Выбрать главу

Вецер ударыў Вераніку па галаве, вочы сьлязіліся, валасы цягнулі назад, бы парашут. Яна выходзіла на трыбуну зь ясным разуменьнем, што ня памятае нічога з тэкстоўкі, і калі Вераніка чхнула ў мікрафон пасьля хвіліннай паўзы, баба-рэжысэр у роспачы заплюшчыла вочы, але тут ад парыву ветру грымнуўся на трыбуну вялікі плякат, і перад вачыма Веранікі як у караоке засьвяціліся нецярплівыя словы, яна пасьпешліва пачала вымаўляць іх, баючыся, што будзе позна, і ўрэшце аднекуль усплыў увесь тэкст, і ёй нават самой спадабалася, як зазьвінеў яе голас у другой страфе, ажно вецер сьціх, каб паслухаць, чаго ж тут сабраліся гэтыя маладыя ды старыя, па што, уласна, гэтая чарга, у якой не было нікога сярэдняга веку... ды потым страціў цікавасьць і палез да Веранікі цалавацца. Валасы лезьлі ёй у рот, ёй станавілася млосна ад уласных валасоў, валасы ліплі да краёчку губы, на якім пеніўся вульканчык урачыстасьці, валасы імкнуліся дабрацца да нёба. Пілётка трымала яе рукі, як адмысловыя кайданкі, а валасы, здавалася Вераніцы, хрумсьцелі на зубах, бы пясок, застравалі паміж іх, як зубныя ніткі, як іголкі пад пазногцямі, сьветлыя валасы, гідкія валасы, нібыта й не свае. Да “тарбамі” было яшчэ далёка, а Вераніка ледзь стрымлівалася, каб не званітаваць. Неяк яна дачытала да канца, а потым доўга сядзела пад трыбунай, між вянкоў, як жнейка, у залатой кароне, высоўвала язык ды вадзіла па ім пальцам, вылоўліваючы валасы. Рэжысэр, якая зазірнула за ганаровыя снапы, паглядзела на Вераніку з агідай і пачала корпацца ў торбах.

Што такое тарбамі, Вераніка так ніколі й не даведалася, і ніхто пра гэта ня ведае. Магчыма, пра гэта напісана ў нейкіх іншых кніжках, у гэтай дакладна не. А ўвогуле, фота атрымаліся файныя, Вераніка на іх нават нагадвала трохі Магду на яе самым вядомым постэры, дзе Магда была зьнятая падчас канцэрту... Валасы з роту яна даставала да самага вечара, і апошні неахвотна вылез зь яе, калі яна адмакала ў ваньне, сьветлы доўгі волас, які, можна было падумаць, рос недзе ўнутры Веранікі, і яна яго выдаліла.

***

Фільм быў францускі, а глядзела яна яго ў Эдзіка. Эдзік быў не зусім францускі, але амаль, у Эдзіка тата быў мастак і часта бываў за мяжой. Вох ужо гэтае замежжа, людзі – такія як вось, як бацькі Веранікі, напрыклад, – па інэрцыі лічаць яго чымсьці недаступна-раскошным, тым, чым яно было больш за дваццаць гадоў таму. Чалавек, які пабываў там, дагэтуль яшчэ выклікае зайздрасьць ды пашану, чалавек, які бывае там рэгулярна або, крый божа, жыве – выклікае нянавісьць. Нібыта ён адкусіў кавалак жалезнае заслоны, каб туды прабрацца, а не аформіў візу ды набыў квіток. Нібыта малочныя рэкі там бяруць пачатак не ад кароваў, а ад каралеўскіх карміліц. Нібыта дагэтуль, каб паглядзець такі францускі фільм, трэба прымаць меры перасьцярогі. Нібыта туды можна ўцячы ад сябе самога.

Бліжэй за ўсіх да замежжа, натуральна, моладзь і людзі гадоў васьмідзесяці. Першыя – бо для чалавека з заплюшчанымі вачыма заўжды адкрытыя ўсе дарогі. Другія – бо для іх існуе бязьвізавы рэжым у адно загадкавае найбліжэйшае замежжа, куды, зрэшты, ніхто надта не сьпяшаецца без патрэбы. Аднак тыя, хто ўсё ж выправіўся, не вяртаюцца. Добра там, відаць. Талерантная, гасьцінная краіна, дзе няважна, чым ты займаўся на радзіме. Туды ўжо паляцеў наш уласны карэспандэнт, будзем чакаць ад яго паведамленьняў.

Фільм называўся “Цырульніца Блянш”. Эдзік глядзеў толькі такія фільмы, дзіўныя, дурнаватыя, страшныя ды почасту занудлівыя. Зазвычай, калі Эдзік прывучаў яе да добрага, як ён казаў, кіно, “кіно не для ўсіх” (не, бля, усіх! – жартаваў тата Веранікі, калі чуў выпадкова назву гэтай рубрыкі з тэлеэкрану), Вераніка адольвала першыя хвілінаў пятнаццаць. Потым яна пачынала сачыць за Эдзікам. Той вачэй ад фільму ня мог адвесьці, сядзеў-пачухваўся, у яго была процьма відэакасэтаў, але ж кіна не для ўсіх было ня так ужо й мала, можа быць, столькі ж, колькі і гэтых усіх, рабіла выснову Вераніка, – калі некаторыя фільмы нават Эдзік быў вымушаны глядзець па тэлевізары. Цырульніца Блянш, немаладая, але дагледжаная ды абаяльная, працуе ў сваёй маленькай цырульні на вузкай брукаванай вулачцы. Натуральна, яна мае шмат пастаянных кліентак...