– Вось дык сустрэча на Эльбе! – прамовіў шчыра ўзрадаваны голас, і Вераніка пазнала ў цёмнай постаці нападніка не каго-небудзь, а Гілюка. – Вераніка Андрэеўна! Уратавалі вы старога, я, бачыце, ледзь ня гэхнуўся тут, даруйце за выражэньне!
– З вамі ўсё ў парадку? – Вераніка вырвалася з рук Гілюка, які ўсё так жа стаяў, прыціснуўшы яе да сьцяны, ды закаціла вочы. Яна рушыла наперад, молячыся, каб Гілюку было ў другі бок, але ён пайшоў побач, паціраючы рукі:
– Цяпер для грамадзянаў майго ўзросту самы небясьпечны пэрыяд, ведаеце, Вераніка Андрэеўна? У маладога ўсё зрасьцецца як мае быць, а нам вывіх ці пералом – усё, разьвітвайся з актыўным жыцьцём да самага канца... Канец жа блізка, колькі там нам засталося... Хацеў вось мерапрыемства правесьці перад сьмерцю. Пакуль магу яшчэ, пакуль сілы ёсьць... Не дзеля сябе ж, вы ж ведаеце, дзеля людзей... Дзеля дзяцей нашых... Вы ж ня замужам яшчэ, Вераніка Андрэеўна? Значыць, памяць яшчэ тая, яшчэ ня выжыў з розуму стары... Асьцярожненька, Вераніка Андрэеўна, трымайцеся за ручку...
Вераніка ўсё імкнулася ісьці самастойна, але вымушаная была прызнаць, што паслужлівая рука Гілюка пару разоў апынулася вельмі дарэчы. Ён сам, здавалася, не зважаў на падступную слоту, балбатаў нешта, шчасьлівы ад такое магчымасьці пагаварыць у нефармальнай абстаноўцы. Дый сама Вераніка адчувала сябе няўтульна: пад абаронай кабінэту, стала ды партрэта над ім яна б ня стала ў чарговы раз слухаць гэтае трызьненьне, але тут, на вуліцы, якая ўсіх двухногіх зводзіла да простага процістаяньня лёду пад нагамі, курчыць зь сябе ўладу не даводзілася. Таму яна проста йшла й маўчала, а Гілюк захоплена мармытаў ёй на вуха:
– Гэта ж унікальнае мерапрыемства атрымалася б, вы сабе ўявіце толькі... Журналістаў назапрашаем, тэлебачаньне... Людзі ў мяне надзейныя, адзін кандыдат навук, кожнаму, як кажуць, ёсьць што сказаць... Мне ж многа ня трэба, я ж пра ўсё ўжо дамовіўся, мне б дапамогу афіцыйную, ды за памяшканьне заплаціць... Такія ж рэчы грашыма не вымяраюцца на самой справе... Торцік нам спонсары дадуць, вам жа лёгка гэта ўсё, адзін званочак на фабрыку... Можа, у вас яшчэ кандыдатура ёсьць, можам, дарэчы, каго-небудзь зь лягернай адміністрацыі запрасіць, з кароткім дакладам... І дзяцей трэба, безь дзяцей ня будзе такога... такога...
Мэтро было ўжо даволі блізка, Вераніка адчула, як пад нагамі нарэшце зьявіўся ачышчаны ад пагрозьлівай лускі лёду асфальт, яна паскорыла хаду ды рашуча сказала:
– Паслухайце, давайце як патрыёт патрыёту. Справа барацьбы з фашыстамі вельмі адказная й патрабуе шмат сілаў, энэргіі. Вы ўжо стары чалавек, вы, я думаю, свой унёсак у нашу агульную барацьбу ўжо зрабілі. Займіцеся ўнукамі, адпачніце, прыходзьце на акцыі, заўсёды будзеце там жаданым госьцем. Не хвалюйцеся, вы добра паваявалі, саступіце нам эстафэту, маладыя ўсё за вас зробяць, можаце быць пэўныя!
Яна ляжала на сьпіне ды плакала, бо нагу скруціла проста невыносна, ад любога яе руху, нават ад плачу, калена працінаў такі боль, што ёй стала цяжка дыхаць, а ў ступаку ўжо адгукалася рэха гэтага болю, ажыўляючы схаваныя там іголкі, – Вераніка ціха плакала й баялася пахітаць галавой, а Гілюк мітусіўся над ёй і прыгаворваў нешта неразборлівае. Спадніца хутка ўбірала ў сябе слоту, і неўзабаве Вераніка была мокрая ажно да бялізны, нага паказвала ёй з дакорам абцас, і зусім блізка смаркаліся машыны, кідаючы на Вераніку брудны сьнег і дарожную соль. Гілюк схапіў яе пад пахі ды паспрабаваў падняць, але яна заверашчала зусім па-дзіцячаму: “Балюча! Балюча, не чапайце!”, і тады Гілюк дастаў зь яе сумачкі тэлефон ды патэлефанаваў у лякарню, і махаў Вераніцы заклапочана рукой, калі яе забірала хуткая.
***
Эдзік праводзіў яе зазвычай да мэтро, цалаваў на разьвітаньне, ён заўсёды імкнуўся захапіць пацалункам хаця б край яе вуснаў, але Вераніка змахвала ягоныя вусны са сваіх ды падстаўляла шчаку. Потым – паўпусты вагон, перасадка, гайданка перад канцавой станцыяй, і потым прыпынак чатырыста першага, амаль што ў чыстым полі, за якім, недзе на недасяжнай адлегласьці, цьмяна пабліскваў ускраінны мікрараён.
У той вечар яна выехала дамоў позна, але вечар быў такі лагодна-цёплы, людзей на вуліцах было так багата, штурханіна, якая заўсёды ўзьнікае пад зямлёй бліжэй да адзінаццаці, была такая дабрадушная... Хіба што кожны другі маладзён спрабаваў разгледзець яе майткі пад летняй сукенкай, і даводзілася быць пільнай ды сачыць за тым, каб сумка ляжала ўвесь час на каленях. Яна выйшла на прыпынак, натоўп паўп’яных шчасьлівых людзей перайшоў на другі бок вуліцы ды атакаваў старыя тралейбусы, а яна засталася, задуменна паглядаючы ім усьлед, думаючы пераважна пра Эдзіка, зь якім трэба было неадкладна нешта рабіць... На яе прыпынку стаяла жанчына зь дзіцём ды цьмяна знаёмы мужык у празрыстай футболцы, які энэргічна жаваў жуйку. Вераніка стала воддаль, з-за лесу чуўся шум шашы, дзяўчына ў чорным зачыніла са скрыгатам шапік ды села ў таксі. Мусіў быць яшчэ адзін чатырыста першы, Вераніка ў гэтым не сумнявалася – ён і прапоўз міма іх, натужна адолеўшы пад’ём, кіроўца нават пасьміхнуўся, калі ёй не падалося. Аднак людзі стаялі, і гэта надавала Вераніцы ўпэўненасьці. Аўтобус мусіў зьявіцца, а далей кароткая прабежка празь Сьвет, ну, можа, са знаёмымі перакінуцца двума словамі, ды Юрку п’янага ля пад’езду суцешыць, і спаць; есьці, праўда, хацелася, але на ноч есьці – самагубства, гэта кожны ведае...