Выбрать главу

Яна аднойчы раптам згадала гэта. Вераніка ў той час ужо працавала ў аддзеле, і дзіўна было, балюча ды мулка прыгадваць тое няіснае, быццам прыдуманае толькі што маленства. Гулкі зімовы вечар, праз паўгадзіны супрацоўнікі пачнуць паціху зьбірацца дамоў. Кабінэт нечакана падаўся ёй агромністым, яна пацягнулася ды паднялася з крэсла. Няўжо я была такой, няўжо мяне калісьці зусім не існавала, няўжо мяне магло не існаваць? Яна падыйшла да фіранкі ды адсунула яе. Вераніцы стала страшна, яна патэлефанавала Ларысе, выдумаўшы нейкую справу, у іх была такая праца, якая заўсёды прадугледжвала магчымасьць працягу нават ужо зьдзейсьненага, і вось на калідоры пачуліся крокі Ларысы, а Вераніка ніяк не магла зашпіліць туфлі.

***

Брат прыціскаў яе да падлогі ды наступаў нагой на валасы, ён мог стаяць так доўга, ды лушчыць пры гэтым, напрыклад, семкі, і Вераніка спачатку білася, як рыба, на гэтым тоўстым цьвіку ў сіняках ды драпінах, аднак потым разумела марнасьць сваіх намаганьняў ды заціхала, толькі ўсхліпваючы раз-пораз ад бясьсільля. Часьцей за ўсё брат рабіў ёй такія экзэкуцыі за нейкую правіннасьць, напрыклад, калі яна наўмысна разьлівала малако ці змывала ва ўнітаз ягоныя фатаграфіі хакеістаў. І вядома ж, ён рабіў гэта толькі тады, калі бацькоў не было дома – бацькі на такія зьверствы былі няздольныя і адно білі яе часам рэмнем, не балюча, але прыніжальна, а потым на кухні пад яе крыкі апраўдвалі ўголас свае нядаўнія катаваньні. Яна некалькі разоў скардзілася бацькам на брата, аднак потым перастала, бо за кожнай такой скаргай надыходзіла немінучая расплата. Аднак Вераніка ўпарта працягвала барацьбу, і хакеісты танулі, а малако разьлівалася. Нага стаяла на яе валасох цьвёрда, з пачуцьцём адноўленай справядлівасьці, і нішто не магло на брата падзейнічаць – ні сьлёзы, ні ўсхліпы, ні словы жальбы, ні пагрозы. Вырывацца было так балюча, а бясьсільле было такім безнадзейным, што Вераніка перастала на нейкі час чысьціць зубы – так яна была занятая пошукамі найлепшае помсты.

Зрэшты, былі і больш сьветлыя моманты. Менавіта брат навучыў яе, з дапамогай строгіх і бязьлітасных практыкаваньняў, плаваць у вадасховішчы, і яна радавалася, як вар’ятка, калі аднойчы паплыла без усякае дапамогі, адарвалася ад апоры ды паплыла, адчуваючы пад сабой пустэчу, а над сабой неба – гэта было як першы птушыны палёт.

А той выпадак, калі яна вярталася з крамы, з заціснутымі ў кулаку манэтамі ды паўбуханкай хлеба ў торбачцы, і тут выскачылі яны, на пяць гадоў за яе старэйшыя, ды акружылі, ды задзіралі сукенку, ды выкручвалі запясьце, пачаўшы з простай “крапівы” ды потым разгуляўшыся, страціўшы межы, спрабуючы абвязаць руку Веранікі вакол яе шыі; адзін з прыдуркаў, наймалодшы, адначасова разгінаў ёй пальцы, засяроджана, нібы разьбіраў цацачную машыну, а той, які да пары трымаўся воддаль, дастаў з торбы хлеб ды таўхануў яго па-футбольнаму ў хмызьняк, адказаўшы адразу ўсім зьбялелым плякатам у школьнай сталоўцы. Хлопцы сапелі ды пасьмейваліся, ні ў кога не было ў вачох нянавісьці да ахвяры, як, зрэшты, і спачуваньня, ім было цікава, як гэта: зрабіць балюча, яны былі кемлівыя ды цікаўныя хлопчыкі, адзін зь іх нават потым выкладаў прыродазнаўства ды біялёгію ў яе школе... “Я брата паклічу”, – верашчала яна, яны ківалі ды працягвалі яе катаваць. Ды толькі брата клікаць не было патрэбы, ён якраз ішоў насустрач, у сьвеце ня так ужо шмат сьцежак ды дарожак. Злавіць яму ўдалося толькі аднаго, затое самага старэйшага... Гадзіна была апракінутая ніцма. “А цяпер плюнь на яго”, – загадаў брат трохі расчаравана. Яна намагалася зрабіць гэта як мага больш помсьліва, але ў роце перасохла, і Вераніка адно запырскала сабе сукенку. “Гэх ты,” – брат з гаркотай уздыхнуў, ударыў скурчанага ды маўклівага ворага мыском нагі ў сківіцу, узяў сястру за руку, і яны пайшлі дахаты.