Выбрать главу

Пачвары, відаць, на гэта было напляваць. Наступны раз лапа дацягнулася амаль да ног Веранікі, і яна ўцяміла нарэшце, што яшчэ адна такая атака – і гульня для яе скончыцца. Крыўдна было б пакідаць яе, столькі перажыўшы. Яна заўважыла, што кіпцюры на лапе ня сьведчаць пра міралюбнасьць прыхадня, хутчэй наадварот: адзін дотык такой лапай, і кампутар можна будзе выключаць. І Вераніка пабегла ўздоўж сьцяны. Адначасова яна намагалася неяк вызначыць, да якога племені належыць яе перасьледнік, які не марудзячы пабег за ёй уздоўж супрацьлеглага берагу. Ростам пачвара й праўда была з добрага каня, пысаю нагадвала нейкага інсэкта, целам – лысага мядзьведзя... Ззаду выгінаўся малпін хвост. Панапрыдумляюць жа... Агромністыя вочы монстра пільна сачылі за Веранікай, і не было ў іх ні шкадаваньня, ні хітрасьці, толькі нянавісьць, чыстая, атрутная, без дамешкаў. Урэшце Вераніка ўпала ў быццам бы пакусаную кімсьці траву ды папаўзла, пачвара зноў пераможна заенчыла ды таксама запаволіла хаду. “Ну, усё”, – Вераніка намацала кубак з матэ й з прыкрасьцю адкінулася да сьпінкі крэсла. Маці нешта сказала, праходзячы міма яе пакою, і Вераніка таксама нешта буркнула ў адказ. Падобна на тое, што маці гэтага хапіла.

Яна адкінула ад сябе мыш, як зламаную шпагу. Будзь што будзе. Улада, калісьці так прыгожа ёю змайстраваная, імкліва страчвала клапатліва прыдбаныя пункты. Монстр спыніўся і колькі сэкундаў глядзеў на павержаную Вераніку, а потым паволі, быццам смакуючы свой посьпех, пацягнуў да яе сьмертаносную лапу. Вераніцы хацелася заплюшчыць вочы, але ж жаданьне паглядзець на ўласную сьмерць перамагло. Лапа была ўжо каля самага яе твару, калі да яе проста з вышыні агароджы кінуўся з маланкавай хуткасьцю жалезны, доўгі, загостраны на канцы крук ды ўпіўся ў рудаватую скуру драпежніка. Дзікунскі крык разарваў лес. Нібыта яго нават асьвяціла чароўная, блізкая ўспышка. Зьвер хацеў падабраць пад сябе параненую лапу, але марна: крук ухапіўся так моцна, што зараз, здавалася, падцягне пачвару да самае сьцяны. Монстар супраціўляўся, як мог, і ўсё ж вырваўся. Каля твару Веранікі засталася лужына яркай кампутарнай крыві. Скуголячы й кульгаючы, драпежнік зьнік у кустоўі. Вераніка з інтарэсам узьняла галаву.

На агароджы стаяў, трымаючыся адной рукой за парэнчы, малады сьветлавалосы чалавек зь ненатуральна блакітнымі вачыма. Ён быў высокі, значна вышэйшы за Вераніку, ды шыракаплечы, нібы статуя; у сваёй шэрай уніформе, перацягнуты рамянямі, ён, трэба прызнацца, рабіў моцнае ўражаньне. Твар збаўцы не выяўляў нічога асаблівага. Ён падняў крук ды выцер яго канец аб мокрае бярвеньне. Тое, як спрытна гэта ў яго атрымалася з доўгім і цяжкім крукам, казала пра не абы-якую сілу.

– Я – Лекс, – сказаў ён нарэшце, гледзячы кудысьці ўбок. – Рады гасьцям.

Магчыма, Вераніцы здалося, але ў голасе збаўцы яна адчула нешта падобнае да нецярпеньня.

– Улада, – прамовіла стомлена Вераніка й цяжка паднялася з травы. – Дзякуй за дапамогу. Вельмі своечасова.

– Там, трохі далей наперад – брама, – спакойна сказаў Лекс і зьнік.

Вераніка йшла даволі доўга, ніякай брамы не знаходзіла й ледзь не адскочыла проста ў роў, калі сьцяна раптам заскрыгатала ды пачала адчыняцца. Лекс упусьціў яе на тэрыторыю сваёй крэпасьці і, пільна зірнуўшы на прыціхлы лес, зачыніў браму ды павёў Вераніку да будынкаў. Яна ведала, што трэба нешта сказаць, але Лекс не выяўляў жаданьня гутарыць.

– Хто гэта быў? – спытала яна, ледзь пасьпяваючы за ягоным шырокім крокам.

– Ірлісы, – сказаў Лекс абыякава, – Дробныя гады. Раней іх было шмат, але я прымаю меры. Даўно яны не падыходзілі так блізка. Відаць, сачылі за табой здалёк, і толькі калі пераканаліся, што ты йдзеш сюды, напалі...

– А што, ён быў не адзін?

– Яны ня ходзяць паасобку. Толькі зграямі. Калісьці, можа, і хадзілі. Але потым я пабудаваў свой Дом, і больш яны ня ходзяць. Баяцца.