Зрэшты, калі Ларыса нарэшце прыходзіць, Чэслаў Карлавіч адразу ж бярэ строгі, афіцыйны тон.
– Я маю патрэбу ў некалькіх дасье, – кажа ён, з прыемнасьцю адчуваючы, як паколвае амаль зьдзёрты пазногаць. – Сьпіс знойдзеце ў сакратара. І яшчэ: заўтра вас чакае адказная справа. Паедзеце на інспэкцыю. Час цяпер такі, што на вас будзе ляжаць двайная адказнасьць. Упэўнены, Ларыса, што магу на вас разьлічваць.
Ларыса ловіць кожнае яго слова. Яна нібы становіцца вышэйшаю, і Чэслаў Карлавіч з задавальненьнем гэта адзначае. “І чаму яна перастала насіць тыя туфлі на высокім абцасе?”
– Я даручаў вам падрыхтаваць загад наконт Веранікі...
– Ён ужо гатовы. Вось.
– Добра, – Чэслаў Карлавіч адчувае, як пахнуць валасы Ларысы. Кожны яе валасок прымушае ноздры Чэслава Карлавіча пашырацца, рухацца, уцягваць у сябе водар. – Але не сьпяшайцеся. Ніякай сьпешкі, чуеце? Не траўмаваць, дайце ёй дарабіць усе справы, за якія яна адказвае. Ух...
Чэслаў Карлавіч абмяк, паваліўся ў фатэль, быццам са сьпіны ягонай дасталі нарэшце спружыну. Ён заплюшчыў вочы й тут жа жаласьліва зірнуў на Ларысу праз вузенькія шчылінкі.
– Прыходзіў тут зноў вар’ят адзін, – сказаў ён, ледзь ня плачучы. – Колькі можна ўжо... Псыхоляга трэба саджаць унізе, а не міліцыянта... Яшчэ й торбу забыў. Так змарыўся, ты сабе не ўяўляеш. Ну, ідзі, працуй.
І толькі калі Ларыса даходзіць да дзьвярэй, Чэслаў Карлавіч з радасьцю крычыць ёй: “Стой!”. “Стаяць!” – паўтарае ён груба, гэта ўжо амаль брэх, і Ларыса паслухмяна спыняецца, разварочваецца на месцы, а Чэслаў ужо гатовы! Урачыстым рухам ён падсоўвае да люстра, што вісіць на сьцяне, свой начальніцкі фатэль, асьцярожна, але спрытна выкладвае на маленькі столік для размоваў за гарбатай набор нажніцаў, невялікі, прыемнай формы, фэн, калекцыю драўляных расчосак, сярод якіх ёсьць адна масажная, якой Чэслаў вельмі ганарыцца. На руцэ ягонай вісіць акуратненькі, навюткі белы ручнік з вышытымі на ім ружамі, – Чэслаў Карлавіч вельмі задаволены сабой: не прайшло й хвіліны. А ў куце кабінэту, бы ў казцы, утварылася маленькая, ўтульная прыватная цырульня. “Сядзець!” – крычыць Чэслаў, лагодна ўсьміхаючыся, і хапае Ларысу за руку. Тая дае сябе падвесьці да фатэлю, але потым пачынае супраціў. Яна ведае, што сказаць.
– Ты хочаш, каб усё было, як у мінулы раз? – спакойна кажа Ларыса, гледзячы проста яму ў вочы. – Ты памятаеш, што ты нарабіў мінулы раз?
Чэслаў Карлавіч адварочваецца. Яму сорамна. Зь Вечнага ён адразу становіцца Сьмяротным, такім як усе. Утульная прыватная цырульня пакрываецца павуціньнем. На ружах ручніка распываюцца тлустыя плямы. Іржавеюць нажніцы. Ён глядзіць у люстра і ўжо не адчувае гэтага чароўнага паху. Ларыса прыводзіць усё ў парадак і ціха выходзіць, пакуль Чэслаў Карлавіч стаіць ля акна й лічыць маладыя дрэўцы на патыліцы сквэру.
***
Калісьці Вераніцы было нават цікава, якім будзе наступны наведнік: якім будзе ягоны твар, што прынясе з сабой ягоны голас, у што будуць апранутыя жанчыны й чаго захочуць мужчыны. Яе хвалявала, калі наведнік адступаў ад звычнага сцэнару такіх візытаў: вітаньне, нейкае школьнае слова “Сядайце”, аповед, пісьмовая заява... – былі такія, што любілі пачынаць здалёк, былі такія, якія казалі ёй камплімэнты, былі такія, якія прыносілі ёй падарункі. Былі суворыя жанчыны з зусім малымі яшчэ дзецьмі, і дзеці крычалі, і кабінэт Веранікі адразу сьвятлеў. Гэтыя дзеці лямантавалі роўна столькі, колькі трэба для замілаваньня; але Вераніка ў такія моманты з жахам думала, што адбылося б зь ёй, калі б яна чула гэты енк увесь дзень. Часам сьвятло з плошчы падала на наведнікаў якім-небудзь адмысловым чынам, і Вераніка ўжо не магла слухаць – любавалася нечаканай зьменай у абрыдлай чалавечай зьнешнасьці, раптоўнымі ўпрыгожаньнямі, якімі надвор’е адорвае нас зусім безвач. А яшчэ аднойчы да яе прыйшоў чалавек, які, сеўшы за стол, забыўся, што ён хацеў сказаць, і з прабачэньнямі паехаў дахаты. Больш ён не завітваў, відаць, так і ня ўспомніў.
Але сёньня ўсё было ня так.
Гэты наведнік паводзіў сябе да крыўднага звычайна. Ён увайшоў і павітаўся. І гэта было апошняй кропляй.
– Хто вы? – сказала яна, адчуўшы, што нічога перад сабой ня бачыць. Кабінэт тануў у густым тумане, і недзе паблізу, на балоце, крумкалі зьдзекліва жабкі. Наведнік таропка, трывожна загаварыў пра нешта, але й са слыхам Веранікі таксама нешта адбывалася. – Хто вы? Я прыму вас, толькі калі вы доктар...