Амаль насупраць яе сядзеў той самы малады салдат, і Вераніка адразу ж зразумела, чаму Ларыса, якая жаўнерыка ўжо бачыла, прасякнулася да небаракі такімі мацярынскімі пачуцьцямі. Галава ягоная была пастрыжаная так коратка, што яе й праўда хацелася пакласьці сабе на калені ды пяшчотна гладзіць гэты кранальны вожык. Вялікія блакітныя вочы глядзелі жаласьліва ды неўразумела, ды што там казаць: гэта былі вочы падлетка, які шчыра не разумее, навошта яго трымаюць тут, калі за акном, закратаваным, нібы напамін, цьвіце лета, і музыка чуецца з парку, і лётаюць карусэлі – да сонца й назад, і дзяўчаты носяць такія кароткія спадніцы, і на асфальт крапае марозіва, і на сіняй рацэ белыя катамараны... Ён быў апрануты ў касьцюм, але было відаць, што гэткая вопратка яму цісьне, што звыкся ён насіць майкі ды шорты, і нават формы яму не знайшлі па росьце, такім прагным да свабоды было ягонае цела. Вейкі доўгія, прыгожыя, вусны такога малінавага, сакавітага адценьня, якое бывае толькі ў людзей паўнакроўных і дваццацігадовых.
– Такім чынам, вы ў той дзень і менавіта а шаснаццатай сорак праходзілі міма месца здарэньня? – строгім голасам, у якім, аднак, угадваліся знаёмыя лісьлівыя ноткі, спытаў Сухараў і зашамацеў паперамі.
Вераніка маўчала. Яна ведала, што трэба адказаць, і чамусьці маўчала. Сухараў зьдзіўлена падняў на яе вочы, і толькі тады голас Веранікі, нібы колы, якія ўсё ж адолелі ўзгорак, плаўна вымавіў на спуску:
– Так, праходзіла.
Сухараў выцер пот. Ён загаварыў пра нешта, а Вераніка раптам ясна ўявіла сабе той дзень, вузкую вуліцу ў кляновым сыропе ценяў, падземны пераход, і стос газэтаў на парапэце, і газэтны кіёск побач, і п’яную кампанію счэпленага паміж сабой друзу пад агароджай, і тралейбус, што ад’яжджае ад прыпынку, сьлепячы чужых пасажыраў зварачным зьзяньнем шыбаў. Салдата, які толькі што выйшаў з тралейбуса і ў два крокі апынуўся ля пераходу. Вочы ягоныя, відаць, абыякава сьлізганулі па назьве газэткі, што ляжала зьверху, а можа, па якім-небудзь з тых ідыёцкіх танных загалоўкаў, што так любяць фашысты, кшталту “Пакласці канец фальсыфікацыям!” або “Скажам не антынароднай уладзе!”. Ён зірнуў на гадзіньнік, ён сьпяшаўся, невядомае дзяўчо чакала яго недалёка ў сквэры, бесклапотна даядаючы марозіва, да канца звальненьня чатыры гадзіны, як шмат трэба пасьпець!.. Зрабіўшы на хаду заўвагу гэтай пажылой цётцы, ён проста заступіўся за сваё дзяўчо з марозівам, будучы тата, будучы муж, а пакуль што жаўнер, якому даверылі абараняць Радзіму... Але цётка не змаўчала, яна, відаць, ашчэрылася яму ўсьлед: “Зомбі! Паслугач рэжыму!”. І тады салдат ня вытрымаў, падняўся па прыступках назад, і патлумачыў цётцы, што мае поўнае права правесьці яе да бліжэйшага міліцэйскага аддзяленьня. І каб пацьвердзіць сур’ёзнасьць сваіх намераў, скінуў парачку фашыстоўскіх улётак на гарачы асфальт. Дзіцячы ўчынак, вось гэтага рабіць ня трэба было, трэба было ўсё рабіць па законе... Але ж хлопчыку насамрэч толькі дваццаць. Кроў зайграла, што ж тут няяснага... А цётка яшчэ й мацюгнулася. Яны гэта ўмеюць, яны ж толькі на выгляд такія ўсе інтэлігентныя, гэтыя прастытуткі-дэманстранткі... І тады салдат абразіўся. Не за сябе, відаць, за гонар свой вайсковы, і яшчэ за тую, якая так чакае яго ў сквэры. І распусьціў рукі. Але з кім не бывае? Вераніцы й самой часта хацелася мець мужчынскія кулакі, бо, як тут ні круці, ёсьць сытуацыі, дзе толькі з дапамогай складзеных разам пяці аргумэнтаў нешта можна давесьці. Натуральна, біць яе трэба было не ў жывот, гэта салдат перабраў. Па шыі, ці пад вока, каб пазначыць фашыстку, каб яна яшчэ доўга хадзіла па горадзе ці па лягеры, гэта ўжо як суд бы вырашыў, з доказам сваёй віны на ўласным гнюсным абліччы. Але ж не ў жывот. Ды толькі ўсе яны забываюць, што ў такім узросьце цяжка правільна ацаніць становішча, адмераць сілу ўдару... Вось яе брат, напрыклад, нават у свае гады так і не навучыўся. Вераніка прымружыла вочы. А тое, што цётка звалілася менавіта на край тратуару, дык гэта ўжо выпадак. Тут ужо зоркі вінаватыя, а зоркі проста так ня сьвецяць. Да агрэсіўных недаробкаў яны рэдка бываюць літасьцівыя... І да лепшых людзей таксама. У любым выпадку, салдат ніяк не заслугоўваў пакараньня. Яму яшчэ й праўда – жыць ды жыць, ня тое што гэтай... “пацярпелай”... Забіў бы яе, стала б адным фашыстам на сьвеце меней.
– Абвінавачаны зрабіў грамадзянцы Дохтуравай заўвагу, – прамовіла Вераніка, з выклікам зірнуўшы на цётку. – Яна кінулася да яго, трымаючы рукі перад сабой...