Яна казала вельмі пераканаўча, даводзілася перакрыкваць цэлы стол, яна махала рукамі: высьветлілася, што ўсе замоўклі й глядзяць толькі на яе, глядзяць і зьдзекліва пасьміхаюцца. Ды толькі Вераніку было не спыніць. Фарбаваная ледзь ня падала тварам у талерку, поўную недапалкаў... Тут рот Веранікі заляпілі нечыя моцныя, з даўгімі кіпцямі пальцы, Вераніка намагалася іх скінуць, але рукі ня слухаліся, абмяклае цела гарэла. “Разыйшоўся Трулік”, – сказала Кулакоўская. “Піць нават бабе трэба ўмець,”— важка прамовіў з-пад яе Жора. Пальцы на вуснах Веранікі ўжо зьбіраліся расьціснуцца, але ім спадабалася гэтая гульня, і яны націснулі мацней, гэтыя пальцы з доўгімі пазногцямі, з пахам цыбулі. Вераніка пачала дрыгаць нагамі, талеркі на стале весела зазьвінелі. “Задушыш”, – дабрадушна сказала Маша, якая сёньня чытала даклад аб Насовічу. “Ды не,” – прамовіў сыты голас за сьпінай Веранікі, і тут жа Жора, ня скідваючы Кулакоўскай, узяў гітару, правёў па струнах: “Не, як яна яе задушыць?.. А нос для чаго?”. І ён усё ж скінуў з каленяў Кулакоўскую, узяў акорд і фальшыва працягнуў:
А нос нам для чаго,
А нос нам для чаго?
А нос нам для таго,
А нос нам для таго...
“Няхай носам дыхае,” – рэзюмаваў нехта, і размова перайшла на Іну, каралеву курсу. Мужчынская палова гасьцей з ахвотай падтрымала тэму, пасыпаліся жартачкі, плёткі... Пальцы, аднак, не адпускалі Вераніку, заціскаючы ёй рот зь нейкім амаль мэдыцынскім прафэсіяналізмам. Ад дыму ў яе сьлязіліся вочы, а ў вушах гайдаўся нядаўні Жораў эскпромт. І вельмі, вельмі хацелася жыць. Тым ня менш на Вераніку забыліся, і яна са зьдзіўленьнем, якое імгненна зьмянілася жахам, зразумела, што калі зараз жа, вось зараз жа не глыне паветра, то страціць прытомнасьць. “Прытомнасьць?” – зарагатала ўнутры адна зь бясконцых дадатковых Веранікаў, з усімі якімі яна яшчэ не перазнаёмілася. “Ды ты проста зараз...”. І зноў рогат, гэта засьмяяўся Жора, выконваючы мацерную песеньку, якую ўсе з задавальненьнем падхапілі. Усе, апрача Веранікі, у якой у вачах ужо была ноч – а ноччу якія ж песенькі. Пакой агушальна заравеў у прыпеве, і тая, чые пальцы ляжалі на Веранічыных вуснах, прасьпявала таксама, добра пастаўленым голасам, такія галасы на дарогах не валяюцца. Ад Веранікі, нібыта пакідаючы нецікавую кветку, аддзяляліся адна за адной лёгкія постаці ды, расслойваючыся, раствараліся ў паветры, машучы празрыстымі крыламі.
Сьвет раптам здрыгануўся й паплыў да адчыненага акна, туды, дзе на падваконьні сядзеў, зьвесіўшы ногі на сырую вуліцу, выдыхнуты вясёлым пакоем прывід. Вераніка яшчэ раз дрыганула нагамі, на спадніцу ёй упала гара нарэзанага сала ды недаедзеная фарбаванай вараная бульба, пасыпаная зьверху кропам і попелам. Фіранкі не варушыліся. На парозе нечакана вырас адзін з тых вусатых, якія глядзелі ў холе тэлевізар, у тым жыцьці, у мінулым, у эпоху бяз пальцаў на вуснах. “Ёсьць!” – закрычаў ён урачыста, зьняў капюшон і вываліў на стол мокрыя пляшкі. Пальцы расьціснуліся, і Вераніка падавілася паветрам, а тыя самыя пальцы ўжо клапатліва грукалі ёй па сьпіне. “Давай з намі!” – падміргнуў ёй Жорык, і вось Вераніка ўжо трымала, паліваючы спадніцу гарэлкай, плястмасавы кубачак і разявала бязгучна рот, бо й так грымела на ўвесь паверх: “Патаму што нельзя, патаму што нельзя, патаму што нельзя, патаму што нельзя!”. Твары танулі ў татарскім дыме. Зусім ужо здаровая, без усялякіх прыкметаў нядаўняй прастуды, яна ўсё ж азірнулася потым, каб высьветліць, чый жа гэта быў голас, але са сьцяны на Вераніку глядзеў толькі постэр успацелай, падобнай да пантэры Магды – рыхтык такі, які вісеў у Веранікі дома.
***
Яна бачыла, як Ён толькі што зайшоў у кабіну ліфта, як за Яго заўжды гатовай засьмяяцца сьпінай самкнуліся дзьверы, чула, як Ён задуменна зьвінеў ключамі, ведала нават, куды Ён ідзе (не пытайцеся, адкуль, у гэтым будынку ня ходзяць проста так на першы паверх), – яна бачыла, чула, ведала, і ўсё ж, праходзячы па пустэльным калідоры міма Ягонага кабінэту, націснула лёгка ручку. Ручка паддалася, кабінэт аказаўся незамкнутым, і Вераніка, падпарадкаваўшыся імгненнаму парываньню, увайшла. На ўсялякі выпадак у яе было тлумачэньне гэтага візыту, пад пахаю яна трымала напагатове вялікую скураную тэчку, у якой, папраўде, знаходзіўся толькі адзін аркуш, затое насамрэч важны, аркуш з гербам, які патрабаваў падпісаньня, хаця й не настолькі неадкладнага, каб ісьці зь ім да намесьніка проста зараз. Вераніка зьмяёй упаўзла ў кабінэт і ціха прычыніла дзьверы. Тут пахла плошчай ды добрай вэнтыляцыяй, скрозь краты адчыненых вокнаў даносіліся бадзёрыя крыкі будаўнікоў. Вераніка з салодкім пачуцьцём злачынцы агледзелася ды зноў схапілася за ручку дзьвярэй: з-за дзьвярэй невялікае, але высокае шафы вызірнула Ларыса ды адразу ж выставіла перад сабой далоні, нібы паказваючы, што яна ні да чаго не дакраналася. “Прывітаньне”, – агаломшана прамовіла Вераніка й зрабіла зь нявінным выглядам некалькі крокаў да стала, на якім, сярод вясёлага гармідару рэчаў, горда стаяў у цені дзяржаўнага сьцяга маленькі сьцяжок маладых антыфашыстаў на шэрай падстаўцы.