Ён сказаў гэта з гордасьцю. Пасьля кароткага абеду ў цэнтральнай вежы Вераніка заўважыла, што з ахвотаю Лекс гаворыць толькі пра сваю крэпасьць. Яны выпілі нешта, настоенае на зёлках, Лекс дастаў з шафы доўгі блішчасты футарал і стаў не сьпяшаючыся адкрываць шматлікія накрыўкі. Вераніка з інтарэсам азіралася вакол. Гэты пакой на самай вершаліне нагадваў бібліятэку. Натуральна, яна адпавядала духу гульні: кнігі тут стаялі старажытныя, ня кнігі, а сапраўдныя фаліянты ў скураных вокладках, а яшчэ больш было сувояў, падперазаных чымсьці падобным да хіпоўскіх фенечак.
– Ты за ўсім тут даглядаеш адзін? – спытала Вераніка, з павагай разглядваючы незнаёмыя літары.
– Быў памочнік, зь мясцовых, ды сплыў... Дарэчы, здымі чаравікі, – сказаў Лекс, скасавурыўшыся на ногі Веранікі. – Тут такі закон. У абутку магу хадзіць толькі я.
– Цікава, – прамовіла Вераніка з выклікам, зірнуўшы на вайсковыя боты гаспадара. – І хто ж увёў такі закон?
– Я, – Лекс шчоўкнуў нечым і ўзяў са стала фуражку. – Хадзем.
Вераніка паглядзела на яго з усьмешкай, але вочы Лекса былі непранікальна-халодныя. Яна паціснула плячыма, скінула чаравікі й, паколькі Лекс нічога не прадпрымаў, паставіла іх ля шафы.
Яны спусьціліся ўніз, Лекс, бразгаючы ключамі, адчыніў дзьверы, за якімі віднелася лесьвіца, што вяла пад зямлю. Ён прапусьціў Вераніку наперад і толькі потым зайшоў сам. Яна апынулася ў цёмным калідоры, з нэрвовым сьмяшком азірнулася, і тут Лекс уключыў сьвятло.
Вераніка стаяла перад доўгім радам клетак, тоўстыя пруты раз-пораз парыпвалі. Яна з жахам глядзела, як унутры, відаць, перапалоханыя сьвятлом, з жахам ціснуліся да сьценак самыя разнастайныя істоты. Тут былі і ўжо знаёмыя ёй ірлісы розных памераў, ад гіганцкіх, як паваленыя дрэвы (ім было відавочна цесна пад нізкай столяй), і зусім маленькія, лапы якіх бездапаможна скарачаліся, і напаўзасохлыя без вады дэндрыты, і падгнілыя, але яшчэ жывыя вярблюдазьмеі, і мноства іншай жыўнасьці, што пазірала на Вераніку вільготнымі ды асьлеплымі ад страху вачамі. Як загіпнатызаваная, Вераніка ішла ўздоўж бясконцага шэрагу клетак, і ззаду ў такт яе крокам чуўся халодны постук ботаў Лекса. І ў перадапошняй клетцы яе напаткаў найжахлівейшы сюрпрыз. Там, узяўшыся за рукі й прыціснуўшыся адно да аднаго, сядзелі ў кутку тры згорбленыя гномы. Адзін зь іх быў выліты Ольда: у Веранікі нават заняло дыханьне.
– Але чаму яны... – яна не дагаварыла, зь неўразуменьнем і недаверам павярнуўшыся да Лекса.
– Яны злачынцы, – каменным голасам адказаў Лекс, і вочы ягоныя сьвяціліся ад задавальненьня.
– Ну калі нават і так... – Вераніка падыйшла да клеткі з гномамі. – Яны ж хутка памруць...
Лекс паляпаў сябе па боце футаралам і пакрыўджана хмыкнуў:
– Ну і што? Туды ім і дарога. Гэта ж проста кампутар. Гульня.
Ён сам ішоў на парушэньне правілаў, у гэтай гульні не рэкамэндавалася ўзгадваць пра рэальнасьць уголас. І Вераніка нагадала яму пра гэта. Лекс нічога не адказаў, пагрукаў трохі па сьценцы, і гэтыя мерныя гукі надалі й без таго жудаснаму калідору яшчэ больш змрочнасьці. Яна ўжо наважылася сказаць Лексу што-небудзь зьдзеклівае, калі ён раптам павярнуўся на абцасах да клетак і зароў:
– Служыць!
І па гэтай пранізьлівай камандзе ўсе палонныя Лексавай турмы адначасова ўпалі на падлогу: пляснуліся на бруха ірлісы, і падкасіліся капыты ў вярблюдазьмеяў, і як сьпілаваныя паваліліся на пруты дэндрыты, і пакаціліся, стукнуўшыся аб сьцяну, шаразубы, і гномы, расчапіўшыся, бухнуліся на калені. Лекс засьмяяўся і дастаў з футарала ашчэраную пугу. “Проста гульня”, – паўтарыў ён і махнуў пугаю над галавой, Вераніка адхіснулася й закрыла твар рукамі. Ад яе сьвісту ў яе на нейкі момант заклала вушы. Потым Лекс задаволена сьвіснуў пугай неяк па-іншаму, і зьняволеныя зноў заварушыліся.
– Спадарыня, – раптам пачула Вераніка, – спадарыня, ці няма ў вас часам кропелькі вады ў далоні?
Яна адплюшчыла вочы: на яе глядзеў, з усяе моцы намагаючыся не губляць пачуцьця ўласнае годнасьці, адзін з гномаў. Двое іншых згодна заківалі галовамі.
– Няўжо нельга іх напаіць? – спытала Вераніка, баючыся глядзець на Лекса. Той усьміхнуўся, прайшоў у канец калідора й вярнуўся з гліняным кубкам. Вераніка выхапіла яго зь Лексавых рук і пасьпешліва прасунула праз пруты. Гном прагна прыпаў да кубка. Астатнія глядзелі на яго, цярпліва чакаючы.
– Ну вось, вось, – таропка загаварыла Вераніка, – вось...
Гном прысёрбваў ад задавальненьня, а потым неяк непрыкметна абмяк і са страшнай грымасай на твары ўпаў проста на пруты. Маленькае ягонае цела курчылася, тоўстыя пальцы хапалі пустэчу. Потым з рота ў яго пайшла пена. Вераніка не адрываючыся глядзела, як гном закаціў вочы ды споўз па прутох на салому.