Выбрать главу

***

Да таго дня Вераніка ня верыла ў насланьнё. Але ж як гэта яшчэ было патлумачыць?.. Насланьнё, хвароба, перабой у адладжанай сыстэме, оргія мутнага ападку ва ўскалыхнутым неасьцярожна сасудзе зь яшчэ сэкунду таму крыштальнай вадой... Яна спазьнялася на спатканьне зь сястрой і таропка йшла, грукаючы абцасамі, па толькі тыдзень таму пераназванай вуліцы, такой шматлюднай, што можна было згубіць сябе між раззлаваных чымсьці сустрэчных і прапахлых паляваньнем тых, хто напіраў ззаду, і сама злавалася, і ўжо думала, што сказаць сястры, каб тая не пачала адразу ж свае хаця й цікавыя, але ж пыхліва-шматслоўныя лекцыі... Дзіва, але ён таксама пабачыў яе, неяк здолеў выхапіць з натоўпу, хаця сядзеў на другім баку вуліцы пад парасонам кавярні ды ўхвальна назіраў за мітусьнёй. Нешта воўчае было ў ягонай ухмылцы. Ён ня мог, ня меў аніякае магчымасьці пазнаць яе, пабачыць, вылучыць, яна была ўмураваная ў натоўп, папросту ўмураваная, але ж ён прыўзьняўся й навобмацак выцягнуў грошы з барсэткі, каб расплаціцца... І Вераніку раптам крутанула ўбок, яна пайшла, нібы зачараваная, у ягоным накірунку, паўз праклёны ды мацюкі, балазе пераход быў паблізу, а то б яна так і рушыла праз праежджую частку. Гэта быў Цьвях, той самы сусед, зь якім яны так дзіўна пазнаёміліся на дні нараджэньня Лёнькі, той самы, які пасьля дотыку да яе каленяў так непрыстойна зірнуў ёй тады ў твар, на спортпляцоўцы, пасярод вялікага ўскраіннага мікрараёну. Ён і апрануты быў цяпер гэтак сама: белая футболка, шорты ды басаножкі, і на падбародзьдзі тая самая прывабная густая чорная шчэць. Такім было гэтае лета для Веранікі: людзей, пра якіх яна даўно забывала, раптам выносіла чамусьці на яе бераг прыбоем часу, і выносіла амаль некранутых – яны й праўда не зьмяняліся, нібы намагаючыся не парушыць першыя ўражаньні пра сябе, узяць Вераніку сваёй сьвежасьцю, перашапачатковасьцю... Яна рашуча, сама не разумеючы чаму, ішла да зьбялелага Цьвяха, а ён ішоў да яе, прымушаючы расступацца чалавечыя сьцены...

Урэшце яны сутыкнуліся й схапілі адно аднаго за руку, і так і не прамовіўшы ані слова імкліва пайшлі ў бліжэйшы двор. Дагэтуль яны прабавілі разам гадзіну, некалькі такіх далёкіх і чужых гадоў таму, але яна добра памятала, і дзівілася, што так добра памятае: яго завуць Андрэй, і гэта ён сам сказаў ёй, а прозьвішча Цьвях, так, Цьвях, гэта яна пачула ад Лёнькавых сябрукоў, як добра, што яна гэта памятае, як добра, як добра, білася ў галаве Веранікі бязглуздая, бескарысная думка, калі Цьвях вёў яе да цёмнага пад’езду, схаванага ў густых кудлатых каштанах, пакорлівую, маўклівую, яна патанала ў самой сабе, пакідала за сабой жывёльныя сьляды ды пахі. Яна не супраціўлялася, наадварот – гэта ён, захоўваючы рэшткі разважлівасьці, сілай прымушаў яе ісьці марудней, каб хаця б трохі заставацца ў межах прыстойнасьці, але яе проста цягнула да цёмнае шчыліны ў пазбаўленых начыньня жалезных дзьвярах, яна ляцела туды, як пчала, ад яе ішлі па амаль пустым двары такія мядовыя флюіды, што нават сабакі, якія мірна спалі ў цені сапсаванага фантану, паднялі галовы ды пацягнулі насамі...

Дзьверы рыпнулі, Цьвях пацягнуў яе па прыступках, але яна сама ўзьляцела ўверх і нецярпліва, ледзь ня плачучы схапіла яго за рукі: шпарчэй, шпарчэй... Надоўга іх не хапіла, яны нават не дабраліся да апошняга паверху, і там, на пляцоўцы між чацьвертым і трэцім, яна ўспырхнула на падваконьне, адначасова задзіраючы сукенку да самае шыі, і ногі яе закалацілі па халоднай батарэі, і валасы з сухім, пясочным гукам ціха заезьдзілі па шкле, і далоні леглі на калені, а пазногці ўпіліся, і потым нібы спалохаўшыся адхіснуліся, і потым леглі зноў, намаляваўшы на іхнай загарэлай шурпатай скуры прагныя “і”, што патрабавалі зараз жа расставіць усе кропкі. Ягоныя рукі апынуліся пад Веранікай, і ўзважылі яе, і сьціснулі мацней, баючыся згубіць, і цела здрыганулася й рушыла, набіраючы ход, і адсалютавала пад’езднаму рэху доўгім пераможным гудком... Рэйкі былі змазаныя як мае быць, і неўзабаве яны ўжо пакаціліся з узгорку, які апынуўся такім Эвэрэстам, што на нейкі момант Вераніка асьлепла ад сьлёзаў, і потым яго скаланула, і ён ударыў па вакне, і, задыхаючыся, выкінуў вонкі непатрэбную галаву, і Вераніка ў апошні момант здолела ўхапіцца за шыбу: там, у двары, якраз пачыналася навальніца.

***

Усё адбылося выпадкова. Перш-наперш адыграў сваю ролю тэлевізар: там якраз шэрая папера рэклямнага блёку бліснула раптоўна кароткім, сонечным, лазурна-зялёным ролікам, у якім расьпісваліся выгоды аднаго сталічнага турбюро. Дзеці пырскалі ў твары змарнелых тэлегледачоў пеннай марской вадой, застылымі надакучлівымі салютамі распускаліся яркія пальмы на даляглядзе, і пакуль тэлевізійныя безвалосыя мужчыны пыхліва шчэрыліся ў камэру, паставіўшы на прычынныя месцы ў плаўках келіхі з кактэйлямі, жанчыны рыхтаваліся, як толькі адвернецца апэратар, скінуць верх ад купальнікаў... Карацей, гэта было раскошліва. І калі ролік згас, так жа раптоўна, як і пачаўся, Вераніка адчула ў сэрцы загадкавы ўкол. Яна пераступіла праз ногі задрамалых бацькоў ды пайшла ў свой пакой і, уключыўшы кампутар, упершыню задумалася пра адпачынак. Гэтым летам ёй нічога не сьвяціла, хіба ўзімку, але выправіцца ў вырай яна зможа пры такім заробку хіба ў наступным годзе. Вырай ці гняздо – гэта было цяжкае пытаньне, лепш за ўсё і тое, і другое. Птушыная натура Веранікі, прынамсі, лічыла б гэты варыянт дастатковым на дадзены момант. А пальмы ўсё яшчэ пагойдвалі сваімі расстаўленымі хітрымі пяцярнямі – бацыла мараў пранікла ў кроў Веранікі, і ёй немагчыма было супрацьстаяць.