Выбрать главу

– Ідзіце дамоў, заняткі скончаныя, – спахапілася Вераніка, якая ўсё не магла адвесьці погляд ад нагавіцаў Антонавіча, і навучэнцы кінуліся да выйсьця. Антонавіч прыхіліўся сьпінай да сьцяны, а лялька, пасьмейваючыся, апранала паліто і ніяк не магла трапіць у рукавы. Вераніка цьвёрдым крокам падыйшла да клоўна й працягнула да яго руку.

– Не! – мэлядраматычна закрычаў Антонавіч ды закрыў далоняй твар. Аднак Вераніка, не зважаючы на густы, так знаёмы ёй зь дзяцінства перагар, лёгка перадолела старэчы супраціў і сарвала зь перакошанай пысы чырвоны мяккі нос. І тады Антонавіч зь лямантам схапіўся за аголенае месца рукамі, нібы Вераніка нанесла яму крывавую рану.

У той дзень яна думала нядоўга і ўжо пасьля абеду распавяла ўсё дырэктарцы. “Ну натуральна, натуральна, такім ня месца ў дзіцячай установе!” – перабольшана ўсхваляваным голасам усклікнула дырэктарка й зараз жа звольніла Антонавіча, хаця насамрэч, і Вераніка не магла знайсьці гэтаму тлумачэньня, ня надта каб і зьдзівілася.

***

Да дому, на пятым паверсе якога жыла сям’я Драгуновых, Вераніка падыходзіла не бяз страху. Але гэта было грамадзкае даручэньне, і словы “Калі ня мы, то хто?”, кінутыя Нінай Дзьмітрыеўнай ураньні, чамусьці глыбока закранулі душу Веранікі. Сям’я – гэта было, канечне, моцна сказана, Драгуноў жыў з маці, а бацькі свайго нават ня ведаў, не было ў яго таксама ані братоў, ані сясьцёр. З дрыготкай у пальцах яна выклікала ліфт, размаляваны ды загаджаны, несумненна, самім яе апекаванцам, расчаравальна хутка паднялася на патрэбны паверх, перажагналася ў думках ды пазваніла. Высьветлілася, што ўсё было ня так ужо й жахліва. Прынамсі, кватэра Драгуновых мала чым адрозьнівалася ад іхнае кватэры, тут таксама было ў меру чыста, таксама стаяў за канапаю пыласос, з кухні пахла катлетамі, на сьценах расьлі кветачкі, а большую частку залі займаў набіты шклом сэрвант. Драгуноў, у спартовым трыко й майцы, паныла ўсьміхнуўся ды правёў Вераніку ў свой пакой, дзе было зусім ня страшна, толькі пахла цыгарэтным дымам. На сьцяне вісеў агромністы постэр з выявай падобнае да гарылы кіназоркі, з тых самых баевікоў, якія так любіў брат Веранікі.

– Гэта хто? – спытала Вераніка, каб неяк наладзіць кантакт.

– Ты што, кіно не глядзіш? – змрочна сказаў Драгуноў. – Гэта ж...

І назваў нейкае амэрыканскае прозьвішча, прычым відавочна няправільна.

– Напэўна, яго завуць усё ж... – запярэчыла Вераніка пасьля доўгага роздуму.

– Табе адкуль ведаць, – задуменна сказаў Драгуноў, але гэтым разам без пагарды. Вераніка ўрэшце выдыхнула, адчула сябе больш упэўнена, спытала, ці можна ёй сесьці на ложак. “Ды садзіся ты”, – кінуў раздражнёна Драгуноў, думаючы пра сваё. Яна села, дастала падручнікі, сшытак.

– Чым будзем сёньня займацца? – спытала яна, паклаўшы кнігі на калені.

– Сэксам! Мне адкуль ведаць, якой вы там хярнёй страдаеце? – агрызнуўся Драгуноў, але падсеў да яе, ад яго прымірэнча пахла потам ды тытунём, а больш, здаецца, нічым.

– Алгебрай? Фізыкай? – дапытвалася Вераніка. – Ці вось, расейскай літаратурай, мы цяпер цікавы твор чытаем, заўтра праверачная.

– Слухай, Вераніка, давай толькі хутчэй, падуры мне галаву сваёй хератой ды валі дахаты, – нязлосна сказаў Драгуноў і паглядзеў нецярпліва ў акно.

Вераніцы ня надта хацелася займацца з Драгуновым ні алгебрай, ні фізыкай, яна сама баялася гэтых прадметаў, бо ясна сабе ўяўляла, што нешта істотнае так і пройдзе міма яе, як ні шчыруюць настаўнікі. Яна з палёгкай паклала кнігі назад, пакінуўшы толькі адну, таўшчэзную хрэстаматыю.

– Тады літаратурай, – радасна прамовіла яна. – Цяпер мы праходзім твор Гогаля “Нос”. Ты ведаеш, як поўнасьцю звалі Гогаля? І назаві мне, калі ласка, калі ён нарадзіўся й памёр.

Драгуноў засунуў палец у нос і нічога не адказваў. Тут Вераніка, якая напружана разважала, якім чынам зацікавіць свайго апекаванца, пачула, як у кватэру нехта заходзіць, пачула цяжкі грукат торбаў, шоргат вопраткі на вешалцы ў перадпакоі.

– Мамаша прыйшла, – пазяхнуў Драгуноў.

І сапраўды, у пакой зазірнула поўная, прыгожая, дагледжаная жанчына, уся ў пярсьцёнках ды каралях, вельмі падобная да Драгунова носам ды падбародзьдзем. “Добры вечар”, – прасьпявала яна грудным голасам, – “Ты, напэўна, Вераніка, Алёша мне казаў, што вы хацелі сёньня пазаймацца. Я пайду зраблю гарбаты, а ты, Алёшанька, пакажаш потым дзяўчынцы, дзе ў нас прыбіральня”.

– Сама пакажаш, – прабурчаў Драгуноў і адкінуўся да сьцяны, пачухаўшы нагу.

Маці Драгунова ласкава пасьміхнулася ды, мэлядычна нагадаўшы пра нейкі “наш любімы пірог”, зачыніла дзьверы.