Спачатку апрача аднаго ўсім вядомага непрыстойнага, але выразнага слова, у галаву нічога не прыходзіла. Потым памяць паглядзела пад канапай дзяцінства, і адразу ж усплыло: піська. Пісюн. Маленькая Вераніка на гаршчку. І потым загайдала на хвалях, са старых шафаў пасыпаўся друз: член, фалас, і нейкі “эбанітавы жэзл”, ня кажучы ўжо пра “дзіду”... Гэта ў іх. Вераніка задумалася, як яна называе сваю... сваю... І зноў трапіла ў тупік. “Яна” – менавіта гэтае слова, відаць. Або такое ж безаблічнае “там”. Не, у Веранікі ўсё ж такі хутчэй “яна”. Зручны жаночы займеньнік. Прыстойны і агульны. Гавораць яшчэ “кіска”. Але ад гэтага патыхае Эдзікавай парнушкай. “Яна” была цяперака роўна падстрыжаная й, мяркуючы па адчуваньнях, яшчэ далёкіх, але ўжо няўлоўна-ясных, рыхтавалася да свайго чарговага вывяржэньня. Часам яна нагадвала Вераніцы забароненую кнігу. Але можна было даць лепшае азначэньне. Парослы рудаватым падлескам вулькан. Хіба гэта сказана горш? Кожнае слова тоіць у сабе праўдзівы сэнс. Асабліва вулькан. Ёсьць на сьвеце выспы, дзе “яна” й праўда стала б вульканам. Што яна адчувае да “яе”? Толькі сяброўскую пяшчоту й мацярынскі клопат, які адразу ж кудысьці зьнікае, варта “ёй” выйсьці з-пад кантролю.
Вераніцы стала вельмі цікава, як называе “яе” Ларыса. На такія тэмы яны ніколі не размаўлялі, хаця іх і лічылі ў аддзеле сяброўкамі. Гэта й праўда было сяброўства, якое ўсё часьцей пад пэўным ракурсам выдавала на нянавісьць. Вераніку нават наведала вясёлая думка патэлефанаваць цяпер Ларысе ды агаломшыць яе такім працоўным пытаньнем. Спытаццца пра гэта мімаходзь, нібы пра кошты на загарадным рынку. Аднак Вераніка ня была пэўная, што пытаньне застанецца паміж імі. Яна паднялася зь месца й, робячы неўпрыкмет найноўшую гімнастыку для сьпіны, паглядзела на пустэльную плошчу са сьляпучым крыжам пасярэдзіне. Крыж знаходзіўся прыкладна на ўзроўні яе вачэй, ягонае зьзяньне вісела, як німб, над праспэктам, які ўпадаў у плошчу. Пазяхнуўшы, Вераніка вырашыла, што ўсё прасьцей, чым яна думае. Варта было толькі добра ўявіць сабе Ларысу, яе ўхмылкі, яе заўжды грубыя, цёмныя жартачкі, як сумненьняў не заставалася: Ларыса называе яе як і большасьць простага народу, іхных штодзённых наведнікаў. Вераніка, хуліганячы, паўтарыла гэтае слова некалькі разоў, шэптам, амаль не расьціскаючы вуснаў. Дзіўнае слова. Яна напісала яго на паперцы, а потым разарвала паперку на дробныя шматочкі. Ёй ужо даводзілася, як школьніцы, запісаваць яго, і, выведзенае чорным па белым, слова гэтае нібы заяўляла пра сваё права на існаваньне. Яно станавілася такім самаўпэненым, нібы яго легітымізавалі на рэфэрэндуме. Зрэшты, чаму не. Народу відней, як называць і “яе”, і яе, Вераніку. Тое самае датычыцца і ўлады. Назваць яе “яна”, як знаёмую, як маці, як сяброўку, ці назваць яе тым словам, якое, хутчэй за ўсё, круціцца ў галаве Ларысы, што стогне пад душам, – ад гэтага шмат залежыць. Больш, чым мы ўсе звыкліся лічыць.
Упершыню яна змагла разгледзець гэты іхны заасад у ягонай натуральнай прыгажосьці гадоў дзесяць таму – у сваім пакоі, пад маўклівы злавесны акампанімэнт з храпу ды вісклівых ад скразьняку старых дзьвярэй. Брат скінуў у сьне зь сябе коўдру; Вераніка са зьдзіўленьнем пабачыла, што ягоныя чорныя майткі ляжаць між таросаў скамечанай бялізны, а наверсе... Наверсе было тое, што ўжо даволі даўно цікавіла яе – без усялякага сэксуальнага падтэксту, анічога такога: проста інтарэс прыродазнаўцы. Яна глядзела на гэтае крыху кветачнае патаемнае баляваньне доўга, з сумам, якому сама не магла знайсьці тлумачэньня, і такой жа няўцямнай гордасьцю. Потым спаруда качнулася, і Вераніка ўмомант схавалася пад сваёй коўдраю.
Апошняя ж з такіх вось яблычна-павучальных гісторыяў адбылася зь Веранікаю зусім нядаўна. Прыгадваючы яе, яна не змагла стрымаць усьмешкі – і трохі страшнавата было глядзець на сваё адлюстраваньне ў маніторы, якое на імгненьне ўспыхнула, хаваючы прыемны ўспамін пад замок. Справа была ў тым, што неяк увесну Вераніцы давялося аддаць у рамонт свой тэлефон... Ніводзін з тых апаратаў, якія ёй прапанавалі ўзамен, Вераніцы не прыйшоўся даспадобы, і яна вырашыла, што некалькі дзён зможа абыйсьціся й без тэлефону. Гэткі адпачынак напрошваўся сам сабой – тэлефанавалі Вераніцы часта і ўсё больш са сваімі праблемамі, чым са шчырым інтарэсам да яе ўласнага жыцьця або, прынамсі, з пустой балбатнёй, якая часам так эфэктыўна здымае стрэс... Аб’явіліся нейкія далёкія сваякі, і сакурсьнікі, якіх яна ўжо ня памятала, і сваякі сакурсьнікаў. Яна ўсіх уважліва выслухоўвала, а потым сваім ужо крыху ахрыплым ад ветлівага тону голасам раіла зьвярнуцца да яе калегаў. Некаторыя, самыя навязьлівыя, званілі яшчэ, раздражнёныя тым простым фактам, што сіла тут на баку Веранікі, і яны нічога ня могуць зрабіць зь яе непрабівальнасьцю.