– Ты што, зноў сыходзіш? – спытала яна баязьліва, не абарочваючыся.
Брат не адказаў. Мяркуючы па паху, ён апранаў гэтую сваю немагчымую куртку. Тут жа ў пакой уляцела маці ды пачала ўгаворваць яго застацца. Ну што яна такое нясе: Вераніку ажно перасмыкнула. Спрабуе завабіць яго сваёй сумнеўнай гастраноміяй. Нібыта яму пятнаццаць і ён прыехаў з Зарніцы. Яна павярнулася, брат адштурхнуў маці ды выйшаў у калідор, схіліўся над сваім брудным абуткам. У дзьверы раптам пазванілі. Маці пабегла адчыняць, адначасова ўмольна азіраючыся на сына. Вераніка пагардліва закаціла вочы, але на душы ў яе станавілася ўсё неспакойней. “У вочка паглядзі спачатку!”—крыкнула яна, дакрануўшыся да братавай рукі. “Што ты вечна адчыняеш невядома каму!”. “Ды гэта Юрка, відаць, сусед,” – нібыта ніхто тут ня ведаў Юрку; маці прытулілася да вочка й потым перапалохана азірнулася: “Міліцыя”.
Брат тым часам задыхаў часта-часта, замармытаў нешта й мыском нагі адштурхнуў чаравікі ў кут. Маці раптам стала паўтараць, нібы заіка, ягонае імя, вусны яе затрымцелі. “Не аддам!” – зашаптала яна, і гэтыя словы, дрыжучы ў яе на вуснах, гучалі ўсё мацней і невыносьней, хоць вушы заціскай. Незадаволена заскрыгатала ў залі канапа пад бацькам. Брат сьціснуў кулакі ды паваліўся на сьцяну, бы хацеў праламіць яе лбом, але потым ускочыў на ногі ды рушыў да іхнага зь Веранікай пакою. У дзьверы загрукалі і, відаць нагамі. Вераніка, якая стаяла ў проймах, пабачыла на імгненьне, як праз шкло, вялізны, з парэзамі пасьля нядаўняга галеньня твар брата, і тут жа ўдар такое сілы прыйшоўся ёй у жывот, што яна нават ня ўпала на палогу, яна толькі папаўзла па вушаку, адчуваючы, што ня можа дыхаць, і схапілася абедзьвюма рукамі за ручку, якая нечакана апынулася недзе высока над галавой. Маці загаласіла. Брат падбег да акна, змахнуў кветкі, вырваў шыбу ды няўклюдна скочыў уніз. “Маць-маць-маць-маць”, – пачуўся зьнізу ягоны жаласьлівы, працяглы енк, і дзелавіта-задаволеныя, узрушаныя галасы міліцыянтаў нецярпліва клікалі нейкага Рамана.
***
– Сьведкі сьцьвярджаюць адваротнае, – хітра пасьміхнуўся Сухараў, той самы Сухараў, які апошнім часам быў у іхным аддзеле частым госьцем і нават прыцягнуў неяк Вераніцы букет зэфірна-белых ружаў, ад саладжавага выгляду якіх, яна памятала, ёй так непрыемна зьвяло нёба.
Па шчырасьці, нават у калідоры Вераніка яшчэ ня ведала, што ж яна будзе гаварыць. “Мы мусім яго выцягнуць”, – шапнуў Ён ёй на вуха, і яна павяла задаволена плячом ад казыткі. “Не губі хлопца”. Сумнявацца пасьля гэтага добразычлівага шэпту не выпадала, але ж усё адно язык муляў, нібы на ім зьявілася невядомая язвачка. “Скажы мне што-небудзь яшчэ”, – хацелася прашаптаць у адказ, наблізіцца да ягонага такога апэтытнага вуха й выдыхнуць: “Скажы, зараз жа”. І тады б калідор, хіснуўшыся яшчэ раз, стаў бы нарэшце на месца, і перасталі б дваіцца, траіцца насупленыя твары, і вярнулася б у свае каляіны падобная да чыгункі, паласатая столь. На шчасьце, пакуль яна йшла паўз вузкі праход між крэслаў да свайго месца, усё цудоўным чынам праясьнілася. Варта было толькі зірнуць на галоўных удзельнікаў гэтага мерапрыемства. І Вераніка, ведаючы, што часу ў яе няшмат, адразу зрабіла слушныя высновы. Язвачка растала – ані шнарыку, і Ягоная прысутнасьць там, за сьцяной, стала яшчэ больш унушальнай ды адчувальнай.
Гэтая жанчына Вераніцы адразу ж не спадабалася. Не спадабаліся яе трохі ўжо пасівелыя валасы, якія яна нэрвова прыбірала раз-пораз назад, да зьлезлай амаль на вуха заколкі, яе стары швэдар, у якім можна было б хадзіць хіба на лецішчы, яе акуляры, пад якімі зь нянавісьцю часта паміргвалі падсьлепаватыя вочы, яе рукі, якія яна то сплятала, то расплятала – з хуткасьцю пэрсанажа нямога кіно. Так, галава яе была забінтаваная, і белы бінт так і кідаўся ў вочы, бо быў, відавочна, самым чыстым, што трымала на сабе яе цела. Але й бінт Вераніку раздражняў: неяк надта ганарыста яна яго выстаўляла, нібыта сувала прысутным у нос: зірніце, панюхайце, вось. На зьяўленьне ў залі Веранікі жанчына адрэагавала насьцярожаным позіркам і ўсё мацней упівалася ў Вераніку вачыма, па меры таго, як Вераніка набліжалася. Напэўна, яна спадзявалася зьбянтэжыць Вераніку. “Якія сьведкі?” – прамовіла яна, і бляклага голасу яе было амаль не чуваць у залі, а можа, яна нічога й не казала, толькі адкрыла рот, у якім чарнелі між зубоў жахлівыя прагаліны. А вось якія, злосна адказала ёй позіркам на позірк Вераніка ды распрастала плечы: маладыя, упэўненыя ў сабе, ладныя, здаровыя ды справядлівыя, у новай летняй сукенцы ды толькі што з цырульні. Сьведкі з будучыняй за плячыма. Гаспадары, якім вы пакінулі такі загаджаны сьвет.