Выбрать главу

***

Вераніка зрабіла зусім як у кіно, гэта быў правераны шматлікімі галівудзкімі тыгрыцамі спосаб: Ён ішоў па калідоры, здалёк усьміхаючыся ёй сваёй заўсёднай намесьніцкай усьмешкай, і яна не дазволіла свайму твару ўсьміхнуцца ў адказ, а калі параўнялася зь Ім – усьмешка яшчэ сьвяцілася, але думкамі Ён відавочна быў ужо ў кабінэце – то проста расьціснула пальцы, і паперы плаўна спляніравалі на дыван, замершы нарэшце ў картачных позах. Яму нічога не заставалася, як павярнуцца на абцасах ды схіліцца, таропка падымаючы дакумэнты, а Вераніка дапамагаць яму не сьпяшалася – стаяла ды глядзела, каб яе ногі былі ў неабходнай блізкасьці, асабліва пальцы ног, – яны мусілі трапіць яму на вочы, не маглі ня трапіць, а там ужо ў дзеяньне ўступаў лак. Гэта быў ня проста чырвоны лак для пазногцяў, гэта быў лак колеру запрашэньня, колеру гатовасьці, колеру поклічу ды звады, колеру, які не патрабаваў першага кроку, а адразу быў падрыхтаваны да другога, колеру без намінак, колеру наўпроставае спакусы. Ён ня мог не зьвярнуць на колер увагі, ня меў права, ён павінен быў усё ацаніць, паўтары гадзіны ў лазьніцы што-небудзь ды значаць. Дурненькі. Яна выставіла наперад адно калена, па назе, уздоўж уяўнай лініі ад сьцягна да костачкі, прайшла электрычная дрыготка, яна ўявіла сабе, як яго позірк, нібы далонь, павольна, козытна ды з усё большым жаданьнем, гладзіць яе скуру, перабольшана чыстую, непараўнальна аголеную, пад недвухсэнсоўнай маскай панчохаў. У Веранікі ажно забалела ў грудзёх. Ён падняўся расчаравальна шпарка, прыхлопнуў паперы ды вярнуў іх назад у пальцы Веранікі, трохі зьдзіўлены яе аслупянеласьцю. Усьміхнуўся, села на лоб ды пачысьціла пёркі бялявая пасма. “Вераніка вырашае памерці”, – сказаў Ён басам, засьмяяўся ды паправіў адзін зь лістоў у яе руках. – “Трэба як-небудзь пагаварыць з вамі пра літаратуру, Вераніка Андрэеўна. Камандзе патрэбны моцны гулец, а капітану – плячо, на якое можна абаперціся. Не забывайце!”. І пашыбаваў да дзьвярэй, за якімі сядзелі яны, яны, ня здольныя ацаніць, зразумець, слабыя, старэючыя, старыя, састарэлыя, зьмярцьвелыя, размаляваныя, якіх ён жартаўліва абдымаў у яе на вачох штодня, кемлівыя, уважлівыя...

***

Сустрэчы з пляменьнікам Вераніка баялася, бо зусім ня ведала, што яму сказаць, як сябе паводзіць. Нібыта яшчэ й не чалавекам было гэтае дзіця, а так – амаль чалавекам, недачалавекам: сапраўды, не размаўляць жа зь ім як з дарослым, а з другога боку, сюсюкаць ды гуляць з цацачным зьвяр’ём Вераніка ня ўмела. Цікава, думала яна, яшчэ ж ня так шмат часу мінула з тае пары, калі яна шыла вопратку для сваіх худых і фанабэрыстых, нібы фотамадэлькі, лялек, усяго нейкіх пяць гадоў, або шэсьць, а цяпер Вераніка ўжо дарослая жанчына, голіць ногі ды вяртаецца дамоў зацемна, не абавязаная нікому дакладваць, дзе была... – аднак жа, даставала калькулятар Вераніка Мудрая й перагіналася праз стол да Веранікі Наіўнай, пяць гадоў – гэта амаль чвэрць твайго жыцьця, палічы, прыкінь: для старога чалавека чвэрць жыцьця – гэта цэлае юнацтва зь дзяцінствам, самыя смачныя кавалкі ў слаёным пірагу ўспамінаў. Што сказаць пляменьніку, калі яна пераступіць парог, і ці казаць нешта наогул, можа, проста пагладзіць па галаве? Як і большасьць дарослых, Вераніка ставілася да дзяцей, як зазвычай ставяцца да бяскрыўдных ідыётаў, – паблажліва-спачувальна-замілавана; гэтак жа, здараецца, крычаць у самае вуха замежнаму госьцю, нібыта прычына моўнага непаразуменьня тоіцца ў ягонай глухаце.

