Сваю кватэру яна добра сабе ўяўляла й нават да дробязяў прадумала, што дзе будзе стаяць. Праўда, калі б Вераніка адплюшчыла вочы, то заўважыла б, як гэтая чатырохпакаёўка нагадвае такую самую ў адным з тых фільмаў, якія яна глядзела калісьці з Эдзікам у яго дома. Тым часам як Эдзік, апанаваны дзеяй, ляжаў з разяўленым ротам і машынальна пачухваўся, Вераніка мімаволі запамінала ўсе падрабязнасьці нянаскае раскошы. Гэта мусіла быць някідкая, але густоўная раскоша, і менавіта раскоша, а не які-небудзь там мадэрн – у цёмна-брунатных танах, са старажытным дрэвам, з аркамі па ўсёй кватэры, з узорамі, што паўтараюцца скрозь, ад ручак на дзьвярах да ляпніны на сьценах, з агромністымі люстрамі...
У той вечар маці ўсё лагодна папікала яе за няўважлівасьць. Усё, да чаго б ні дакраналася Вераніка, ламалася, білася, зьвінела, пагрозьліва хрумсьцела... Яна й праўда чарговы раз задумалася пра сваё будучае жытло. Хто там будзе жыць разам зь ёй, хто варты выгульваць сабакаў яе жаданьняў, каму яна будзе прыслугоўваць у гэтым доме пакорлівай рабыняй, каго будзе катаваць суворай каралевай – не выклікала сумневу. Сэрца Веранікі забілася часьцей, на шыі выступіў пот. Яна прайшла ў свой пакой і дастала халат, яна ўсяго толькі зьбіралася прыняць ванну ды потым упасьці ў ложак да заўтра. Раптам у перадпакоі пачулася квахтаньне маці й потым – хрыпаты вокрык брата. Вось дык сюрпрыз. Даўно ён не прыходзіў так рана.
Брат, мяркуючы па ўсім, пайшоў у кухню. Вераніка шмат разоў бачыла, як ён есьць – прагна, нібыта зьвер, з чвяканьнем, і выцірае пальцы аб абрус... Ніяк ня выбіць зь яго гэтай дурной звычкі. Яна пачула, як брат зачыніўся ў лазьніцы, і разгублена павесіла халат зноў у шафу. Зашумела вада. Вераніка села за сьвежы нумар Vogue, які сёньня дала ёй пачытаць Рыта. Але з прыходам брата ў кватэры стала трывожна ды неяк брудна, думкі блыталіся, ад былое радасьці не засталося анічога. “Пагавары ты зь ім”, – маці ўвайшла ды села на канапу. “Можа, цябе паслухае... Што гэта за праца такая... Начэй ня сьпіць...”. “Пагавару”, – адмахнулася раздражнёна Вераніка й зноў села да маці сьпінай. Дзіўная справа, на брата яна ніколі як сьлед не злавалася, хаця й ня горш за іншых разумела, што трэба яму неяк дапамагчы. А вось маці зь яе сьлязьлівым голасам і вечнымі, нейкімі мэханізаванымі ўздыхамі Вераніку вельмі раздражняла. Чаму вы ня думаеце пра мяне? – так і хацелася почасту крыкнуць Вераніцы бацькам у твар. Вы што, думаеце, што ў мяне ўсё добра? Маці пасядзела яшчэ крыху ды выйшла, усё гэтак жа ўздыхаючы. “Ну што ты ўсё ўздыхаеш?” – кінула Вераніка ціха, не абарочваючыся. Яна хацела сказаць нешта супакаяльнае, але атрымалася зусім груба ды недарэчна. “Ды чаго я пераймаюся?” – Вераніка марна намагалася настроіць сябе на ранейшы летуценны лад. “Сама яна як са мной размаўляе...”
Брат ніяк не хацеў выходзіць з лазьніцы, і Вераніка ўжо стала задумвацца пра тое, ці не адкласьці ванну на заўтрашнюю раніцу. Так непрыкметна праляцела гадзіна. Бацька выйшаў на кухню запарыць сабе гарбаты, доўга кашляў, потым адплёўваўся ў ракавіну. Гэта ў апошні час здаралася нячаста, каб ён выходзіў з залі. Вераніка распранулася, накінула халат і выйшла ў калідор. “У цябе ўсё нармальна?” – пагрукала яна асьцярожна ў дзьверы лазьніцы, ды назвала брата па імені. І, як заўсёды, у вачох зашчыпала. Па імені ён заставаўся, заўсёды заставаўся для яе тым самым хлопчыкам, які вучыў яе плаваць і абараняў ад сьветаўскіх адмарозкаў. Быццам і не было войска, і гэтага дзікунскага бляску ў вачах, і страшных кругоў пад імі, і смуроду ад ягонае вопраткі, і вечнага перагару... Напэўна, ён любіў яе. Па-свойму, але любіў. Вось жа, і тэлефон падараваў тады. “Нармальна”, – раўнуў нехта з лазьніцы, і зноў уключыў ваду. Вераніка ўсьміхнулася й пайшла да сябе. Легла, адгарнула кніжку Каэльё. За вакном было ўжо цёмна. Сьвет пакрысе сьціхаў, толькі ля гастранома лямантавалі нейкую песьню, з тых, што любіла практыкантка ў іх аддзеле.
Чытаць было лёгка й прыемна. Аднак раман быў прачытаны з пачатку й да канца, а брат усё не выходзіў з лазьніцы. Хваляваньне панура змагалася са стомай. Вераніка адчула, што яшчэ трошкі, і яна праваліцца туды ж, куды правальваюцца ўсе чытачы кніг у такіх вокладках. Трэба было хаця б пачысьціць зубы. Яна зноў падыйшла да лазьніцы, але адразу ж уцякла ў пакой ды залезла пад коўдру, бо пачула, як брат шумліва падымаецца з ванны. Ён нарэшце выйшаў, загорнуты ў ручнік, зайшоў у пакой ды, не зважаючы на Вераніку, пачаў апранацца, дастаў кашулю, швэдар, джынсы... Вераніка адвярнулася тварам да сьцяны.