Выбрать главу

Нечакана скрозь няспынны ўрачысты рокат дзявочага голасу, што йшоў з прымацаваных на сьцяне калёнак, Вераніка пачула таямніча-знаёмыя ноткі. Яна прыслухалася, не без намаганьняў, бо сэнс імпрэзы быў, натуральна ж, ня ў словах, якія гучалі са сцэны – у касьцюмах, у ардэнах, у ідэі, карацей кажучы, але ня ў словах. Са сцэны чыталі нешта ў рыфму, нешта, што яна ўжо недзе чула... Вераніка ня ведала, што там за тэкстоўкі раздалі ўдзельнікам, гэтым займалася практыкантка, і тут дзяўчына ў вайсковых ботах, якая ў пачцівай адзіноце замерла на сцэне, прамовіла ў паважную цішыню залі (зрэшты, цішыня гэтая каля таго месца, дзе сядзела Вераніка, парушалася віскам маленькіх балерын з калідору): “Палямі, лугамі, лясамі, хлябамі, клянемся навечна за подзьвіг тарбамі...”, і Вераніка ўспомніла, і зноў, каторы ўжо раз за гэты год, падумала, якая ж яна старая.

Потым у залю забеглі, трохі замінаючы адна адной (і гэта нягледзячы на ўсе рэпэтыцыі), маленькія балерыны, і пад самы дах паляцелі галубы, якіх наўмысна не кармілі цэлыя суткі... “Пад дахам павукоў багата”, – шапнула Ларыса, якая непрыкметна падсела да Веранікі, яна некалькі гадоў працавала ў гэтым палацы, – “Паляцелі есьці з галадухі.” Але ўсё далей ішло гладка, Вераніка змагла нарэшце расслабіцца, палюбавацца на Яго – Ён, як заўсёды апрануты па-плэйбойску, але з густам, весела рабіў прысяданьні перад сцэнаю, шчоўкаючы фотаапаратам. Грымнула музыка, публіка ўстала, потым зноў села. Пачаліся прамовы, прамовы, выступы, крэкчучы й машучы адмоўна галавой, нібы яго ўгаворвалі, на сцэну падняўся мэр, за ім глава, потым і Чэслаў сказаў некалькі словаў... Аднак тут ад Веранікі і яе калегаў ужо нічога не залежала, толькі б гукаапэратар не падвёў. Вераніка сядзела і ўсё больш пераконвалася, што трэба застацца на дыскатэку, трэба вытрасці зь сябе ўсю гэтую стому, што назапасілася ў порах яе душы за гэтыя месяцы.

Яна й засталася, і ёй у галаву зноў прыйшло параўнаньне гэтае імпрэзы зь вясельлем – яшчэ калі фае ачышчалі ад непатрэбных ужо стэндаў, яна заўважыла, як падобныя ўсе прысутныя на вясельных гасьцей у чаканьні блізкага пачастунку, людзі хадзілі, паціралі рукі, адпаведна апранутыя, з адпаведнымі жарцікамі. Мэр і сьвіта адправіліся ў кабінэт дырэктара палаца, а Вераніка з калегамі – у грымёрную. І там Вераніка дала сабе палёгку – выпіла спачатку адзін кубачак гарэлкі з апэльсінавым сокам, потым яшчэ, пілося лёгка, нібы дыхалася пасьля доўгага нырца ў халодную ваду. Потым яна танчыла з Максімам, потым выпіла яшчэ віна з самім мэрам, ля гардэробу ўжо калыхалася чарга, за вокнамі было цёмна, да палацу доўгай чарадой пад’яжджалі таксоўкі... Спачатку Вераніка ўважліва сачыла за тым, з кім танчыць Ён, але пакрысе Ён перастаў зьмяшчацца ў полі агляду, выпадаў, нібы наўмысна, і гэта раздражняла Вераніку. Яна цудоўна станчыла з Чэславам, які й тут умудраўся гладзіць яе па галаве, а потым зноў упала ў рукі Максіма, да якога раптам праніклася сымпатыяй і захацела ўсё, чуеш, усё распавесьці, зараз жа... Але шклянка Максіма была зусім пустая. “Хочаш, я табе прынясу зараз што-небудзь,” – цяжка варочаючы языком, сказала Вераніка й пацалавала студэнта ў шыю, каб не наважыўся ўцячы. Яна пайшла, і доўга не магла знайсьці грымёрку, і потым запыталася ў прыбіральшчыцы, і тая паказала дарогу праз два цёмныя апусьцелыя калідоры. Вераніка шумна ўвалілася ў пакой, на невялікай скураной канапе сядзеў Ён, а болей тут нікога не было, апрача цыгарэтнага дыму.

Ён быў абсалютна цьвярозы; няўважліва кіўнуўшы Вераніцы, Ён трымаў цыгарэту, аднак не падносіў яе да вуснаў, напружана думаючы пра нешта. “А, Вераніка гатовая памерці”, – нарэшце абыякава ўсьміхнуўся Ён пад яе запаленым поглядам. “Гледзячы з кім”, – нахабна прамовіла Вераніка, яна яшчэ ніколі так ні з кім не размаўляла нават па асьцы. Ён зьдзіўлена паглядзеў на яе, і ў вачах Яго бліснуў інтарэс. Вераніцы ў той момант нічога іншага й не было трэба, Максім, які, відаць, ужо навыдумляў сабе невядома што, быў імгненна забыты, так і сядзеў ён недзе на другім канцы зямлі з пустым плястмасавым кубачкам. Вераніка зрабіла рашучы крок да канапы й дакранулася сваімі каленямі да Ягоных. Ён паслухмяна даў ёй узяць сваю прахалодную, чыстую руку, ды пакласьці на лыткі Веранікі, потым яна, заміраючы ад нечаканае раскошы, дала гэтай руцэ самой пагуляць па яе нагах. Ён рабіў гэта нясьпешна, нібы лянотна, а другая, і трэцяя, і пятая, і ўсе ўнутраныя, незнаёмыя дагэтуль ёй Веранікі прымушалі першую, вонкавую раз за разам выгінацца ад асалоды. Недзе ўнізе Ён недарэчна шмыгнуў носам, і яна, прымружыўшы вочы, усьміхнулася, расшпіліла тым часам блузку, падражніла яго станікам, які якраз нібыта з уласнага жаданьня пачаў паціху спаўзаць... Неверагодная сьмеласьць захінала Вераніку пры думцы, што нехта можа ў любы момант увайсьці, яе пачынаў душыць нэрвовы сьмех, і гэта яе ўзбуджала. Ён шмыгнуў носам яшчэ раз і раптам ускінуў рукі ўверх, а затым дабрадушна, гучна засьмяяўся, спружыніста падняўся ды, усё яшчэ сьмеючыся, рушыў да дзьвярэй. Яна не абарочвалася й толькі чула, халадзеючы, як у пакой нехта ўвайшоў, цяжка дыхаючы, ды наліў сабе, зьедліва фыркнуўшы. На тым месцы, дзе Ён толькі што сядзеў, была цёплая, глыбокая ўмяціна, Вераніка апусьціла ў яе твар і пасядзела так крыху на кукішках, а потым паднялася, як была, у паўрасшпіленай блузцы ды задранай амаль да пояса спадніцы, Ён чокнуўся з Ларысай, пракаўтнуў Вераніку ды выйшаў вонкі.