Выбрать главу

***

“...Я ўблытаны ў нешта; у што менавіта? Я пытаўся пра гэта ў сябе ўголас. І шматгалосае рэха пакоя шэптам адказвала мне: “У што ж?”...”

Я любіў мыць ёй валасы. Яна прыходзіла да мяне ў лёгкай сукенцы, у сваіх амаль нябачных туфлях, і прывозіла каву ў пакеціках, і распавядала пра тое, што ніяк ня можа звыкнуцца з тым, што яна ўжо не студэнтка, пра тое, што кожны дзень адчыняе шуфляду стала й бярэ ў рукі дыплём, што ўчора прыяжджала цётка, і бацька ледзь не сарваўся, давялося на ім віснуць, каб не куляў чаркі, і так год за годам, і што атрымалі ліст ад брата – я сам зьдзіўляўся сваёй цярплівасьці, сваёй цікавасьці да яе аповедаў, я яе ніколі не перапыняў, а потым засьпяваў яе на кухні, калі яна нюхала незадаволена свае падпашкі, і сам нюхаў іх, і мы пасьпешліва йшлі ў залю, узяўшыся за рукі, і кахаліся. А яна не перапыняла сваіх гісторый і спрабавала ўявіць сабе будучую працу ў Цэнтры дзіцячай творчасьці, а я думаў: вось, дажыўся, яна ж заб’е мяне сваёй балбатнёй, але мая ўвага мне не папарадкоўвалася, мы зноў пілі каву, і мая галава балела – і тады я йшоў мыць ёй валасы. Яна распраналася ды залазіла ў ванну, пакорліва схіляла галаву пад струмень, я стаяў напагатове з шампунем у жмені ды пачынаў рытуал – я мог важдацца зь яе валасамі доўга, нібы дзіця ў пясочніцы, будуючы зь пены й валосься ўяўныя зоркі ды сьпіралі... Яна стаяла на каленках, з заплюшчанымі вачыма, у белай кароне, і толькі зрэдку, трымаючыся за край ванны й раз-пораз закранаючы кіпцямі маё сьцягно, выцірала вольнай рукой лоб. Мноства нязначных падрабязнасьцяў праступае на гэтым чыстым аркушы, нібы над ім расьціснулі вішню, і сок маляўніча запырскаў тое, міма чаго заўсёды абыякава прасьлізгваў заклапочаны погляд. Яна ніколі не змывала шампунь пад кранам, не, я браў загадзя падрыхтаваны тазік з вадой патрэбнай тэмпэратуры ды асьцярожна, як старажытны цырульнік, выліваў, нібы храсьціў яе – людзі з мокрымі валасамі выглядаюць больш шчырымі, больш адкрытымі, у іх безабаронныя вочы. Яна абхоплівала сябе рукамі ды дрыжэла. Я ня зводзіў вачэй зь яе сьпіны, якая плаўна сплывала ў цёмны жалабок, з ружовай шыі, дзе толькі што варухнулася радзімка. Мыць жанчыне валасы – ці ня самая інтымная ласка. Паспрабуй пацягніся прагна ніжэй – і чароўнасьць пагасьне, нібы цудоўны таямнічы верш скончыўся раптам грубым палітычным заклікам.