– Добрая ў цябе мама, – сказала Вераніка.
– Дрэнных не трымаем, – ашчэрыўся Драгуноў. – Слухай, што ты ўсё пра памёр, не памёр... Распавяла бы мне што-небудзь цікавае. Пра гэтага Гогаля.
Вераніка зьдзівілася, таропка заківала галавой, але нічога цікавага пра Гогаля ёй у галаву не прыходзіла. Зьнешне Гогаль ёй не падабаўся, сьлізкі ды непрыгожы, зусім на пісьменьніка не падобны, хутчэй на вычварэнца нейкага. Яна бачыла мімаходзь у бібліятэцы ягоную кніжку “Мёртвыя душы”, панылую, шэрую. А ім давядзецца і яе праходзіць.
– Давай ты мне лепш пачытаеш уголас! – узрадавалася Вераніка нечаканаму рашэньню праблемы. – У цябе ж з гэтым праблемы. Трэба больш трэніравацца.
Драгуноў заскрыгатаў зубамі, але потым прысунуўся да Веранікі бліжэй, узяў у яе кнігу й пачаў усё ж чытаць. Занятак гэты быў для Драгунова пакутлівы, чытаў ён па складох, занадта доўгія, на ягоную думку, словы рашуча скарачаў, абрубаючы да прыставак, а сустрэўшы складаны сказ, проста замяняў ягонае зьмесьціва невыразным мычаньнем. Вераніка досыць наслухалася такіх чытаньняў у школе. Голас Драгунова, які адразу ж, як толькі Драгуноў апусьціў вочы ў кніжку, стаў агідна-пісклявым, навяваў на яе сон. Але гэта было лепш, чым тлумачыць Драгунову нешта, да чаго ў самой няма асаблівае схільнасьці. На кухні завіхалася маці Драгунова, якая да таго ж яшчэ й сьпявала ля пліты, гэта Вераніку дужа зьдзіўляла. Вераніка пазяхнула ды пачала разглядваць пакой. На шафе стаяла пакрытая пылам мадэль самалёта, на стале ляжалі нейкія мэталёвыя шарыкі, пасьцель, край якой вызіраў з-пад шарсьцяное коўдры, даўно трэба было мяняць. Драгуноў нарэшце справіўся са старонкай і адкашляўся, гучна загарнуўшы кнігу.
– Ну што, гадзіцца? – спытаў ён і вярнуў кніжку на калені Веранікі. – Слухай...
Вераніка спалохалася, такімі жывёльнымі сталі раптам гэтыя вялікія пустыя вочы, што без папярэджаньня ўзьніклі проста перад яе тварам, такі бруд зацямніў іхную дагэтуль абыякавую сьветлыню, а Драгуноў загаварыў таропка, шумным шэптам, імкнучыся, каб ягоны подых ні за што не абмінўў твар Веранікі, каб яна адчула яго:
– Слухай, Вераніка, а пакажы мне свае цыцкі, а? Пакажы, Вераніка! Пакажы!
Яна ўскочыла зь месца, чырвоная ад сораму, а Драгуноў глядзеў абыякава на яе бязладныя рухі, ды казаў амаль апраўдальна:
– Ды што я сказаў? Дзеўбанутая нейкая... Я ж ня проста так... Я табе заплаціў бы, як пацан. У мяне капуста ёсьць, зарабіла б. Вось дурная. Ну, наша справа прапанаваць.
Вераніка аддыхалася ды вырашыла зараз жа ўзяць сябе ў рукі. Як ні дзіўна, у яе атрымалася, яна нават зноў села на ложак, толькі ўжо трошкі далей ад Драгунова. Тут якраз у пакой зноў зазірнула маці ды паклікала іх піць гарбату. Думаючы пра тое, што было б, пачні Драгуноў да яе лезьці (што-што? Закрычала б), Вераніка вымыла рукі й села за стол, засланы чыстым белым абрусам. Маці завяла зь Веранікай размову, распытвала пра яе сям’ю, пра тое, хто дзе працуе, гэтая вельмі прыемная жанчына з ружовай, празрыстай, быццам налітай малаком шыяй размаўляла так па-сяброўску, што Вераніка неяк неўпрыкмет забылася на нядаўняе здарэньне... Драгуноў крышыў пірог ды моўчкі крывіўся.
– А нашаму Алёшаньку вось не хапае сканцэнтраванасьці, – уздыхнула маці Драгунова ды паклала Вераніцы на сподачак яшчэ пірагу. – Вельмі за яго хвалююся. Здольных ня любяць, я ведаю...
І маці Драгунова пачала мякка дакараць сыночка за няўседлівасьць ды ляноту. Вераніка піла гарбату ды ня ведала, што сказаць. Тое, што яна чула, нібы гаварылася пра якога-небудзь Малькова, але з напаўдэбільным Драгуновым, якога ведалі як роднага ў дзіцячым пакоі міліцыі, які выпэцкаў аднойчы сьцены ў клясе прынесеным з прыбіральні лайном і некалі ўкусіў троечніцу Люду, і які цяперака з выразам глыбокае нянавісьці да навакольнага сьвету выкалупваў зь пірага разынкі, ніяк не стасавалася.
– Ня ведаю, кім ён стане, – пяшчотна зірнула на Драгунова маці ды горка ўздыхнула, – артыстам, навукоўцам або прэзыдэнтам банку, але нам трэба ўсім разам дапамагчы яму знайсьці свой шлях у жыцьці...
– Цяжка сказаць, – сьцепанула нарэшце плячыма Вераніка, – мне здаецца, яму спачатку трэба навучыцца чытаць, ён у вас дагэтуль па складах чытае...
На стол раптам упала злавеснае маўчаньне. Маці Драгунова зьбялела ды з бразгатам апусьціла кубак. Драгуноў скурчыў твар.
– Заткніся! – заенчыла маці Драгунова. – Заткні рот, прастытутка малая! Яшчэ адна будзе нас вучыць! І так швэндаюцца празь дзень! Разумныя такія ўсе! Ды вы пазногця ягонага ня вартыя!
Драгуноў засьмяяўся, маці ўстала, абагнула пасьпешліва стол і абняла яго за плечы. Вераніка папярхнулася й разьліла гарбату на абрус.