Лёнька ня крыўдзіўся. Ён проста маркотна й трохі летуценна пацепваў плячыма ды сьмешна запускаў руку ў свае нямытыя валасы: правяраў, наколькі блізка яны прасунуліся ў накірунку да грывы. Ягоны гоблінскі твар выглядаў так наіўна ды па-дзіцячаму, што Вераніцы хацелася што-небудзь насунуць яму на галаву. Яны сядзелі ў залі, якая служыла таксама бацькоўскай спальняй. За вакном сьцямнела, Лёньчыны бацькі недзе на другім канцы гораду віншавалі кагосьці, Лёнька распавядаў ёй каго, але яна, натуральна, ня слухала. Вераніцы вельмі хацелася пакінуць гэтую кватэру да іх вяртаньня. Да Сьвету дабірацца было доўга, і насьпяваў час разьвітвацца – але на двары раставаў кіслы, слотны, непрытульны лістападзкі вечар, зь ветрам і лужынамі, і пры адной думцы пра дарогу да прыпынку ў гэтым жахлівым новым мікрараёне, дарозе, якая нібыта ўсыпаная паколатым каменьнем, у Вераніцы зьнікала жаданьне жыць. І таму яна сядзела й ніяк не магла дапіць гарбату.
А яшчэ Вераніка не разумела, чаму яна сюды прыехала. Ну так, з пачуцьця абавязку. Аднак Лёнькава нага ўжо загаілася, костка цудоўным чынам зраслася, гіпс даўно зьняты. Заставалася смутнае пачуцьцё віны й гордасьці. Вось жа, з-за яе, Веранікі, нехта выкінуўся з акна. Ня кожны зможа, а гэты здолеў. І таму Вераніка паспрабавала надаць твару больш добразычлівы выраз.
“Я зараз пагляджу!” – сказаў раптам Лёнька ды адчыніў да краёў поўны парцалянавых адбіткаў сэкрэтэр. “Праўда, тут усё бацькоўскае... Разумееш?”. Ён неяк сарамліва пачаў вывучаць зьмесьціва маленькага бару. Вераніка зь цікавасьцю зірнула з-за Лёнькавага пляча. Бліснулі бутэлькі зь віном і шампанскім, і нешта ў фальзе, і нешта ў файнай плеценай упакоўцы. “Шакаляду няма, здаецца...” – прамовіў Лёнька, пераступаючы з нагі на нагу. Вераніцы надзвычай не спадабаўся гэты жаласьлівы Лёнькаў голас, якім ён сказаў пра “бацькоўскае”. Яна дык брала гарэлку з бацькавых запасаў і давала часам суседу Юру, і нічога, ніхто й не заўважыў. І таму, калі Лёнька нерашуча застыў ля адчыненай скарбніцы, яна прымружыла вейкі ды абыякава кінула:
– А давай мы з табой, Лёнечка, вып’ем віна...
Ён спалохана азірнуўся. Вераніка глядзела на яго без усялякае літасьці. Ня тое, каб яна хацела віна, яна яго амаль і не піла, але гэтыя прыніжаныя ноткі, гэты страх, гэтыя бацькі, якія хаваюць у сэкрэтэры найлепшае, а для гасьцей ды роднага сына шкадуюць, купляюць, відаць, танныя падробкі.
– Разумееш, Веранічка, – заскуголіў ён, – гэта бацьку адзін знаёмы з Гішпаніі прывёз. Заб’юць. Давай мы як-небудзь з табой, калі я разбагацею, у рэстарацыю, давай?
Лёнька ўжо даўно, задоўга да свайго гераічнага скачка, распавядаў ёй, што яго бяруць у нейкую фірму, і ў размове зь Веранікай гэта падавалася як ужо вырашаная справа, аднак грошы ў Лёнькі як раней ніколі не вадзіліся, так і цяпер.
– Люблю гішпанскае віно, – правуркатала Вераніка і аблізнулася. Гэта дабіла яе зьбянтэжанага прыхільніка. І хутка ўжо Вераніка, нагбом выпіўшы цэлы келіх (Лёнька з жарсьцю сачыў за тым, як рухаюцца яе вінна-нявіннага колеру вусны) і са зьдзіўленьнем адчуўшы ўнутры прыемнае нахабства, заявіла з усьмешкай:
– А цяпер даставай шакаляд. Я бачыла, там ёсьць.
Лёнька ад разгубленасьці выпіў адзін за другім два келіхі й выцер далоняй рэдкія вусікі.
– Няма! Няма, клянуся! Слухай! Там жа ў лядоўні згушчонка ёсьць! Як жа гэта я забыў... Хочаш? Ты ж любіш згушчонку, – дадаў ён, прыгадаўшы іхны нядаўні абед у двары бальніцы: Вераніка тады й сапраўды прывезла яму блінцоў са згушчонкай, звычайнай, у фірмовай сіняй бляшанцы.
– Добра, цягні, – сказала яна літасьціва, падумаўшы. І пакуль з кухні чуўся трэск і грукат адкрывалкі, яна нечакана паказала сямейнаму фатаздымку на сьцяне язык. Лёнька зьявіўся на парозе зь белым нарэзаным хлебам і бляшанкаю, у якой танула не зусім чыстая лыжачка, і гэта было прыгожа на выгляд. А неўзабаве Вераніка ўжо нэрвова рагатала, сьціскаючы калені, каб цягучая маса не папаўзла ўніз па калготках. “Я вытру, я зараз”, – Лёнька замітусіўся вакол, шукаючы ручнік, але ўсе ручнікі былі неверагодна далёка, у кухні, і ён схіліўся над яе каленямі, рукамі зачарпнуўшы жаўтаватае малако – паднёс да твару і потым радасна зірнуў на Вераніку, бы прапануючы ёй нейкі дарунак. “Табе... табе трэба...” – і ён стаў сьцягваць зь яе калготкі, адначасова зарываючыся ў ногі тварам. Вераніка млява супраціўлялася. Было падобна на тое, што гісторыя паўтаралася, толькі цяпер замест сутаргі сыходзіла на вычышчаны Лёнькавай маці дыван згушчонка. “Ты чаго, калека?” – усё яшчэ сьмяялася яна, прыгадваючы той дзіўны выпадак, пасьля якога Лёнька калісьці стаў лічыць сябе яе законным хлопцам, і адганяючы Лёньку, які нечакана выпрастаўся над ёй і стаў расшпільваць джынсы. І Вераніка, душачы ў сабе агромністы інтарэс і жаданьне, каб Лёнькавы бацькі напіліся сёньня да бяспамяцтва, пачала паволі выбірацца з крэсла, наступаючы голымі пяткамі на жоўтыя клейкія плямы. Ён замружыў вочы й паваліў яе назад, асьцярожна так, але рашуча. І зноў стаў перад ёй, апасьліва зірнуў ёй у вочы ды выцягнуў з джынсаў ужо знаёмае Вераніцы прыстасаваньне.