Выбрать главу

Зафіксуйце прыбор для завіўкі так блізка да лініі росту верхніх веек, як толькі гэта магчыма. Закрыйце шчыпцы й паволі палічыце да пяці. Затым цалкам раскрыйце прыбор для завіўкі, прыбярыце яго ад вачэй і паўтарыце працэдуру яшчэ раз або два, пакуль не дасягнеце жаданага выніку.

Пакладзіце побач ватную палачку. Немагчыма пераацаніць значэньне гэтага няхітрага інструмэнта. Вы выціраеце выпадковую пляму, пакуль туш ня высахла. І ня трэба нічога перафарбоўваць наноў!

Сьвятая справа! Наносячы туш, правядзіце спачатку шчотачкай некалькі разоў па аснове веек. Менавіта пры дапамозе гэтага нескладанага труку дасягаецца ілюзія дадатковай даўжыні веек.

Для больш тэатральнага позірку нанясіце туш толькі на верхнія вейкі й правядзіце па ўнутранаму баку ніжняга павека алоўкам. Каб вочы здаваліся больш шырокімі, нафарбуйце ніжнія вейкі таксама, але не перабярыце меру. Каб зрокава падоўжыць вейкі, паспрабуйце трымаць шчотачку для нанясеньня тушы вэртыкальна й нанасіце туш яе верхнім кончыкам. Гэта можа падацца дзіўным, але абсалютна дакладна працуе! Такім чынам вы пафарбуеце вейкі, зусім іх не абцяжарваючы! Завяршыце макіяж адным гарызантальным узмахам шчотачкі.

І нарэшце. Пачынайце з тушы, калі прыступаеце да выдаленьня макіяжу. Памятайе, што скура вакол вачэй асабліва адчувальная – ні ў якім разе ня трыце вочы! Гэтыя барбарскія паводзіны вядуць за сабой немінучае пакараньне ў выглядзе выпадзеньня веек і ўтварэньня раньніх маршчынак.

Туш можа быць улюбёным прадуктам у вашай касмэтычцы, але вы мусіце ведаць, калі трэба зь ёй разьвітацца. Гэтая ”фаварытка” псуецца хутчэй, чым любы іншы касмэтычны сродак, і самы доўгі тэрмін, на працягу якога ёй можна карыстацца – чатыры месяцы. Рэч у тым, што нават самая дарагая туш – добрае асяродзьдзе для бактэрыяў.

Калі вы хочаце падоўжыць жыцьцё вашай тушы, ня рухайце пэндзлікам уперад-назад: такім чынам вы пазьбегнеце трапляньня ўсярэдзіну паветра, якое яе сушыць. І выкідайце адразу, як толькі заўважыце зьмену тэкстуры або паху! Практычная парада: каб спрасьціць сабе жыцьцё, адлічыце тры месяцы з дня набыцьця вашай тушы й пазначце адпаведную дату ў календары. Асабліва важна гэта рабіць, калі тушаў, якімі вы карыстаецеся, не адна, а некалькі.

І – усьміхайцеся свайму адбітку ў люстэрку. Падкручаныя, падоўжаныя ці аб’ёмныя, чорныя або вясёлкавыя, нафарбаваныя ў адзін або два слаі, цяпер вашыя вейкі адкрываюць сьвету лепшае, што ў вас ёсьць.

Вашыя вочы,

якія сьвецяцца шчасьцем,

і радасьць, якой

вы гатовыя падзяліцца з усімі.

***

Яна падняла вочы, такія цяжкія, бы на вейках ляжала па ўспаміне, вочы, чакаючы пабачыць чарговага наведніка, і ўжо адшуквала спосаб, каб расправіцца зь ім як найхутчэй, яна глядзела на дзьверы са страхам і пагардай. Наведнік падаўся ёй знаёмым – як скрозь туман яна разглядзела яго й зразумела, абыякава й без зьдзіўленьня, што гэта й праўда Ён. Вераніка не змагла адразу перастроіцца, і таму голас яе прагучаў глухавата й варожа.

– Добры дзень, сядайце, – “Што я кажу, “ – падумала яна як у сьне, трэба было сказаць нешта іншае, але што, што кажуць у такіх выпадках, яна забыла. І гэта было як маленькая, але сьмяротная катастрофа. Ён прайшоў у кабінэт і шчыльна зачыніў за сабой дзьверы, выдаліўшы, як у кампутары, разгублены твар таго, хто зьбіраўся ўвайсьці. Сеў на яе стол – у іншы момант гэта зрабіла б яе амаль шчасьлівай, а цяпер яна тупавата пазірала на складку кішэняў на ягоных джынсах і ёй хацелася змахнуць Яго са стала. Падставіць сьметніцу й змахнуць. На яе шляху да дому, да пігулак, пакутлівай ванны й ратавальнага сну, бяз думак і жаданьняў, сеў нехта, перашкода з тонкімі вуснамі падлетка, надзіманы камень. Падзьмі на яго, і ён паляціць на ўзбочыну.

– Паслухай, Вераніка, – мягка сказаў Ён. – Мне, напэўна, трэба папрасіць у цябе прабачэньня. Часам нашыя ўяўленьні пра людзей аказваюцца памылковымі. І часам наш унутраны сьвет прыадкрываецца супраць нашай волі. Нельга меркаваць па тым, што выпадкова пабачыў у шчыліну...

Яна маўчала, а потым злосна засьмяялася, і тут жа скрывілася: галаву працяў боль. Боль, напэўна, толькі й чакаў, пакуль яна зноў нешта адчуе. Як жа добра было без пачуцьцяў. Спакойна, пуста, чыста.

– У якога пісьменьніка вы гэта вычыталі? – спытала яна, і ён тут жа ўмольна працягнуў да яе рукі: