Выбрать главу

І вось сястра зрабіла тое, чаго ад яе не чакаў ніхто. Узяла й выправіла адным махам хібы свайго носа, схадзіўшы разок у студыю прыгажосьці. Уся радня дагэтуль абмяркоўвала гэты вар’яцкі ўчынак, за грошы, патрачаныя на апэрацыю, можна было набыць невялікі гараж на ўскраіне. Яны сустрэліся зь Веранікай у цэнтры гораду, сястра ўпэўненым крокам павяла яе, тады яшчэ трэцякурсьніцу, у дарагую, але бруднаватую кавярню за царквой. Яны селі, сястра запаліла цыгарэту, замовіла ледзянога шампанскага, і Вераніка з асалодай выпіла, з гордым жахам паглядаючы на сястру. А сястра са сьмехам распавядала ёй пра тое, што вымушаная была рабіць начамі з мужам, каб той пагадзіўся.

– Цяжка зь імі... Мне многія сябры казалі: не рабі гэтага, гэта дакладна адлюстроўвае твой характар. Адзін нават заявіў: табе твой нос пасуе, ты зь ім прыгожая й не такая як усе. Але разумееш, Веранічка...

Сястра затушыла цыгарэту й тут жа прыпаліла новую.

– Я сама ведаю, што й з такім носам лепшая за ўсіх. Але калі я цяпер гэта зрабіла... Я адчула сябе, як на крылах. Ведаеш, я стала сябе паважаць.

І Вераніка задумалася тады: як лёгка ўсё, вось і яна, калі зможа, расправіцца са сваімі вушамі, прывядзе іх да належнага стану. А сапраўды, у які аглушальна казачны час яны жывуць!.. Можна стаць скульптарам уласнага цела, а можна мастаком, а можна... Былі б толькі грошы.

На жаль, пасьля таго як Вераніка скончыла ўнівэрсытэт, зь сястрою яна стала бачыцца ўсё радзей, а потым і наогул сустракала яе толькі па вялікіх сямейных сьвятах. Магчыма, сястра вырашыла, што цяпер Вераніку, як падрыхтаванага жаўнера, можна са спакойным сумленьнем здаць на рукі жыцьцю. А потым сястра ўвогуле стала глядзець на Вераніку чамусьці то зь нейкай пагардай, то з дакорам, хаця й не казала нічога такога. А можа, мне проста гэта здаецца, думала Вераніка, на новай працы яна, як ёй здавалася, пачала някепска разьбірацца ў людзях, а вось са сваякамі зусім заблыталася. І яна ўпершыню ў сваім жыцьці з сумам узгадала мінулае, калі перабрала ў памяці іхныя колішнія размовы, і нават расплакалася неяк, паўтараючы “Проста я стала дарослая...”, і неяк лягчэй станавілася ад гэтых бессэнсоўных словаў.

***

Імпрэза была прысьвечаная чарговым угодкам перамогі над фашызмам, рыхтавацца да яе аддзел пачаў яшчэ ўзімку, таму цяпер, калі над палацам адначасова апусьціліся нарэшце вечар, верталёт з мэрам і змораныя сьцягі, Вераніцы ўсё навокал здавалася амаль нерэальным. Няўжо й праўда гэтае мерапрыемства, бяз згадкі пра якое, ускоснае або простае, не абыходзіўся ніводзін дзень, сапраўды адбудзецца, і празь нейкія дзьве-тры гадзіны на яго можна будзе забыцца... Перад пачаткам афіцыйнае часткі Вераніцы давялося пабегаць: яна сустракала й рассаджвала ганаровых гасьцей, папраўляла гальштукі на хлопчыках, мітусьліва шукала разам з астатнімі зьніклага гукаапэратара, які, як высьветлілася, нікуды й не зьнікаў, проста зайшоў у бліжэйшую краму электратавараў паглядзець футбол... Пад нагамі блыталіся маладыя паэты з суполкі “ПаЛІТрух” пад кіраўніцтвам Любові Сукубовіч: страшныя, успацелыя, адпрасаваныя, бледныя. Кожнаму трэба было ўсьміхнуцца, з кожным быць ветлівым, Вераніка раптам зразумела тую строгую бабу, якая калісьці рыхтавала яе да першага ў жыцьці выступу, зразумела, што такое адказнасьць. Нарэшце на сцэну выйшлі вядучыя, Вераніка зьнясілена прыхілілася да шэрай калёны за сьпінай гукарэжысэра ды заплюшчыла вочы...

Скулы яе балелі ад усьмешак, але ўсё, усё, у панядзелак адгул, а дома гарачая ванна... Яна зноў паглядзела на ярка асьветленую сцэну, дзе, нібы жаніх і нявеста, шчасьліва ўсьміхаліся шыкоўна разадзетыя вядучыя. Ім таксама даводзілася нялёгка, Вераніка шчыра раскайвалася цяпер, што за гадзіну да пачатку так груба, ажно парвалася нешта ў горле, накрычала на хлопца, які цяпер ладна й звонка пералічваў фундатараў сьвята. Гэта быў студэнт архітэктурнага Максім, прыгожы хлопчык, нічога ня скажаш, і галоўнае, адказны, такому б у іхным аддзеле працаваць – а накрычала ж з-за дробязі нейкай, ён пакінуў у куртцы нейкі сьпіс, вось і ўся праблема. Прыемны цяжар добра выкананай працы ўсадзіў-ткі Вераніку ў апошні рад, там было некалькі вольных месцаў. Яна азірнулася, на яе з удзячнай, супакаяльнай усьмешкай глядзеў Чэслаў. Вераніка ветліва пасьміхнулася яму ў адказ. Карлавіч нахіліўся да вуха мэра, які неяк празьмерна, па-дзіцячаму радаваўся таму, што адбывалася на сцэне, мэр выслухаў, азірнуўся, знайшоў Вераніку ды ёй падміргнуў. Няблага для пачатку.