Выбрать главу

Вераніка ўскрыкнула й, прытрымліваючы крысо пінжака, узьнялася над сталом. У кутах кабінэту, там, куды прыбіральшчыцы бязь лесьвіцы не дацягваліся, калыхаліся знаёмыя постаці. Вераніка зірнула ўніз і закрычала яшчэ пранізьлівей. Адтуль на яе глядзелі згаладнелыя турысты, цярпліва чакаючы, пакуль яе тушка плясьнецца на стол, на іх ужо крапаў тлушч, яны ўжо адчувалі пах. То ў адзін, то ў другі кут кідалася бездапаможная Вераніка, і цягнулася туды, падмануўшыся так добра вымаляваным тварам, але марна: яны адторгвалі рукі, і гідліва выціралі, і ўхіляліся, і вуліца станавілася ўсё вузейшая.

– Ці ёсьць у вас, Вераніка Бацькаўна, Пытаньні? – сказаў Чэслаў Карлавіч у трэці раз, і Вераніка зноўку сядзела перад гэтай тройцай, і абмацвала сваё цела ў пошуках пытаньняў.

– Не, – выдыхнула яна з палёгкай. – Не...

Яна выйшла й забылася зачыніць за сабой дзьверы, і тады Ён, паслухаўшы трошкі, як аддаляюцца яе крокі, з маладым крэканьнем падняўся й зачыніў.

– Не выцягвае, – крыху смурна прамовіў Чэслаў Карлавіч, узмахнуў нажніцамі ды летуценна ўзяў на іх пару акордаў. – Не выцягвае Веранічка. Не хапае навыкаў. Ды й лянуецца апошнім часам. Неяк мне здавалася, яна будзе больш ініцыятыўнай. Возьмем на яе месца нашую практыкантачку. Волечку. Яна хаця й маладзейшая, але... Але вось зь яе толк будзе. Нутром адчуваю. Займіцеся, Ларыса.

***

У той краіне, адкуль я прыехаў, мужчыны такога веку йдуць у вахторы або гардэробшчыкі. Добры дадатак да пэнсіі – кажуць там, яшчэ і ўнукам на марозіва застанецца. Тут да старасьці ставяцца весялей. Надзеўшы капітанскія фуражкі, яны становяцца зазываламі ў начных клюбах. Можна падумаць, яны гаспадары: кожны прагульваецца ўздоўж вітрынаў, дзе выстаўленае сьвежае, араматызаванае жаночае мяса, і весела прапануе табе завітаць на агеньчык. Ён жа ведае, гэты пажылы дзядзька, над чым ты ня маеш улады, якім бы свабодным ты сябе ні лічыў: над сваім целам. Чарга да цябе дойдзе яшчэ ня хутка, а ён ужо расплаціўся, і, трохі расчаравана выціраючы пот, разгружае свой кош. Усё ж гэта была неблагая крама, думае ён зь лёгкай тугою. Вялікі выбар якасных тавараў. Шкада, што я так хутка выйшаў зь мяснога аддзелу. Паквапіўся на тыя ружовыя каўбаскі. Але ж не вяртацца мне цяпер назад. Увечары перад выходнымі тут такія чэргі.

Калі ты пакінуў чаргу, то ўжо нікому не дакажаш, што ў ёй толькі што стаяў. Таму бяры тое, што пасьпеў запхаць у вазок, і шыбуй дахаты. Скарыстайся хаця б тым, на што ў цябе хапіла грошай.

“Заходзь, хлопец!” – кажа ён мне й робіць такі жэст, нібы хоча схапіць цябе за рукаў. Скажы яму “дзякуй” і ідзі далей, ён не пакрыўдзіцца. Бо за табой ідуць тысячы такіх, як ты, з такой самай анатоміяй. І ім ёсьць з чаго выбіраць. І я ня буду сьпяшацца.

На маёй галаве навушнікі, і песьні радзімы б’юцца ў маёй чарапной каробцы. Гэтым гнеўным песьням ня трэба шмат прасторы, нечая асобна ўзятая чарапная каробка для іх самы ўтульны клюб. Я гляджу ў твары сустрэчных, і мяне чамусьці вельмі раздражняе, што яны ня ведаюць, якія хвалі пеняцца ў маёй галаве. Напэўна, яны думаюць, што я слухаю нешта іхнае, карыстаюся іхнымі радасьцямі. Дурні, няўжо яны думаюць, што мне трэба так мала. Аднак жа трэба сьпяшацца. Заўтра я еду дамоў, і трэба пасьпець узяць ад гэтага гораду ўсё, што трэба. І таму я паскараю хаду, і зазывалы больш не зьвяртаюць на мяне ўвагу. Я амаль бягу па гэтай грэшнай вуліцы, быццам шукаю нешта канкрэтнае, быццам ведаю пункт прызначэньня. І ніхто не здагадваецца, што я ўжо даўно там, куды хацеў прыйсьці. Мімаходзь я пазіраю на вітрыны сэкс-шопаў: так, мой твар праносіцца па фанабэрыстых тварах паўголых манэкенаў, мой цень пралятае па прадаўгаватых прадметах ля іхных ног – нібы манэкены расстаўляюць кеглі; мой твар – на ім занадта дзіўная мэтанакіраванасьць. Дома я такой ніколі не выяўляў. Дома мяне лічылі вечна разгубленым, няўважлівым, сарамлівым. Глядзіце: вось я бягу па вуліцы Грэшнікаў, з вуліцы Садовай на вуліцу Садому – някепскае падарожжа.

Я, я, я... Нас было насамрэч двое ў гэтым ненадзейным целе. Мы вельмі востра адчувалі прысутнасьць адно аднога, але ж абалонка ў нас была адно на дваіх. Мы йшлі па гэтай вар’яцкай вуліцы, саступаючы адзін адному стырно, два жраца помсты розных культаў. “Аддам жыцьцё за Радзіму!” – казаў ён мне з выклікам, “Аддам радзіму за жыцьцё,” – адказваў я, і мы на нейкі час замаўкалі, чакаючы, хто адгукнецца на гэтыя рэклямныя абвесткі.