– Вы... брат Лёні? – спытала Вераніка зьбянтэжана.
– Ды не, – хлопец засьмяяўся. – Я яго сусед.
Яны стаялі, глядзелі адно на аднаго і бязглузда ўсьміхаліся. Ён зрабіў крок наперад і ціха сказаў:
– Я цыгарэтку стрэльнуць зайшоў... У вас тут баляваньне ў поўным разгары, як я пагляджу.
Вераніка як у сьне прайшла на кухню, дзе ляжаў Лёнькаў запас на вечар, расьпячатала пачак, працягнула суседу, ён патрымаў яе пальцы ў сваіх лапах, ашчэрыўся:
– Мяне Андрэй завуць. А ты Вераніка, мне сусед распавядаў... Вось і пазнаёміліся. Прагуляцца ня хочаш, Веранічка?
– Хадзем, – сказала яна проста і зайшла зь ім у ліфт, ён быў так блізка, што ёй стала страшнавата-салодка. Яны выйшлі з пад’езду, ён стараўся ісьці трошкі ззаду, і яна пастаянна азіралася. Пасядзелі каля школы, папалілі. А калі Андрэй паклаў руку ёй на калена, яна скінула яе з уздыхам, памахала яму рукой ды зноў пайшла да Лёнькі. Яна магла б і не вяртацца, лепш было б адразу на аўтобус, можна было б і гэтага мядзьведзя папрасіць, каб правёў, але там, у Лёнькі, засталася сумачка, і яшчэ кофта. І тэлефон. Яна ўвайшла ў кватэру, прысланілася стомлена галавой да вушака. Ну чаму яны калі такія прывабныя, дык адразу такія нецярплівыя... Чаму ёй так не шанцуе? У прыбіральні некага старанна нудзіла. Вераніка надзела кофту, павесіла на плячо сумачку. Зірнула на тэлефон – трэба рухацца. Страчаны час ці ўсё ж не зусім страчаны... Цяжка сказаць. Гітара за сьцяной дзынькнула ды змоўкла. Пэўны час было ціха, а потым пачуўся сіплы голас Грышы:
– Нічога так твая Веранічка... Ножкі на пяцёрачку...
– А то, – сонна сказаў Лёнька.
– Толькі яна не ў маім гусьце, Леон. І вушы як у Чабурашкі...
За сьцяной заржалі.
– Ты б, Лёнька, ня зьвязваўся зь ёй, – сказаў ці то Пятруха, ці то нехта яшчэ. – Я калі па гарэлку бегаў, бачыў, яна зь Цьвяхам у абдымку ля школы сядзела...
– Адпусьці такую на пяць хвілінаў... Мы ж думалі, яна ўцякла... Кінула цябе, Леон. Адно слова – баба.
Вераніка і апомніцца не пасьпела, як перад ёй вырас зусім п’яны, рабы, як курыца, Лёнька са сьцятымі кулакамі. Ён не заўважыў яе спачатку ды бухнуўся на калені, спрабуючы завязаць матузкі, і Вераніка адхіснулася да сьцяны. Потым ён паволі ўзьняў твар. “Веранічка!” – ён кінуўся на яе ды паспрабаваў схапіць за рукі, але калі пабачыў яе твар, адразу ж адпусьціў. “Веранічка! Я ж цябе... Я ж люблю цябе, а? Я ж дзеля цябе... Я ж...” . “Што, што?” – зь цікаўнасьцю спытала Вераніка, падымаючы з падлогі сумку. “Я ж памру дзеля цябе”. “Ну давай, памірай, патэлефануеш потым, раскажаш, як усё прайшло!”. Яна ўзялася за дзьвярную ручку, задумалася, ці не разьвітацца ўсё ж з хлапцамі, і тут за сьпінай у яе рыпнула аконная шыба, нехта зарумзаў, як дзіця, а потым стала зусім ціха.
***
Шэсьць-восем хвілінаў. Менавіта за гэты час памірае кара галаўнога мозгу. Усё пачынаецца з рэфлекторнай затрымкі дыханьня – бывае, на цэлых трыццаць сэкундаў, а потым – безь перапынкаў ды тлумачэньняў, ключ з другога боку дзьвярэй, а гэты бок ужо глядзіць няўмольна анфас, і рука не дацягваецца да ручкі, хаця пальцы яшчэ ня могуць паверыць...
У некаторых пры гэтым з вушэй ідзе кроў. Але тут ня наш выпадак, на Вераніку нічога ня падала, хаця магло – чыста выбеленая столь кабінэту, напрыклад, зусім безь ляпных упрыгожаньняў, якія маглі б усё ж, пагодзімся з гэтым, мець месца, бо мы ў храме ўлады, акурат у цэнтры. Упрыгожаньні маглі б надаць моманту ўрачыстасьці. Але будаўнікі не халтурылі, і камісія, што прымала будынак, унікліва зьверыла ўсё з чарцяжамі. Пакінем усё ж гэтыя архітэктурныя турнірчыкі, мы й так штоімгненьне пад гідраўлічным прэсам паветра, і ніякай крыві на завушніцах, – паглядзім лепш, што было далей.
У крыві зьбіраецца, бы на знак пратэсту, пакліканая пераменамі вуглекіслата. Дыхальны цэнтр раздражняецца, удых доўгі й моцны. Сэрца працуе на ўсіх абаротах, артэрыяльны ціск расьце. Рукі й ногі Веранікі намагаюцца выканаць нейкі танец, або, хутчэй, далучыцца да таго дзіўнага карагоду рэчаў ды твараў, які запанаваў вакол. Дзьверы нецярпліва рвуцца з прывязі, бы зачапіліся за кручкі хлясьцікам, і стукаецца галавой аб столь партрэт, і кудысьці пад ногі адпаўзае манітор кампутара. Вуглекіслаты стала насамрэч занадта шмат, і гэта не падабаецца яе зьдзіўленаму целу. Выдых перамагае ўдых. Газавы склад крыві зьмяняецца, пульс запавольваецца. Рэфлексы выключаюцца, торкні Вераніку цяпер іголкай – яна й не заўважыць. Бачныя сьлізістыя абалонкі сінеюць, прытомнасьці ўжо няма, дый, па шчырасьці, ці ведалі мы, што гэта такое. Засталося зусім нядоўга, можна нават адпачыць. Пагатоў яе арганізм змарыўся ад гэтай кароткай, але насычанай барацьбы. Артэрыяльны ціск падае. Блукаючыя нэрвы занадта раздражнёныя, каб працягваць працу. Мы пагружаемся.