Менавіта пасьля гісторыі з конкурсам песьні Вераніка знайшла гэтую адтуліну ў агароджы. Невядома калі павалены дуб, што ляжаў паблізу ад сталовай, надзейна захінаў ад вачэй важатых ды выхавальнікаў зарослую густой высокай травой выспу, за якой, у сваю чаргу, тырчаў пень у клятчастым цені. Тым разам Вераніка, у якой яшчэ пяршыла ў горле ад крыўды ды нядаўніх сьлёзаў, доўга стаяла перад раптоўна знойдзенай адтулінай. Хто ведае, можа, ёй карысталіся дарослыя, каб зьбегаць у бліжэйшую вёску па самагон, можа, важатыя лазілі празь яе, каб патанчыць на дыскатэцы ў райцэнтры, да якога было кілямэтраў пяць... Вераніцы было соладка ды страшна, калі яна ўсё ж закрыла ўспацелай далоняй вочы свайму страху ды вылезла вонкі, адразу ж упаўшы ў замаскаваную палым гальлём канаву ды перапэцкаўшы ў глей сукенку. Тады яна вырашыла не адыходзіць далёка ад лягеру, пагуляла між зманліва рэдкіх ялінак, пазрывала яшчэ зеленаватых ягадаў ды выкінула іх каля заняпалага мурашніка... Але потым усё ж заблудзілася, бо навязьлівыя ўспаміны заміналі думаць пра нешта апрача нядаўняе несправядлівасьці й гналі ногі наперад. Неўзабаве яна выйшла да рэчкі. Цалкам магчыма, гэта была тая самая рэчка, у якой, трохі, відаць, далей, там, дзе сканчаўся лес, яны плёскаліся падчас першае зьмены. А можа, і не. Яна падыйшла да самае вады, і рукі самі ўзялі каменьчык і кінулі яго, млява ды няўпэўнена, у нясьпешную, амаль нябачную плынь. Нібыта ў каменьчыку была схаваная яе крыўда, нібыта пасьля гэтага яна цудадзейным чынам вернецца ў лягер, і важатая Сьвета кінецца да яе з прабачэньнямі. А каханьне яе ў іголцы, а сьмерць у яйку, а шчасьце ў куфры... Ці ня ў куфры. Зноў яна ўсё пераблытала. Вакол было ветрана ды вусьцішна. Яна павярнула галаву ды пабачыла Капітана. Ён паманіў яе пальцам: хадзі сюды, і яна, напачатку ўжо памкнуўшыся ўсім целам да лесу, потым стрымалася й баязьліва падыйшла. На першы погляд здавалася, Капітан лавіў рыбу, але потым, калі яны сустрэліся тут ужо другі раз, Вераніка ўцяміла, што Капітан быў занадта задуменны, каб хаця б нешта ўпаляваць у гэтай лянотнай, растлусьцелай, амаль нерухомай вадзе.
Капітан жыў паблізу ў намёце, які чужому знайсьці было, бадай што, немагчыма, бо яго ад цікаўных вачэй абараняла вельмі падступнае на выгляд, быццам вынутае са змрочнай казкі й перанесенае сюды разам з зацьвілай багнаю ды зеленаватым сьвячэньнем, балота. Капітан браў Вераніку за руку ды йшоў адно яму вядомымі сьцежкамі. Пазьней, калі Вераніка ўжо скончыла ўнівэрсытэт, яна толькі жахалася, што магло б зь ёй здарыцца, акажыся Капітан іншым чалавекам – уся рызыка яе колішняй бесклапотнасьці паўстала перад Веранікаю ва ўвесь свой пачварны рост. Напэўна, і той, з крыламі, нябачны, хто не пакідаў Вераніку ўсё яе жыцьцё, то хаваючыся за фіранкамі, то выступаючы раптам з паветра, як Копэрфілд, у тую лягерную пару таксама йшоў за Веранікай, якая даверліва трымала Капітана за руку, ішоў, спатыкаючыся, правальваючыся па калена ды зноў ступаючы па купінах...
Спачатку яны з Капітанам маўчалі, а потым урэшце разгаварыліся: Капітан распытваў яе пра бацькоў, пра лягер, і неўзабаве Вераніка ўжо распавядала пра сябе, захлынаючыся, пырскаючы падлеткавай чыстай сьлінай, пра брата, пра важатую Сьвету... Капітан быў сапраўдны – ён насіў адмысловую фуражку, ён пыхкаў люлькай, ён быў барадаты й надзвычай маркотны. Пах ягоных высачэзных, зялёна-бурых, як балота, ботаў Вераніка памятала яшчэ доўга. Правая рука Капітана была зь нейкім загадкавым пашкоджаньнем: ён ня мог разагнуць як сьлед ні яе, ні пальцы... Затое левая працавала за дваіх, і Вераніцы было прыемна трымацца за гэтую руку, цьвёрдую, бы камень. У той час ёй пачалі сьніцца дзіўныя сны: парашутысты над ранішнім туманным лесам, тайныя знакі, скрыжаваныя лапаты... Дзіўна: болей такога зь Веранікаю ніколі не здаралася. Яна вярталася ў лягер як у сьне й не магла ўначы заснуць. Важатыя нічога не заўважалі. А аднойчы Вераніка заснула ў намёце Капітана – узяло сваё доўга бяссоньне – і вярнулася ў лягер толькі ўначы. Як заўсёды, Капітан правёў яе да агароджы. Яна, палохаючыся кожнага гуку, прабралася нарэшце, абмінаючы ліхтары, да свайго корпусу ды не распранаючыся шуснула пад коўдру, пачуўшы на ганку нечы голас. Але гэтае спазьненьне сыйшло ёй з рук, ніхто нічога не заўважыў.