Выбрать главу

– Давай жа ўрэшце на ты!

– Добра. У якога пісьменьніка ты гэта вычытаў?

– Ня памятаю, – Ён захацеў пагладзіць яе па галаве, але Вераніка проста ад’ехала на сваім крэсьле да сьцяны. І толькі калі Ён паказаў жэстамі, што больш ня будзе шукаць такіх кантактаў, яна зноў прысунулася да стала. “Пачакайце!” – сказаў Ён, добразычліва пасьміхнуўшыся, галаве, якая прасунулася ў дзьверы, і галава зьнікла.

– Гэта была толькі гульня. Забудзь пра яе. А мне... Мне трэба шмат табе паведаміць.

– Ня сёньня, – Вераніка зь цяжкасьцю падняла рукі. – Толькі ня сёньня. Я не хачу нічога слухаць. Памру зараз. Можа быць, заўтра, – сказала яна нечакана помсьліва, – Але ня сёньня.

– Ня тое каб сказаць... – запярэчыў Ён халодна. – А менавіта паведаміць. Ды што гэта сёньня з табой?

– Неяк мне... Блага... – прызналася Вераніка. – Не, ня трэба.

Яго рукі зноў паабяцалі больш не цягнуцца да яе.

– Мне вельмі хацелася б зрабіць для цябе нешта, – сказаў Ён пяшчотна. – Ці... Карацей, дапамагчы табе. Абараніць.

– Мяне ёсьць каму абараніць, – сказала Вераніка, выцерла лоб і са зьдзіўленьнем адзначыла, што яе пальцы папросту ледзяныя.

– Я не сумняваўся, – Ён нягучна засьмяяўся. – Ён, відаць, файны хлопец.

– Файны, – кінула Вераніка й прымружылася. – Ведаеш, калі я была маленькая, я аднойчы зразумела, адкуль глядзіць на мяне анёл-ахоўнік. З-за фіранкі. Ён сочыць за тым, як я пачуваюся, ці не пагражае мне небясьпека. І калі я, напрыклад, сплю, ён выходзіць адтуль і кладзе мне далонь на лоб. Або іншым чынам умешваецца. Як бачыш, не адзін ты зь дзяцінствам не разьвітаўся.

– Я ж кажу: файны хлопец, проста супэрмэн, – Ён пачухаў галаву. – Вось мы зараз і пазнаёмімся.

Ён саскочыў са стала й, рухаючыся як клоўн, падыйшоў да фіранкі. “Оп!” – фіранка тарганулася, белыя трубкі батарэі па-шпіёнску ўсьміхнуліся ды зьніклі.

– Весела, – сказала Вераніка. – Ты хочаш заняць яго месца?

– Чаму б і не? – Ён аблізнуўся і ўважліва паглядзеў на Вераніку. – Прынамсі, ты гэтага хочаш.

Апошнія словы Ён прамовіў ужо з-за фіранкі. Вераніка неўразумела зірнула туды: быў чалавек, і няма яго. Як проста ўсё. Не складаней, чым зь яе пацыентамі. А галава, гэтым разам ужо зусім іншая, зноў пралезла ў дзьверы, і паколькі яе ніхто ня гнаў, ператварылася ў невысокага чалавека, што адразу, з парога, пачаў нешта канючыць. Дарэшты зьнясіленая Вераніка ледзь змагла зарэгістраваць заяву й прызначыць яму на аўторак. Пакуль наведнік выходзіў і дзьверы адчыніліся наноў, яна павярнулася да фіранкі. Ён падміргнуў ёй і тут жа зноў зьнік.

***

Зразумеўшы, што чалавек перад ёй ня ў стане запомніць нават дзьве трохзначныя лічбы, сакратарка ўздыхнула й драпежным рухам дастала асадку. “А культурны ж, здаецца”, – падумала яна раздражнёна, і на душы ў яе стала яшчэ больш чорна, калі яна пабачыла стос лістоў, на кожным зь якіх ад рукі была накрэмзаная ўсялякая лухта. Паадсякаць бы гэтыя рукі, ледзь не сказала яна, выводзячы на паперы: 504, 505, 509... Чалавек перад ёй і праўда рабіў уражаньне культурнага: пінжак, чыстая, адпрасаваная кашуля, сумка з натуральнай скуры, у якой зазвычай носяць важныя й ня вельмі, празрыстыя й непразрыстыя, але ўсё-ткі тэчкі – тэчкі з дакумэнтамі. Рахунак-фактура, выпіска, даведка... Ад чалавека пахла добрым тытунём і такой мужчынскай парфумай, якой сакратарка, была б яе воля, прымусіла карыстацца кожнага прадстаўніка супрацьлеглага полу. Але паводзіў сябе гэты маладзён папросту непрыстойна. Занадта нэрвова для прыёмнага пакою начальніка аддзелу. Яму, бачыце, надта карцела трапіць адразу да Чэслава Карлавіча. Быццам бы ён быў важнай шышкай і меў поўнае права ісьці самым кароткім шляхам. Але важныя шышкі звычайна званілі, перад тым як тут зьявіцца, самыя важныя званілі адразу ж Чэславу на мабільны, і наогул – ніякіх доказаў таго, што ўпарты наведнік мае на нешта права, сакратарка пакуль ня ўбачыла. Але нічога, і не з такімі спраўляліся – сказала яна сабе й цярпліва паўтарыла нумары кабінэтаў.

– Але мне трэба да начальніка, – раздражнёна прамовіў чалавек і паглядзеў ёй у вочы. – Толькі да яго. Гэта занадта важна.

– Добра, – сказала сакратарка нарэшце. – Я яму паведамлю, самі паслухаеце, што Чэслаў Карлавіч адкажа.

Яна націснула кнопку. “Да вас наведнік,” – спакойна прамовіла яна. “Запэўнівае, што справа неадкладная. Слухаць нічога ня хоча, Чэслаў Карлавіч,” – раптам дадала яна амаль жаласьліва.

– Не цяпер, – пачуўся незадаволены голас Чэслава. – Я заняты. Раскажыце таварышу пра графік майго прыёму. Хаця... Упусьціце, так і быць...

Наведнік пераможна й пругка падняўся. Празь дзесяць хвілінаў Чэслаў Карлавіч ужо бегаў па кабінэце і амаль крычаў: