцам Чэслава толькі й засталося, што сьлізгануць задуменна па яе вуху...