Выбрать главу

У гэтай чарзе неабавязкова стаяць, у ёй можна ціхамірна ляжаць, адчуваючы, як застойваецца кроў у жылах, як зацякае ўсё, ажно да мазгоў. Гэты вагон мне відавочна замалы, як кажа мой сябра-прадавец на рэчавым рынку. На экране дзьвярэй дрыжаць бледныя літары: пачынаецца панылы дваццацігадзінны фільм, няздарная пародыя на ICE. Галасы ўнізе становяцца ўсё гучнейшыя. Зьяўляецца правадніца, першая памежніца на нашым шляху. “Бялізну будзеце браць?” – пытаецца яна пакрыўджана, нібы калі я вазьму бялізну, ёй давядзецца спаць на падлозе.

Не, бялізны я не вазьму. Я ніколі не бяру бялізны. Я падкладваю пад галаву свой заплечнік і накрываюся курткай. Я не хачу быць тут як дома, бо я ня дома. На маёй былой працы, там, куды я еду, калегі часта зьдзіўляліся, чаму я ніколі не здымаю верхняе вопраткі, нават зімой. “Бо тады я прызнаю, што гэтая праца для мяне нешта значыць, а гэта зусім ня так,” – адказаў я аднойчы й потым ужо ня чуў гэткіх пытаньняў. Не, бялізны я не вазьму, і гарбаты таксама ня трэба, дзякуй. Я ня зьлезу са сваёй паліцы нават тады, калі мне захочацца ў прыбіральню. Мне туды й не захочацца – падчас такога падарожжа цела адмаўляеццпа працаваць, мне ня хочацца зусім нічога, мой жах абараняе мяне. Бялізна... Пры адной толькі думцы, што мне давядзецца спусьціцца з паліцы й ступіць нагой у гэты камяк жывых, голых, вільготных істотаў, мяне перасмыкае. Уначы мы будзем ехаць праз суседнюю краіну, і вагон будзе скланацца ад песьняў і пераможных крыкаў. Нібы гэта на фронт імчыць наш звар’яцелы эшалён. Адно з гэтых стварэньняў нарэшце возьме свой мабільны тэлефон і набярэ нумар.

– Прывітаньне, Калян! – пачуецца зьнізу, у той час цягнік уварвецца на доўгі мост. – Як справы, Калян? Ты мне прабач, Калян, але ты ў мяне будзеш сядзець. Вось прыйдуць нашы да ўлады, Калян, і ты будзеш сядзець! Ты будзеш сядзець, памяні мае словы, ты будзеш у мяне сядзець.

Ён будзе паўтараць гэта з асалодай, не зьвяртаючы ўвагі ні на боскі, ні на тэлефонны роўмінг, ён будзе казаць гэта, пакуль цягнік ня спыніцца ў вялікім горадзе і ў вагон ня ўдарыць адначасова з навальніцай нешта вялікае, страшнае, чорнае. І невядомы Калян будзе цярпліва слухаць злавесныя прароцтвы, яму і ў галаву ня прыйдзе ні пакласьці слухаўку, ні скарыстацца чорным сьпісам, ні проста адключыць тэлефон. Ну а мне, мне якая да яго справа? Ці маю я права судзіць іх? Адкуль мне ведаць: можа быць, гэта ня так ужо й кепска – сядзець, для гэтага таямнічага Каляна, можа, ён даўно ўжо прыкаваны да ложка, і гэтая істота, чалавекападобнасьць якой дазваляе ёй фатаграфавацца для візы й раз на тры месяцы вандраваць па працы за мяжу, вязе беднаму Каляну лекі, каб ён мог спачатку сесьці, а потым, глядзіш, і ўстаць, і зрабіць пару крокаў да піўнухі, і потым узьляцець, і легчы зноў, на гэты раз ужо навечна. Урэшце істота ўнізе засынае, а Калян усё дыхае, сапіць у слухаўку, чакае, ці то з надзеяй, ці то са страхам.

Мяжа. Памежнікі. Памежная варта – гэта родная, непрыгожая сястра той улады, дзеля якой працуе Вераніка. Гэтая ўлада прыходзіць уначы, глядзіць на цябе зьверху або сьцягвае зь верхняй паліцы, блішчыць гербам, дзеці крычаць, гэтая ўлада ўпускае цябе да сябе, нібы пад падпіску аб нявыязьдзе. А потым вагон прыўзьнімецца над зямлёй, каб праз пару гадзінаў апусьціцца, але ўжо ў іншае вымярэньне. Мае спадарожнікі сьпяць, ня чуючы, як я спускаюся са сваёй схованкі й, высока падымаючы ногі, пераступаю праз іхныя целы. Выходжу ў тамбур, запальваю й гляджу на скамечаную пасьцель Веранікі, на крошкі гарадкоў, на недапалак, які нехта забыў пад коўдрай.

Dicebant mihi sodales, si sepulchrum amicae visitarem, curos meas aliquantulum fore levatas. Мне казалі прыяцелі, што калі я наведаю магілу сяброўкі, мае раны загояцца.

***

Вераніка стамілася. Ёй чамусьці надта непрыемна ехаць у ліфце з калегамі, і таму яна, высока падняўшы галаву, праходзіць міма іх і, як толькі зьнікае за шклянымі дзьвярыма лесьвічнай пляцоўкі, хавае галаву ў плечы й бяжыць уніз па сходах. Ларыса гукае яе, але позна, Вераніка яе не пачула, і таму прамоўленае імя павісае ў паветры, яго апошні склад зьядаюць сківіцы ліфта. Ларыса пачуваецца няёмка, вакол шмат людзей, і пятнічны вечар кідае на іхныя твары дурнаваты водсьвет. Яны ня могуць стрымаць радасьці. Быў цяжкі тыдзень, яны добра папрацавалі і цяпер пойдуць да банкаматаў.

Вераніка рушыць на вакзал, на вакзале ваенны аркестр грае трыюмфальныя маршы. Але яна збочвае й заходзіць у мэтро. Праз гадзіну каробкі Сьвету ўжо бялеюць за соснамі, маршрутка раптам перастае вуркатаць і проста паволі, па інэрцыі (кіроўца нават адпускае руль) укочваецца ў Сьвет. “Ля аптэкі, калі ласка”, – строга гаворыць Вераніка кіроўцу, і калі той, не пачуўшы, вядзе мікрааўтобус далей, да канцавога прыпынку, яна крычыць на яго ў шаленстве. Ён рэзка тармозіць, і яна бразгае дзьвярыма так, што ў галаве да самага дому гайдаецца цяжэзны звон.