Выбрать главу

– А табе неабходны хто-небудзь у ложку, – сьцьвярджальна сказала Вераніка, раззлаваўшыся.

– Што ты, Веранічка, даю слова, – пакрыўдзіўся Лёнька. – Што я, дэбіл, не разумею... Твая вучоба – сьвятое.

Яна пастаралася як найхутчэй скончыць гэтую размову і ўрэшце проста кінула слухаўку. Тэлефон загаласіў. Гэта зноў быў Юрык, ужо п’яны і, як заўсёды ў такім стане, настроены на філязофскі лад. Ён мэлянхалічна пасьвістваў ды сьмешна ікаў.

– Гэта... Як ты вабшчэ, Веранічка, – пачаў ён, і па голасе Юрыка было чуваць, што ён разьлічвае на доўгую зьмястоўную размову. – Можа, выйдзем, пакурым?

– Не магу, – пальцы Веранікі нешта казытала, і яна ажно павяла плячыма. – Іспыт заўтра.

Але казытка не спынілася, нешта варухнулася пад яе далоняй, што стомлена ляжала на адкрытых старонках. Вераніка раздражнёна зірнула, пачухаўшы далонь, і замахала рукамі ад агіды. Па старонках поўз жаўтавата-брунаты, даволі буйнога памеру таракан. “І адкуль жа ты ўзяўся?” – падумала Вераніка раззлаваўшыся, адначасова забіваючы пачвару чыстым лістом і крывячыся ад адчуваньня ягонага нябачнага цела пад падушачкамі пальцаў. Яна паднялася, каб аднесьці труп да ўнітаза, выйшла ў калідор і, можа быць, спакойна дабралася б да мэты, калі б не зірнула выпадкова на канапу ў залі ды, блізкая да непрытомнасьці, адступіла зноў да свайго пакою. З вузкіх палубаў чорнага пыласоса, што стаяў на сваім звыклым месцы, пагрозьлівыя ды незьлічоныя ў гэтай вайсковай сваёй уніформе, утвараючы часам невыносныя рухавыя купкі, разьбягаліся зь пераможным выглядам, дзіўна ладнымі шыхтамі, нібы падпарадкоўваючыся нейкаму загаду, рудыя жвавыя акупанты.

***

З-за дрэваў, што неахвотна расступаліся ў гэтым месцы, канца агароджы відаць не было, але паселішча займала невялікую тэрыторыю, яно плыло над лесам, як зьбіты зь бярвеньня ледакол. Вераніка ўздыхнула, падняла крысьсё плашча ды ступіла ў цёмную ваду рова.

Натуральна, можна было павярнуць налева, падняцца на ўзгорак й скаціцца потым зь яго проста да брамы з аблупленай шыльдаю “Піянэрскі лягер “Машыніст” і ўжо адтуль пашыбаваць да летняй сцэны. Але лішніх пытаньняў наконт таго, што яна рабіла па-за лягерам у небясьпечным сутоньні, было ў такім выпадку не пазьбегнуць. Бо каля брамы заўсёды сядзелі дзяжурныя са старэйшых атрадаў, гулялі ў карты або ў ножыкі, яны б абавязкова скруцілі Вераніку ды адвялі б да начальніцы. І – часу ў яе ўжо амаль не было. З-за навіслых над агароджаю карпусоў чулася, раптам абрываючыся й потым выбухаючы зноў, музыка – наладжвалі апаратуру, і нейкі голас, нібы наўмысна пасланы на пошукі Веранікі, раз-пораз далятаў да яе праз прыцемкі, выпушчаны з катапульты калёнак. І яна, моршчачыся ад халоднае вады, з адсырэлымі басаножкамі ў руках, хутка перабегла на той бераг. Прывітальна крумкалі жабкі, яны ўжо звыкліся з гэтымі таемнымі Веранічынымі ўцёкамі ды вяртаньнямі, Вераніка выцерла ногі крысом плашча ды азірнулася. Капітана яна ня бачыла, але ведала, што ён стаіць там, між ялінаў ды цяжкага, набрынялага вільгацьцю павуціньня, і маша ёй рукой, вось так, толькі трошкі ўзьняўшы руку й павольна варушачы пальцамі, – жадае ўдачы.

Яна надзвычай асьцярожна пралезла, прыгнуўшыся, праз адтуліну ў драцяной агароджы й потым з агідаю абулася, абкружаная брыдкімі пахамі, што жылі тут, нібы грыбы, напітаўшы сабой і раскіданыя вакол прагнілыя дошкі, і сьлізкі, вялізны, хутчэй за ўсё пусты ўнутры пень, у якім, цалкам магчыма, жылі сапраўдныя гадзюкі, і вялікі, павалены ў непрытульную траву тварам уніз шчыт, на сьпіне якога ўсё расплываліся ды не маглі расплыцца напісаныя алоўкам лічбы... Усё гэта Вераніка бачыла шмат разоў, месцазнаходжаньне кожнага прадмета яна ведала напамяць і магла заплюшчыўшы вочы адшукаць дарогу. Пасьля даўкага, п’янкога водару лесу марудзіць у гэтым месцы ёй не хацелася, і яна шпарка кінулася да карпусоў.

Яе адпачынак у “Машынісьце” сканчаўся, яна прабавіла між ягоных дратоў ды балёнікаў дзьве зьмены. Яшчэ ў Сьвеце, рыхтуючыся ехаць у лягер, яна з заміраньнем сэрца слухала аповеды тых, хто ўжо пабываў тут. І ўсё было гэтак сама, як ёй распавядалі ў задушлівым, густым кустоўі за домам: хлапечыя начныя вылазкі на дзявочую палову з выкарыстаньнем зубной пасты, гісторыі перад сном, пасьля якіх адна дзяўчынка зь іх атраду яшчэ тыдзень мачылася ў ложак, і піянэрбол на вытаптаным пяску, і конкурс песьні, на які Вераніку нават не ўзялі – забракавалі, і яна праплакала ўвесь дзень, схаваўшыся на ўскраіне лягеру, за паваленым дубам, адкуль яе прагналі старэйшыя хлопцы, і купаньне ў соннай, неглыбокай рэчцы, і камары, камары, камары... – пакуль не пачаўся гэты сэзон дажджоў, пасьля якога лягер ледзь не затапіла. Бацькі прыяжджалі да яе па выходных, але без энтузіязму – Вераніка бачыла, што ім карціць як найхутчэй зьехаць, і яны нават ня слухаюць, што яна распавядае ім дрыготкім ад захапленьня голасам. Брат так і не прыехаў ніводнага разу, але што там казаць, ён быў якраз у такім узросьце, як іхныя дзяжурныя каля ўваходу: ножыкі, карты...