Выбрать главу

Яна пагаварыла назаўтра з аднаклясьніцай, і калі выходныя нарэшце скончыліся, расправілася з валаскамі, не без праблемаў, але з гордасьцю. Бацькі нічога не заўважылі, а вось брат – той пачаў зь яе насьміхацца. Хаця й дзяўчаты не былі да яе літасьцівыя: “Ты чаго, дурная ці прыкідваешся?” – стукала пальцам па ілбе дасьведчаная Жана, – “У цябе ж і так там нічога не было, а цяпер расьці пачне, ого-го... Мне б твае праблемы! Я вось дакладна пол магла б мяняць, ты мае ногі бачыла?”. Аднак Жана, якой падабаліся каўказцы і якая насіла толькі кароткія спадніцы, не належала да тых, на чые тоўстыя ногі Вераніка зьвяртала ўвагу... Першы раз Вераніка галілася братавым лязом, умудрыўшыся ні разу не парэзацца, потым папрасіла стрыечную сястру купіць ёй адмысловую зброю, маці яна казаць не хацела, гісторыя ў лазьні не выходзіла з галавы. Затое якой дарослай адчувала яна сябе, калі ўпершыню выехала ў горад у кароткай сукенцы, у падораных на дзень нараджэньня завушніцах ды з нагамі, пазбаўленымі пуху дзяцінства.

***

Яна ледзь не пасьлізнулася, калі спускалася па прыступках, добра, вартаўнік падхапіў Вераніку ды паставіў, як ляльку, на ногі. “Небясьпечнае надвор’е”, – сказаў ён, усьміхнуўшыся ў шалік, ды зьбіраўся яшчэ нешта дадаць, яму не хацелася адпускаць Вераніку, бо наперадзе быў вечар, і гарбата ў слоіку з-пад маянэзу, і чорна-белы калабок тэлевізара, і ноч ў вялікім пустым будынку пад ярка асьветленым сьцягам, і хацелася нагаварыцца пра запас. Надвор’е й праўда было небясьпечнае, пад слотай хаваўся лёд, які не пасьпеў растаць, сьвятло ліхтароў не далятала да неразьмінаваных вуліц, распадаючыся на дробныя аскепкі па-над шатамі дрэваў, людзі былі спрэс нэрвовыя, бо кожны сьпяшаўся дамоў, бы матрос пасьля году хісткае палубы. Вераніка азірнулася: цяпер вокны ўсіх кабінэтаў былі цёмныя, толькі на калідорах гарэла сьвятло, ні для кога – для мінакоў, напэўна. Ісьці было цяжка, высокія абцасы пастаянна пагражалі ператварыць спартовую хаду ў фігурнае катаньне, Вераніка нават падвярнула нагу, але, на шчасьце, ня так ужо моцна, – вылаяўшыся, яна пайшла наперад, раз-пораз раздражнёна правяраючы зманлівую роўнядзь, але больш давяраючы інтуіцыі. Так яна дайшла да павароту, сустрэчныя штурхаліся, выкарыстоўваючы Вераніку то як ратавальнае кола, то як борцік басэйну, усё гэта было надакучліва ды весела адначасова – горад, які вучыцца хадзіць... Яна паправіла сумку, падумаўшы, што ў апошнім рызыкоўным выслоўі ўсё ж хапае аптымізму, і тут жа на яе наляцеў нехта ў кепцы, схапіў за рукі й з глухім бурчэньнем прыціснуў да сьцяны газэтнага шапіка.