Выбрать главу

Гілюк на нечаканую перашкоду ля ягоных ног, як ні дзіўна, забыўся. І таму спатыкнуўся аб гэта – гэта, што не выклікала ў ім цяпер нічога, апрача агіды. Шкло сэкунду падумала й трэснула – ён наляцеў на празрыстую сьценку шафы, дзе ляжалі Паперы – паперы, зь якіх паволі зьнікала, бы напісанае адмысловым атрамантам, яе імя. Яе імя ў росьпісах, подпісах, графе “Выкананьне”, графе “Адказны/ая”, іншых вясёлых і важных графах... Яе імя, яе прозьвішча, яе імя па бацьку.

Зь Веранікі марудна выцякала адказнасьць. Судзьдзі адварочваліся, быццам яна, Вераніка, увадначасьсе стала зноў той дзяўчынкай, зь якой так паважна, бы з роўнай, размаўляў некалі сур’ёзны Коць. Дзяўчынкай, не падлеглай ніякім судам. І яна, бы пазбаўленая нарэшце атруты, паціху станавілася сабой.

***

Яна ўсё блукае па гэтым полі, нібы ў ім можна заблудзіцца. Аголеная штучная постаць у сплеценых з тонкіх скураных матузкоў рудаватых ботах. Яна йдзе да яго краю, туды, дзе сканчаецца несьмяротнае, бясплённае, вечна зеленаватае калосьсе, ідзе мэтанакіравана, бы ведае ўсе лясныя дарогі, і потым спыняецца побач зь першымі, яшчэ невысокімі дрэвамі, і стаіць там, а потым разварочваецца й брыдзе да таго лапіка зямлі, адкуль пачынала свой шлях. Калосьсе паволі разгладжваецца, месяцы на небе блішчаць, як лямпачкі прыбораў невядомага прызначэньня.

Яе вочы пустыя, яе цела сабранае ўмелымі рукамі, хаця шнары на ім і намаляваныя даволі ўмоўна. Усім, хто праходзіць тут, яна кагосьці нагадвае. Яна ўжо й ня ўспомніць, колькі разоў нападалі на яе лясныя монстры, колькі забойчых промняў чужой зброі падала раптам на яе са схованкі, колькі рук цягнулася да яе плячэй, да яе сьпіны, да яе ног. Безвынікова: жыцьцё гэтага сьвету праходзіць скрозь яе, як праз масла, і яна зноўку пачынае свой кароткі шлях. Яна ня памятае – яна ўжо нічога ня памятае, і нічога ня думае. Яна рухаецца, але цела яе ўпэўненае, што ягоная гаспадыня стаіць на адным месцы. Яшчэ трошкі, і яна стане новым пэрсанажам гэтай гульні – не па той бок, адкуль яна прыйшла сюды, а па гэты, так геніяльна распрацаваны. Яе назавуць як-небудзь па-дурному: Каралева Журба або Дух пшанічнага мора. І будуць пасылаць да яе з заданьнямі тых, хто апынуўся ў замку непадалёку.

Яна дагэтуль ня ведае, што за ёй ужо доўга сочаць. Двое мудрых вачэй схаваліся за бліжэйшай разлапістай ялінай, і зь нейкім болем глядзяць на яе, і нешта ўзгадваюць.

Аднойчы два вокі заплюшчыліся, і маленькая істота, мружачыся, выбралася на сьвятло. Чыхнула пагладзіла бараду, пачціва зьняла каптур.

– Дзень добры, Дух пшанічнага мора, – ветліва сказала істота. – Я ведаю, што твой знак – маўчаньне, але ж ці не пазнаеш ты мяне?

Яна нават не паварочвае галавы ў ягоны бок.

– Ты не абавязаная мяне помніць, – пасьпешліва дадае гном. – Але я цябе, здаецца, бачыў. Ня тут, далёка, але адтуль, дзе мы сустракаліся, майму народу давялося сысьці...

– Я – Ольда, – кажа гном і кланяецца ёй. – Можа, ты памятаеш маё імя? Я магу заплюшчыць табе вочы, калі ты жадаеш. Бедная, бедная Ўлада.

І тады яна паварочваецца да гнома, і той закрывае маленькі, тоўсты, напалову й так схаваны за белай барадой твар. Бо ў яе няма вачэй. Толькі два белыя шары, якія разгублена круцяцца, шукаючы ратаваньня. Гном заечымі скачкамі ратуецца ў лесе, а яна чарговы раз выпраўляецца ў сваё недалёкае падарожжа.

***

Як капрызны хлопчык, Чэслаў Карлавіч сядзіць за сталом, грызе пазногці й чакае Ларысу. Гэтае чаканьне прыносіць яму асалоду – ён нават не адказвае на тэлефанаваньні, хаця апарат на стале раз за разам называе яго імя. Падняць слухаўку – значыць пазбавіць чаканьне разынкі. Чэслаў Карлавіч сядзіць, засяроджана пазбаўляючы пазногаць апошняй саломінкі, і чухае сабе пакрытую сівымі валаскамі скуру на назе, там, дзе яна выглядвае з-пад нагавіцаў. Ён называе сябе вечным, і яму гэта падабаецца. Вечны Чэслаў. Чэслаў Вечны – гучыць ня горш, чым імя якога-небудзь з польскіх выканаўцаў эстраднай песьні часоў ягонага юнацтва. Або чэскіх – неістотна. За некалькі тысяч гадоў свайго жыцьця Чэслаў Карлавіч нагледзеўся на розных поп-зорак. Зь некаторымі нават быў асабіста знаёмы. Па шчырасьці, Чэслаў Карлавіч нічога ня меў бы супраць, калі б ягоныя падначаленыя таксама яго так называлі. Чэслаў Карлавіч Вечны. Вось толькі ён ня ўпэўнены, што яны адэкватна гэта ўспрымуць. Бо маладыя яшчэ. А ў яго заўжды ўсё напагатове. Зараз яна пабачыць.