Выбрать главу

Іхны пасёлак Сьвет меў незвычайны статус: нягледзячы на тое, што знаходзіўся за дваццаць кілямэтраў ад сталіцы, адміністрацыйна ён належаў да цэнтральнага яе раёну. Раз на трыццаць хвілінаў адсюль да гораду езьдзіў аўтобус, які таксама меў нібыта нармальныя гарадзкія выгляд ды нумар, але ў адрозьненьне ад іншых ён ведаў, што такое вырвацца на прастор зь цесных вуліц, разагнацца на нядаўна адрамантаванай шашы, калі можна проста потым скінуць хуткасьць і доўга каціцца з горкі міма палеткаў ды драўляных лецішчаў, сыгналіць грыбнікам ды вяскоўцам, якія брыдуць па ўзбочыне, прабірацца па вузкай асфальтавай паласе паўз сонечны бор, з адчыненымі вокнамі, прытармазіць на высьпе між двух кукурузных мораў, падбіраючы выпадковага пасажыра. Тыя, хто заходзіў у аўтобус у Сьвеце, скідвалі зь сядзеньняў ігліцу, перад тым, як сесьці... На паўдарозе да сталіцы пасажыры заціскалі насы, і хто-небудзь абавязкова прамаўляў: дыхайце глыбей, праяжджаем Сочы. Вераніка шторазу сьмяялася.

Такое становішча Сьвету, зрэшты, утварала для ягоных жыхароў і безьліч праблемаў. Ім, са сталічнай прапіскай, даводзілася езьдзіць у цэнтр гораду ў паліклініку ці ў пашпартны стол, і пакуль яны ня выбралі дэпутатам былога сьвецінца Рызіна, па прадукты ня першае неабходнасьці таксама былі вымушаныя выпраўляцца ў горад. Сьвет быў узьведзены ня вельмі даўно, якіх-небудзь дваццаць пяць гадоў таму, тут хутка набудавалі дзевяціпавярховікаў для тых працаўнікоў чыгункі, якія стаялі ў чарзе на жытло, ды забыліся на іхнае існаваньне. Большасьць колішніх навасёлаў пакрысе знайшлі сабе жытло ў сталіцы, а кватэры здавалі... Аднак некаторыя, у тым ліку бацькі Веранікі, засталіся ды, напэўна, чакалі, пакуль Рызін прыцягне сюды мэтро, за вяроўку, як асла, бо нездарма ж мы за яго галасавалі. “Затое ў нас прырода,” – казалі зазвычай сьвецінцы ды летуценна прымружвалі вочы, калі хто-небудзь не вытрымліваў і мяняў сваю трохпакаёўку ў Сьвеце на пакой ля вакзалу. Дурное было ў іх становішча – яны адчувалі сябе сталічнымі жыхарамі, старанна выхоўвалі ў сабе адпаведны “мэнталітэт”, але кожны разумеў, што насамрэч ён – нехта кшталту эмігранта, і глядзеў на сьветла-зялёны лупавокі 401-ы аўтобус з тугою, як на нейкі сымбаль...

***

Каб пабачыць першы раз у жыцьці сапраўднага фашыста, ёй не давялося далёка адыходзіць ад дому. Яна даведалася ад бацькоў, а бацькі – ад знаёмых, што ў суседнім дзевяціпавярховіку фашысты здымаюць пад офіс двухпакаёвую кватэру, тую, дзе раней жылі сёстры Марковіч, чый бацька калісьці кінуўся пад цягнік. Старэйшыя фашысты прыяжджалі ў Сьвет звычайна на старым “мэрсэдэсе”, маладзейшыя – два хлопцы й дзеўка – на аўтобусе. Як прыкмеціў аднойчы сусед Юрык, гэтыя маладыя заўсёды імкнуліся пакінуць Сьвет да надыходу цемнаты, бо, і Юрка шчыра сьмяяўся, разумелі, што ўжо надвячоркам ім небясьпечна хадзіць тут па вуліцах. Хаця фашысты й так не асабліва разгульвалі па пасёлку, усё больш хаваліся ў сваёй нары, займаліся там сваімі цёмнымі справамі... Натуральна, яны ж не жылі тут, а мелі ў гэтай кватэры штаб. Звонку вокны іхнае маліны нічым асаблівым не вылучаліся, хіба тым, што былі заўсёды завешаныя фіранкамі. “Як жа інакш,” – разважала Вераніка, – “ім ёсьць што хаваць...”. Яна тады сканчала школу, яе мозг катэгарычна адмаўляўся запамінаць нешта з навучальнага матэрыялу, маючы, відаць, зусім іншыя пляны наконт баўленьня часу, і ўвесь час нібыта крыўдуючы на Вераніку; яна хадзіла стрыгчыся ў маленькую цырульню, што месьцілася на першым паверсе ў доме каля аўтобуснага прыпынку, яе наведвалі толькі школьніцы ды мужыкі, сур’ёзныя дамы Сьвету запісваліся да Розы Іванаўны, якая стрыгла дома. “Тат, а чаму нельга распавесьці пра іх, пра гэтых фашыстаў, у міліцыю?” – шчыра запыталася яна неяк, выходзячы ў халаце, з махровай чалмой на галаве, з лазьніцы. “Вырасьцеш – даведаешся”, – адмахнуўся бацька, ён тады ўжо завязаў. – “Калі б усё было так проста...”. Валасы высахлі, і яна пайшла ў цырульню.