Выбрать главу

Я пераходжу ў вагон для курцоў. Побач нехта скручвае самакрутку, сьпераду дыміцца паголеная патыліца. Прыемна апынуцца сярод падобных да цябе самагубцаў. Я ведаю, што ніколі болей не патэлефаную Вераніцы, набіраю нумар і чую яе голас. Узрадаваны голас, але цеплыні я не адчуваю, скразьнякі яе калідораў дзьмуць скрозь слухаўку, водар казённых дываноў напаўняе вагон. Нехта за маёй сьпінай чхае. Мы размаўляем зь Веранікай ні пра што, пра нейкія тэлефонныя тарыфы, пра надвор’е, нібыта тут Афрыка, а там Антарктыда, тысяча кілямэтраў стомэтроўка для антыцыклёну. А потым я пачынаю злавацца, і намаўляю сябе спыніцца, і злуюся яшчэ мацней.

– Проста ты добры, – супакойвае мяне Вераніка, – ты занадта добры, ты ўсіх шкадуеш, нават гэтую навалач... А яшчэ ты рамантычны, ты вельмі рамантычны, вось цябе й цягне да ўсялякіх сумнеўных асобаў. Ведаеш, як хлопчыкі, якім падабаюцца антыгероі... Але яны не антыгероі, яны рэальныя злачынцы... Фашысты, разумееш? Ты заўсёды быў такі, цябе заўжды цягнула рабіць усё насуперак. Аднак гэта нармальна для дзяцей, дарослыя звычайна ўрэшце ўсё ж уцямліваюць, што да чаго.

– Лухта, – кажу я раздражнёна, – я што, таксама па-твойму гэты... фашыст... Вы проста падмяняеце ўсё, падмяняеце паняткі...

– Ты мяне ня слухаеш, – уздыхае Вераніка, – ты ніколі мяне ня слухаў. Ты наогул нікога ня слухаў, ты замкнуўся ў сабе, ты паўтараеш усьлед за гэтымі: народ-быдла, а ты хаця б размаўляў з гэтым быдлам калі-небудзь...

– Ня толькі размаўляў, – я выціскаю зь сябе максымум зласьлівасьці, але насамрэч атрымліваецца сумная, натужная фраза, – цалаваў яму ногі... Ня кажучы пра мноства іншых, інтымных рэчаў.

– А ідзі ты, – сьмяецца яна.

– Я забараняю табе сьмяяцца, – кажу я раптам гучна, і суседзі азіраюцца на мяне, але безь зьдзіўленьня: гэтыя рускія вечна лаюцца ды крычаць. – Я забараняю табе. Бо вы ня можаце сьмяяцца, ня здольныя, вы, забойцы. Вы кампрамэтуеце самую ідэю сьмеху. Адзінае, што вам дазволена, – гэта гнюсна рагатаць. І падхіхікваць начальству...

– Табе там што, зусім галаву задурылі? – спачувальна кажа Вераніка. – Ты кажаш як гэтыя нашыя зомбі. Каго мы забілі? Скажы мне, калі ласка.

– Мае мары. Сорак маленькіх крылатых істотаў. Па-твойму, гэта не злачынства?

– Слухай, канчай. Быццам няма іншых тэмаў. Распавёў бы лепш, як ты там харчуешся... Кажуць, у вас там няма чорнага хлеба. Зусім. Праўда? Я б павесілася. Вось я табе напішу сёньня... Далібог, сёньня ўсё кіну ды напішу.

Мне раптам хочацца забіць Вераніку. Ці, прынамсі, зрабіць ёй балюча. А яна, як ні ў чым ні бывала, распавядае мне пра стрыечную сястру.

– Прабач, – кажу я, – прабач. Я цябе вельмі ўважліва слухаю. Дарэчы, я не падумаў, у цябе ж на... на гэтай тваёй працы могуць быць праблемы праз мае тэлефанаваньні.

– Гэта яшчэ чаму?

– Ну, ня думаю, што ў вас там добра ставяцца да такіх, як я...

– Да якіх такіх, як ты?.. Не разумею. Панавыдумляў сабе нешта. Чаму гэта мне ня могуць пазваніць з-за мяжы? Што я, ў кадэбэ працую? Ці на вайсковым заводзе?

За акном зьяўляюцца лінейкі й цыркулі партовага гораду, і нада мной завісае ў руках лысага атлянта чорная аграмадзіна ягонага чамадана, а Вераніка ўсё гаворыць мне нешта са сваёй далечыні. Я б хацеў мець такую кнопку, як на маім мабільным тэлефоне – такую, якой можна было б сьцерці ў любы момант цэлую краіну. Хаця б на той час, пакуль яна табе не перазвоніць. А Вераніка ўсё балбоча – пра брата, абвараны палец, Чэслава й крышачку пра мяне, забыўшы, дзе яна, забыўшыся на Гілюка, які ціхенька сьцягвае ў яе са стала нейкую брашурку ды шукае ў кішэні акуляры; забыўшыся на чаргу, што цярпліва чакае ў калідоры, чаргу, што адчувае нязьменны гонар за самую сябе, – бо мала знойдзецца на сьвеце рэчаў, якія б з такім жа посьпехам і без усялякіх стратаў маглі ператварыць свой канец у свой жа пачатак.

***

На першы погляд мяне з гэтым дажджлівым партовым горадам нічога ня зьвязвала. Едучы сюды з Бэрліну на сваім першым ІСЕ і адчуваючы ўсім целам радасьць ініцыяцыі, я зноў спрабаваў прыгадаць, што я ведаю пра будучае месца майго выгнаньня. Рэч у тым, што выгнаньне я абраў па сваёй волі, а пра ўласную геаграфію мусіла паклапаціцца ўжо яно само. Пра гэты горад я ведаў мала, дый тое, што ведаў, абмяжоўвалася нейкімі неправеранымі фактамі, па кожны зь якіх трэ было лезьці ў даведнікі.

Так, на першы погляд я ня ведаў пра гэты горад амаль нічога. Калі я вымаўляў ягонае імя, у галаву прыходзіў адзін з клюбаў бундэслігі, сярэднявечны саюз партовых гарадоў, загадкавая мова й ня менш загадкавае халоднае мора. Даволі сьціплы набор, якім мог пахваліцца кожны другі мой суайчыньнік. Ад гэтага мне было прыкра. Я звыкся быць арыгінальным нават у дробязях, і гэты паўночны горад ставіў прыхадня на месца. Паўночным ён, між тым, быў, напэўна, адно ў маім уяўленьні: проста кантынэнт для мяне сьціснуўся ўрэшце да памераў адной краіны, той, па якой нёс маё цела цяпер рамантычны ІСЕ, і тут ужо ніхто б не запярэчыў – з гэтага пункту гледзішча горад быў несумненна паўночны.