Выбрать главу

– Не падкажаце, аддзел... – я зразумеў, што ня ведаю, як правільна называецца аддзел, у якім працуе Вераніка, і таму проста назваў яе імя.

– А, Вераніка Андрэеўна, – заківаў адзін. – На пяты вам, пяцьсот пяты кабінэт.

Людзі з палёгкай засьмяяліся, і нехта нават дакрануўся да маёй сьпіны.

– Там на дзьвярах шыльда, – дадала нейкая бабулька, і дзьверы ліфту нарэшце адчыніліся.

Ім таксама было на пяты, толькі зусім да іншага спэцыяліста. Спатыкаючыся аб лічбы й шыльды на дзьвярах, я выйшаў у доўгі, дрэнна асьветлены калідор. Уздоўж сьценаў сядзелі людзі, іхныя галасы зьліваліся ў прыглушаны гул. Па нагах прабег скразьняк. Недзе за паваротам шумна зачынілі дзьверы.

Ён ішоў проста на мяне, зь іншага канца гэтага калідору, я не зусім добра бачыў, як ён выглядае. Я запаволіў хаду, але і ён не сьпяшаўся. Я бачыў яго ў профіль, ён углядаўся ў шыльды, шаргатаў абутак: яму давалі прайсьці. Мы падыйшлі да яе кабінэту адначасова. Недзе паблізу ляскаў ліфт. Я адступіў убок, паказваючы, што не прэтэндую на першынство. На ягоным бледным твары было нешта ліхаманкавае. Ён паматляў галавой – маўляў, яму не сюды, і я ўжо хацеў запытацца, хто апошні, калі ён зрабіў гэта сам.

Ён зірнуў на мяне зь нянавісьцю й сеў. “Значыць, я за вамі?” – спытаў я, і ён працадзіў у адказ: “Ну”. Тут жа чаргу занялі за мной, і нехта, хвалюючыся, прачыніў дзьверы, каб праверыць, ці сапраўды тут прымае Вераніка Андрэеўна. Чарга паціху ўтрэслася, і зноў ціха загула.

***

Туш для вейкаў падаўжае іх і надае ім моцы. Яны становяцца больш пухнатымі й густымі. Але туш карысная ня толькі з эстэтычнага гледзішча. Яна ўтрымлівае таксама шмат пажыўных дабавак, дзякуючы якім вейкі становяцца больш доўгімі, трывалымі й шаўкавістымі.

Для таго, каб вейкі здаваліся больш пухнатымі й густымі, перад нанясеньнем тушы прыпудрыце іх звычайнай пудрай. Часьцінкі тушы асядуць на вейках, нібы расчэсваючы іх. Зручна фарбаваць вейкі шчотачкамі са сьпіралепадобнай шчэцьцю, такія шчацінкі кожную вейку фарбуюць асобна і адначасова разьядноўваюць іх.

Пакрыўшы вейкі першым слоем тушы, пачакайце дзьве-тры хвілінкі, а затым нанясіце другі слой. Калі вы пакрыеце вейкі тушшу занадта рана, яны склеяцца. Не фарбуйце вейкі моцна на ніжніх павеках. Такія вейкі будуць падобныя да ценяў, і ад гэтага твар будзе выглядаць стомленым.

Нафарбаваўшы вейкі, абавязкова туга закручвайце тубік з тушшу, інакш туш вельмі хутка высыхае.

У выпадку, калі акцэнт у вашым сёньняшнім макіяжы пастаўлены на вусны, ці вам імпануе стыль абсалютнае натуральнасьці, такі актуальны гэтым летам, абмяжуйцеся асновай пад туш – празрыстым гелем, які дапамагае падкруціць вейкі, разьдзяліць іх і надаць ім больш дагледжаны выгляд. Асновы для тушы дастаткова і для штодзённага макіяжу, калі цёмныя прыгожыя вейкі дадзеныя вам ад прыроды.

Невялікая рэмарка: сёньня ў упакоўцы зь недарагой тушшу можна знайсьці плястмасавую расчосачку для веек. Не эканомце на сабе, прашу вас: набудзьце мэталічную! Яна дазволіць вам справіцца з самай кашмарнай сытуацыяй для вашых веек, якую толькі можна сабе ўявіць. Уключна з тымі самымі лапкамі павука з рэклямы. Калі вы ўсё ж лічыце, што расчосачка для веек не для вас, пазбавіцца камячкоў можна, выдаліўшы лішкі тушы на шчотачцы. Вытрыце яе аб тонкую тканіну, і праблема вырашыцца яшчэ да таго, як вы пачнеце фарбаваць вочы.

Ніколі не кажыце “бывай”. У дадзеным выпадку – шчотачцы для тушы. Калі туш або тэрмін яе выкарыстаньня скончыліся, ачысьціце шчотачку сродкам для зьняцьця макіяжу, вымыйце з мылам і высушыце. Правядзіце ёй па вільготных вейках да таго, як возьмецеся за макіяж – і паверце, гэтае простае дзеяньне істотна павялічыць вашыя шанцы на беззаганныя вейкі.

Адступіце ад правіла Форда. “Вы можаце выбраць любы аўтамабіль пры ўмове, што ён будзе чорны,” – любіў гаварыць старына Генры. Забудзьце пра Форда, ваша туш не абавязкова мусіць быць чорнай! Больш за тое, калі вашы вейкі ад прыроды сьветлыя, туш быць чорнай не павінна. Карыстайцеся лепш брунатнай. Ці нават чорна-брунатнай. Але чорнай – ніколі. Экспэрымэнтуйце з тушшу вясёлкавых адценьняў. Блакітная туш зробіць ярчэйшымі блакітныя ці шэрыя вочы, а бэзавая надасьць карым вачам больш глыбокае адценьне.

Завіўка. Завітыя вейкі робяць позірк больш адкрытым. Для максымальнага эфэкту карыстайцеся прыборам для завіўкі вейкаў, але рабіце гэта да нанясеньня тушы. Патрымайце шчыпцы сэкундаў пяць перад фэнам да выкарыстаньня. І не забудзьце праверыць, ці ня надта моцна вы іх нагрэлі!