Да таго ж пляменьнік быў стрыечны. Казалі, ён зусім ня быў падобны да іхнай радні, хутчэй да радні сястрынага мужа... Вераніка верыла ў голас крыві, верыла, што калі стрыечная сястра зразумее яе з паўслова, то родны брат – з паўгуку. Што стрыечная сястра выкліча пажарных, у той час як родны брат палезе ў агонь. Што ў стрыечнай сястры можна заўсёды пазычыць грошай, а родны брат дасьць проста так. Хаця асаблівых падставаў думаць такім чынам нібыта й не было: брат апошнім часам дома амаль не бываў, а калі й зьяўляўся, то адсыпаўся ад сваіх пастаянных п’янак і нават не пазнаваў Вераніку, цягнуўся да яе аслабелымі рукамі, абяцаючы то “забіць”, то “трахнуць”, потым прачынаўся праз суткі, маўчаў, глядзеў спадылба або выганяў з пакою, пасьля войска ён стаў яшчэ больш жорсткім, спаў у ботах ды слова ня мог сказаць, каб не мацюгнуцца... Яна яго шкадавала да сьлёз, бегала па піва, падносіла тазік... Брат усё-ткі. Зь сястрой Вераніка наадварот зблізілася, часам давярала свае таямніцы, прасіла парадаў у некаторых чыста практычных справах. Сястра й сама ёй тэлефанавала, цікавілася, як Вераніка маецца, перасьцерагала ад памылак, бо – рана табе яшчэ, давучыся, нікуды яны ад цябе ня дзенуцца, гэтыя памылкі, якім адно толькі трэба, і наогул, нармальную памылку яшчэ пашукаць трэба, каб усё было ў гэтай памылкі як мае быць, і з рукамі, і з нагамі, і паміж ног, і каб грошы памылка ў дом прыносіла, ёй вось, можна сказаць, пашанцавала, яе Віктар – памылка ня самая горшая, тупаваты, праўда, ды без пачуцьця гумару, але яны ўсе такія, калі жэняцца, затое колькі намаганьняў сястра прыклала, каб у Віктара і думкі такой не ўзьнікала, прабавіць час па-за домам. А бацькі Веранікі ў той час дзіўным чынам адсланіліся ад яе, толькі глядзелі зь нейкай абыякавай цікаўнасьцю: плыве сабе дачка, плыве, можа й даплыве кудысьці, а можа й не, хто яе ведае. Прынамсі, так Вераніцы здавалася. Добра, што хоць бацька кінуў піць, слова “завязаў” тут было якраз дарэчы, – ён і праўда нібы ўзяў аднойчы ды завязаў вузел на сваім гэтым папулярным у краіне хобі й з таго часу нават піва не ўжываў, і маці прымусіў. Вось жа, мягкацелы мужычок з вусікамі, а здолеў, Вераніка сама была ўражаная, ніколі ня ведаеш, чаго чакаць ад блізкіх людзей. Маці, праўда, употай папівала шампанскае, але Вераніка цьвёрда ведала: шампанскае – ад слова шампунь, такі самы безалькагольны напой.