Выбрать главу

– Я яшчэ толькі пачынаю жыць! Я яшчэ не гатовая...

І зноў усё вярнулася ў зыходны пункт, яе твар, схаваны ў каленях, і маё няўклюднае маўчаньне. “Чаго ты сядзіш, ідзі ў аптэку!”—прастагнала яна: як вокамгненна зьляцелі зь яе пакорлівасьць і падатлівасьць, як па-ангельску сыйшла славутая жаночая слабасьць, і нашыя слоўцы для ўнутранага карыстаньня, шчасьлівыя дзеці ўзаемнага даверу, таксама кудысьці сплылі... Я нацягнуў нагавіцы ды майку, улез у тапачкі ды ў такім выглядзе выйшаў на вуліцу.

А там усё нібыта сьмяялася з нас. Я пачаў лічыць мамашаў з вазкамі, што праходзілі міма, і неўзабаве зьбіўся зь ліку, такое іх было мноства. З адчыненых вокнаў, з-за непарушных, быццам мармуровых складак на фіранках чуўся настойлівы дзіцячы плач. Плякаты заклікалі адзначыць Дзень маці-адзіночкі як мае быць – як гэта, цікава? Зграі п’яных паўголых маці ў парках замест дэсантнікаў і мужчыны, што прыціскаюць сысункоў да валасатых грудзей, у надзеі выціснуць зь сябе хаця б кроплю малака? І ўвечары, абавязкова – сьвяточны канцэрт у Палацы народу, з удзелам дваццаці айчынных зорак і адной Зойкі з блізкага замежжа. Вясна душыла горад, але гэта была толькі рэпэтыцыя летніх кашмараў. Такое надвор’е таксама міжволі наводзіла на думкі пра дзетанараджэньне: бо пры гэтай тэмпэратуры трэба ляжаць у хатняй прахалодзе з кім-небудзь блізкім твайму сэрцу, а пацець лепш удваіх. Я намагаўся ўявіць сваю будучыню, калі Вераніка сапраўды слушна ўсё зразумела, і ня мог. Я ўжо мог дацягнуцца пальцамі да сваіх трыццаці, а да дваццаці ўжо не... Вочы мае былі заплюшчаныя, будучыні я ня бачыў, толькі чырвоныя сполахі, зь якіх складвалася то Вераніка, то мой начальнік, то нейкая агністая котка. Кажуць, жанчыны й праўда здольныя гэта адчуваць. Калі ня нізам жывата, то сваёй трапяткой жаночай абалонкай. Ледзь ня трапіўшы пад сонную машыну ў цёмных акулярах, я перайшоў вуліцу ды адчыніў дзьверы аптэкі.

Тым часам Вераніка малілася. Сядзела ў майтках і расшпіленым станіку перад паласатымі выцьвілымі шпалерамі ды малілася. Калі б яна толькі здагадвалася, якімі нехрысьціянскімі рэчамі займаецца, то правалілася б празь зямлю (але туды нельга, там падвал, у якім якраз цяпер труцяць пацукоў). Як гэта робіцца, яна ня ведала, хаця й была хрышчонай: прайшла калісьці гэтыя водныя працэдуры з барадатым глухім інструктарам, здала нарматывы ды за няйменьнем значкі атрымала на шыю крыжык. Ну, як там у фільмах... Ойча наш, нейкія ясінанебясі, а далей як? А вусны яе ўжо складалі ўласны верш, які захлынаўся ва ўпэўненасьці, што ўсё ўжо вырашана гэтым усемагутным чыноўнікам, якога ніхто, папраўдзе, ня бачыў, але адно тэлефанаваньне якога руйнуе або ратуе жыцьці. “Пазбаў мяне ад яго!”—залямантавала яна нарэшце пра сябе страшныя словы ды бясьсільна разгарнула выпадковую цукерку, што плавілася пад падушкай.

Я вярнуўся, і Вераніка схавалася ў прыбіральні. Там нешта грымнула, і зарыпелі, зноў расчыняючыся, прагныя да публічнасьці дзьверы, і зноў бразнулі. Мне падалося, я чую, як цырчыць струменьчык. Я пайшоў на кухню ды прысмактаўся да крану й неўзабаве спалохаўся, што Вераніцы не застанецца вады – але ня мог адляпіцца. Яна выйшла, і па яе твары я зразумеў, што ўсё скончана. Рукі мае павольна наліваліся новай, бацькоўскай сілай, і заўтрашні дзень перамяшчаўся з-пад ног на плечы. Я зірнуў на Вераніку зь пяшчотай, я зусім не ўсьведамляў, хмары якіх пераменаў зацягваюць нашае дагэтуль бязвоблачнае неба, я выпрастаў сьпіну ды падрыхтаваўся сказаць ёй усё тое, што мусіла прагучаць толькі празь некалькі год. Але яна адсланілася й сама прыпала да крану, а потым з асалодаю села на халодны стол.

– Я цябе віншую, – сказала яна расчаравана. – Пранесла.

***

Да мэтро яны йшлі з Кулакоўскай. Па шчырасьці, Вераніцы было ўсё адно, з кім адольваць гэтую мізэрную адлегласьць: лапік асфальту перад унівэрсытэтам, прысыпаную пяском ды недапалкамі сьцежку, гулкі падземны пераход і поўную аўтамабільных адлюстраваньняў з аднаго боку ды аўтамібіляў з другога дарожку. Вучыцца заставалася ўсяго нічога, і самае прыкрае, што гэта нічога ніяк не хацела аднак праляцець непрыкметна – не, кожны дзень цягнуўся так, бы не зьмяшчаўся ў мех нябыту... Але постаці сакурсьнікаў тым ня менш шторазу ўсё выразьней гублялі сваю матэрыяльнасьць, знаёмыя здані, набор гукаў без значэньня. Яна памахвала сумкай ды згодна хітала галавой. На курсе яна ні з кім не сябравала, але ні з кім і не варагавала; сам факт таго, што Вераніка мела мянушку, сьведчыў пра тое, што ўсё ж нейкі сьлед яна тут пакінула.