Час ішоў, а я ўсё так і бадзяўся тут, нешта не давала мне спыніцца, агледзецца як сьлед, пакаштаваць вуліцу на смак. Вочы засьціла яркае, навязьлівае сьвятло. Урэшце я прыстроіўся за нейкай дзяўчынай, ісьці за яе нагамі на высокіх абцасах было чамусьці прыемна й спакойна. Мяне нехта вёў за сабой, і мне падабалася гэта ўсьведамляць. Я паставіў дыск спачатку. Мне вельмі хацелася сустрэць каго-небудзь з суайчыньнікаў і пракрычаць яму ў твар: “Гэта маё! Едзь дамоў! Не чапай чужога!”. На рагу вуліцы я дастаў біклажку, глынуў вайнбранду ды кінуўся даганяць свае ногі, што хацелі ўжо ўратавацца з дапамогаю сьветлафора. Аглушальная музыка біла з усіх шчылінаў, але я адчуваў яе толькі па вібрацыях, якія праціналі мяне раз-пораз навылёт. Ногі наперадзе павярнулі, і я міжволі ўвайшоў за імі ў адну з крамаў.
Дзяўчына хутка прайшла ў службовае памяшканьне за прылаўкам, а я спыніўся перад доўгім стэляжом з разабраным на часткі чалавечым целам. Гэта была крама ня толькі для тых, хто хоча разнастаіць сваё начное потнае жыцьцё, гэта была таксама крама для верных мужоў і жонак. Хто стане раўнаваць да гумы. І навошта табе купляць цэлага чалавека, з усімі ягонымі капрызамі й прусакамі, з усімі ягонымі выдзяленьнямі й памылкамі. Купі сабе толькі патрэбную частку. Напрыклад, адтуліну азадка. І атрымай бясплатна файны крэм. Купі грудзі, калі табе так ужо хочацца нешта пасмактаць. Такія смочкі ніколі не разгладзяцца. Купіце гэтую штуку, цётачка, яна заўжды будзе напагатове. Прадавец, на галаве якога не было ніводнага валаска, затое шмат усялякага жалезьзя, мірна вязаў нешта з шарсьцяных каляровых нітак. Я наўздагад узяў у рукі нейкую скрыначку, з павагай зірнуў на кошт. На скрынцы была выяўленая яшчэ адна Вераніка. Ну-ну, яна глядзела на мяне зусім як тады. Я паказытаў выяву, і тая ветліва пасьміхнулася. Прадавец зірнуў на мяне, але тут жа далікатна апусьціў вочы. “Магу я паглядзець у поўны рост?” – я памахаў яму скрынкай і выключыў музыку ў сваім чэрапе. Ён кінуў вязаньне й падыйшоў.
“Добры выбар!” – сказаў ён, і мэтал на ягонай галаве зазьвінеў. Мы прайшлі туды, за фіранкі, дзе зьнікла нядаўна дзяўчына. Вераніка, не пакідаючы скрынкі, цудоўным чынам матэрыялізавалася на невысокай канапе. Я задуменна глядзеў на Вераніку: безь мяне яна засохла, безь мяне яна пачала нагадваць цацку. У яе нешта з грудзьмі. І са сьцёгнамі. І гэты твар, твар тапеліцы. Мая адсутнасьць дрэнна на яе дзейнічае.
Але ляжала яна перада мной, зусім як тады. Безуважна глядзела ўгару. Нерухомая Вераніка, якую пакаралі такім чынам за здраду. Ператварылі ў гумовае бервяно. “Добра, апошні раз,” – сказала яна мне пасьля ўсіх гэтых агідных прызнаньняў, і абыякава распранулася, рассунула ногі. Яна рабіла мне падарунак, настолькі прыніжальны, што мяне нудзіла, і тым ня менш яна, як тыя вулічныя зазывалы, ведала, што я не адмоўлюся, што палезу на яе, плачучы ад прыніжэньня й спакусы. А потым я пабачыў яе па тэлевізіі: яна сядзела на нейкім паседжаньні, побач з галоўнымі забойцамі, і думала, што працуе. Яна падымала свае рукі, каб паправіць прычоску, і я бачыў кроў на яе запясьцях. Яна, Вераніка, якую я так роспачна тапіў у падушцы, карміла цяпер таго зьвера, ад якога я бег – безаглядна, з жахам, па бітым шкле, падаючы й зноў падымаючыся. Яна сама пайшла да яго ў пячору. Яна стала Ўладай, я стаў беглым рабом. “Добры выбар,” – паўтарыў прадавец, я зірнуў на яго зь нянавісьцю ды выйшаў.
Гэтая вуліца не сканчалася, я дапіў усё, што было ў біклажцы, ды яшчэ ўзяў сабе піва ў туркаў, а яна ўсё цягнула мяне наперад, гэтая бясконцая вуліца, ненасытная, як чарга. Перад надпісам “Відэакабіны” я запаволіў крок, і тут жа з-за аксамітнай заслоны вызірнулі нечыя калені, і вострыя грудзі: чорная кужэльная бялізна, падазрона нябачныя твары. Я пайшоў далей. Струменіў нейкі тэатральны туман. Некалькі постацяў у кароткіх спадніцах – яны заўважылі мяне. Я спыніўся.
“Ненавіджу цябе, Вераніка”, – сказаў я на сваёй мове, і пачуў у адказ ветлівы, асьцярожны сьмех. Яна правяла мяне за руку ў вузкі, рамантычна асьветлены пад’езд. Яна ўсё рабіла сама, спачатку проста правёўшы далоняй па маім твары, бы сьляпая, – і Вераніка рабіла гэтаксама, той раз, першы. Яна разьдзелася – досыць хутка, каб не марнаваць час, але й не занадта шпарка: яна разьдзелася прафэсійна, вось гэтага Вераніка ня ўмела. Я сядзеў на канапе, і мяне не пакідала адчуваньне, што я знаходжуся ў чарзе, усяго толькі стаю ў доўгай чарзе, і мая чарга няўхільна падыходзіць. “Мяса лашчыла мяса, мяса стварала мяса...”, так пісаў калісьці бяскрыўдны, як матылёк, Севяранін, помсьцячы сваім жанчынам. Мы памяняліся, яе цела бялела ў паўзмроку. Відавочна, ёй здавалася, што ўсё адбываецца ненасамрэч, яна паводзіла сябе так знарок, так фальшыва. Але я працягнуў да яе рукі, і яе дыханьне адразу стала больш жывым.