Выбрать главу

– Міласьці просім, – адгукнулася Ларыса, адступіўшы далей ад шафы, паказваючы, што ні за якай шафай яна ніколі не стаяла. – Ён у сталовую пайшоў, каву піць.

– А я пастанову па Рачку прынесла, – хутка сказала Вераніка. – Але, мусіць, я лепш яму ў рукі...

– Па Рачку? – зрабіла Ларыса вялікія вочы. – Так хутка? Яшчэ ж месяц ёсьць у запасе.

Вераніка паклала тэчку на стол і тут жа забрала назад. “Зараз мы адчынімся”, – дзьверы, здавалася, варушылі ручкай, аднак гэта лухта, адсюль павінна быць чутно, калі нехта набліжаецца да кабінэту. Нават гудзеньне ліфта яны б пачулі. Ларыса падыйшла да Ягонага крэсла й паклала рукі на сьпінку, чакальна паглядаючы на Вераніку.

– Добра, я пайду, – Вераніка, не адрываючы ад Ларысы вачэй, паволі зрабіла крок назад.

– Ну давай, – усьміхнулася Ларыса. – Пойдзеш са мной у абед у Цэнтральны? Толькі я сёньня ня ем... Так, банан сабе куплю.

– А я пірожнае, – прамовіла Вераніка з выклікам, потым пастаяла крыху моўчкі й дадала ўжо гучней:

– Крэмавае.

– Крэмавае? – задыхнулася Ларыса. – Ад салодкага ведаеш што бывае?

Вераніка зноў падыйшла бліжэй, цяпер паміж імі быў толькі Ягоны стол. Вецер варушыў сьцяжкамі, на манітор кампутару паволі апусьцілася муха.

– А ты што, дарэчы, тут робіш? – запыталася Вераніка ціхім голасам, паправіўшы нейкую паперчыну, якая ўжо была гатовая зьляцець з краю стала.

– Працую, – сказала Ларыса, выцягнуўшы галаву так, каб Вераніцы было відаць кожную зморшчыну на яе ілбе.

– У чужым кабінэце?

– У чужым, – са штучнай вінаватасьцю ў голасе адказала Ларыса.

– А можа, ня трэба ўсё ж у чужым?

– А можа, ня трэба суваць нос у чужыя справы?

– А можа...

Ён зайшоў у кабінэт як заўсёды спартовай хадою, нават трохі падскокваючы. “Якія людзі...” – мімаходзь правёў пальцамі па аголеным плячы Веранікі ды сеў паміж імі за стол, і муха расчаравана вылецела ў акно. “Ну што, Ларыса Бацькаўна, як посьпехі?”

– Ды тут у вас... – Ларыса зморшчылася, хітнула галавой на шафу. – Палову папераў трэба ў макулятуру.

– Добра, давядзецца сакратарку клікаць, – Ён адкінуўся ў крэсьле ды пацягнуўся. – Дзякуй за дапамогу. Уяўляеце, дзяўчаты: а кава ў іх – паверыць не магу – скончылася... Што за народ!..

– У сакратаркі Чэслава Карлавіча ёсьць, – сказала Ларыса, адчыняючы дзьверы. – І кававарка, калі яна толькі працуе.

– Ага, – адгукнуўся Ён, думкамі ўжо далёка ад кавы. – Так. А ў Веранікі Бацькаўны што?

Вераніка моўчкі паклала яму на стол тэчку, ён раскрыў, прабег вачыма ды засьмяяўся зьбянтэжана:

– Рана! З гэтым пачакаем! Не сьпяшайся так, Вераніка, сонейка, не сьпяшайся, а то памрэш!

Вераніка ўзяла тэчку ды пайшла да выхаду. Ларысы ў кабінэце ўжо не было.

– Пастой, – Ён падыйшоў да яе. – Ведаеш, Веранічка...

Яна моўчкі глядзела ўніз, на мыскі ягоных туфляў.

– Ведаеш, што... Ты толькі не крыўдуй.

Ён паклаў руку ёй на плячо ды паспрабаваў зазірнуць у вочы:

– Мы ў пятніцу гуляем супраць міліцыі. І, ведаеш, замест цябе вырашылі ўзяць Олю. Ну, гэтую, практыкантку... Яна нішто сабе знаўца, асабліва па розных юрыдычных пытаньнях... Пасядзі пакуль у запасе, адпачні... Окей?

Вераніка кіўнула ды ўзялася за ручку.

– Але ты прыходзь, пабалець! – крыкнуў Ён ды зноў сеў за стол, уключыў кампутар ды глыбока задумаўся, нібы Вераніка даўно ўжо выйшла.

***

Ты ў мяне ў гасьцях. Гэта, аднак, няпраўда: як можна быць у гасьцях у таго, хто сам вечна ў гасьцях? Як можна быць у гасьцях, знаходзячыся ў сябе на радзіме? Франк толькі што сыйшоў да сябе ў гатэль, і мы адразу ж выключаем сьвятло й забіраемся ў ложак. Месяц, гэтая сьветлавая рэкляма ночы, завіс акурат у нашым квадраце акна, і мне трохі шкада тых, хто да раніцы яго пазбаўленыя. Але не дзяліцца ж ім з астатнімі?