***
– Я бы на вашым месцы... – казала Вераніка, але яе ніхто ня слухаў.
– Я бы на вашым месцы... – казала Вераніка, “Памаўчы”, – казала маці, “Заткніся”, – казаў брат, “Не перашкаджай”, – казаў бацька.
– Я бы на вашым месцы... – казала Вераніка, але ніхто не пускаў яе на сваё месца, і болей яна не казала гэткіх дурных словаў, і наогул амаль перастала гаварыць дома – здаецца, усе былі толькі радыя.
“Потны дым дыскатэк,” – хрыпуча цягнула Магда: о, гэта было Вераніцы знаёма – па суботах яна сустракалася ў мэтро зь вечна злоснай сакурсьніцай Вікай ды яе балбатлівымі сяброўкамі, і яны скідваліся на таксі, каб з шыкам пад’ехаць да недарагога, цеснаватага, але ўтульнага клюбу, які месьціўся недалёка ад унівэрсытэту. Між ягоных люстраных сьценаў, па якіх несьліся насустрач сваёй сьмерці статкі зялёных і малінавых колцаў, чапляючыся за перакрыўленыя музыкай твары танцораў, – менавіта там Вераніка ўпершыню ў жыцьці закахалася. П’яная ад музыкі, як ад добрай порцыі алькаголю, які, як вядома, шкодзіць кабетам больш, чым мужчынам, яна задыхалася, торгаючыся перад маладзёнам у расшпіленай кашулі, і ніяк не магла прагнаць ачмурэньне – яны не адыходзілі адно ад аднаго ўжо паўгадзіны, не спыняючыся ні на імгненьне, на безвалосых грудзёх хлопца танчыў вялікі крыж, пад доўгім носам, які, як ні дзіўна, толькі надаваў гэтаму зусім яшчэ хлопчыку хараства, вогнішчам палаў рот. Вераніка бачыла ягоны мокры язык, зубы ў пажаднай пене, хлопец рытмічна заглынаў паветра, у клюбе было душна, і галава балела, але хутка боль забываўся, заставаўся адно няспынны рассыпісты рокат, як быццам гудзіць, ніяк не жадаючы заціхаць, царкоўны звон... Яны глядзелі адно на аднога й танчылі, яны маглі б рабіць гэта да самае сьмерці, – палохаючыся самой сябе, Вераніка адчувала, што ёй нясьцерпна хочацца... Цяжка было патлумачыць, чаго менавіта, напэўна, так: ёй хацелася раскрыцца, – як раскрываецца кветка, як раскрываецца парасон, як адчыняюцца дзьверы перад кімсьці, хто мае ключ, як разгортваецца матылёк, як запрашальна адкрываецца кніга, канапа, вакно ў дажджлівую раніцу. Чаму менавіта перад ім: доўгі нос, д’ябальскія вочы, ладнае цела, засяроджанае на танцы – усё гэта было добра, але замала, а яна чамусьці не магла пакінуць яго, нібы загіпнатызаваная. Па жываце струменіў пот, Віка раздражнёна торгала яе за руку – адной зь яе сябровак стала блага, а Вераніка танчыла – пакуль даўганосы прывід ня зьнік кудысьці, і яна яшчэ трохі патапталася на месцы, па інэрцыі. Больш яна прывіду ніколі ня бачыла, але запомніла гэтае адчуваньне непрыналежнасьці самой сабе надоўга, і божа! – як потым балелі ногі! але ні з Эдзікам, ні пагатоў зь Лёнькам нічога падобнага яна не перажывала. Пакуль не сустрэла Яго.
Танчыць Вераніку ня трэба было вучыць, яна хадзіла ў школе ў танцавальны гурток і кінула заняткі якраз калі бацькам стала ўсё адно, наведвае яна іх ці не. Танцы хутка навучылі цела Веранікі пераключаць хуткасьці, яна займела незвычайную, але прыемную ладнасьць у рухах, нібы ўнутры запрацаваў таемны такі прыборчык, скарачаючы адны мускулы ды прытрымліваючы другія, усё стала так разумна ў целе, ногі выцягнуліся ды самаўпэўнена ўцягнулі калені, але раптам усё скончылася, калі аднойчы гурток паехаў у Польшчу, ды толькі безь Веранікі – яна тады прыкра й нечакана цяжка захварэла, прастыла, і іншыя выкладвалі на парты сувэніры, іншыя распавядалі важна пра прыпынкі аўтобуса ў памежным полі – пасьля гэтага Вераніка стала прапускаць заняткі, і есьці як ненармальная шакаляд, і не адказваць на ўстрывожаныя пытаньні кіраўніцы, і потым зусім закінула гурток, каб пасьля, у Цэнтры дзіцячае творчасьці, прыслухоўваючыся да глухога грукату дзіцячых ног па паркеце танцавальнае залі, са зьдзіўленьнем прыгадваць: а было ж, было ж, парэпаныя чэшкі, шэрыя панчошкі ў пакеце з напаўсьцёртым рэклямным малюнкам, вячэрнія вяртаньні ў прыціхлую школу, жоўтыя расколіны па краёх піяніна, супольны несуладны дроб паслухмяных ног, сярод якіх былі і яе, насамрэч, натуральна, дзьве, хаця ёй, бывала, здавалася, адна або пяць, у залежнасьці ад настрою.