Выбрать главу

– Што значыць урод? – разважае яна, нібы размаўляючы сама з сабой. – Урод... Я табе вось што скажу, Веранічка...

Маці паварочваецца да яе і, трэба аддаць належнае яе адвазе, упершыню глядзіць дачцэ проста ў вочы.

– Ты, канешне, можаш мяне ня слухаць, але... Гуляць з хлопцам – адно, тут трэба толькі дзявочы гонар не губляць. Сьмейся, сьмейся... Я таксама сьмяялася. Калі такая, як ты, была. А калі раптам што, і ў загс... Не сьпяшайся, Веранічка, з гэтым. Дзіцё, дасьць бог, нарадзіць пасьпееш. Але калі будзеш мужа сабе выбіраць – я табе падкажу, на што глядзець трэба ў першую чаргу.

Вераніка паднялася з крэсла, пацягнулася, паглядзела, як за акном, на лавачцы іхныя суседзі абмяркоўваюць за ранішнім бырлам, нібы за кавай, палітычныя падзеі. Сусед Юрка гайдаўся побач, цярпліва чакаючы, калі і яму абломіцца глыточак-два. Праз адчыненую фортку заляцела тоўстая грузавая муха ды закружляла над сталом.

– Сьмейся-сьмейся, – сказала маці, пакрыўджаная Веранічыным маўчаньнем, хаця Вераніка ўжо не сьмяялася, – а лепш усё-ткі паслухай. Твая сястра дык паслухала. Хаця і яна такая ж, як усе, зь ветрам у галаве.

– Ну і што ж гэта за сакрэт? – спытала нехаця Вераніка.

– Мяса кожны дзень, – урачыста й ціха прамовіла маці.

– Што?

– А вось што, – маці раптам выпрасталася, пазбавілася ручніка, выцерла лоб. – Калі ў цябе й тваіх дзяцей кожны дзень на стале ці ў лядоўні будзе мяса, значыць, мужа ты сабе выбрала правільна. Проста і ясна. І ніякіх больш умоваў.

Вераніка скрывіла вусны:

– Ну што гэта за такое... Хіба ж можна так – усё мераць мясам. Добра б яшчэ там золатам, або, ну, ня ведаю, шакалядам... Я б яшчэ зразумела. Гэта хаця б рамантыка. А як жа... Ну, ня ведаю – каханьне?

– Каханьне – гэта добра, – цярпліва сказала задаволеная сабой маці. – Хто ж супраць каханьня. Гуляй, пакуль маладая. Толькі ў прыпол глядзі не прынясі. Заб’ю. Я ж не дурная, цяпер іншы час. Сэкс. Эротыка. Інтэрнэт. Але замуж выйдзеш, і тады ўжо пра каханьне забудзеш. Калі мяса дома няма, і купіць няма на што, а ў Розы малы сабак катлетамі корміць, вось тады й будзе табе каханьне.

Вераніка маўчала, яна з прыкрасьцю думала, што вось зараз, напэўна, зноў пачнецца, пра яе маленства, калі фашысты ледзь не захапілі ўладу, і маці даводзілася ісьці прыбіральшчыцай у сьветаўскую краму, дзе хлеб можна было набыць (слаба ў гэта верыцца) толькі па нейкіх ці то квітках, ці то абанэмэнтах. А самой маці здавалася, што яна пераканала Вераніку – яшчэ б, довады ж неаспрэчныя.

– Ды нічога. Ты вось дарослая такая ўжо, – сказала маці са шкадаваньнем. – Усё ў цябе будзе добра, калі запомніш, што я табе сказала. Спачатку мы з бацькам, вядома ж, дапаможам, чым можам. А далей самі. Толькі не сьпяшайся, Веранічка. Заві бацьку абедаць.

***

Тая месячная практыка ў піянэрлягеры была ня цяжкай і скончылася так хутка, што Вераніка нават потым пашкадавала. Замацаваныя за ёй дваццаць падлеткаў – адзінаццаць звар’яцелых на касмэтыцы дзяўчат і дзевяць нейкіх надта ўжо разважлівых, як дзядкі, хлапцоў – не патрабавалі асаблівага клопату й нават пакідалі сваёй важатай час для асабістага жыцьця. Ня тое каб Вераніка карысталася посьпехам, але ж адзін з важатых, хударлявы, як шкілет, з доўгім і вузкагубым тварам Марат дакладна зьвярнуў на Вераніку ўвагу і ўжо ў першы ж дзень завітаў да іх у корпус, імгненна заняў дзяцей нейкай віктарынай (што значыць досьвед!) і сеў каля Веранікі на пень. Праз хвіліну яна ўжо ад душы сьмяялася, а Марат усё казаў ёй вясёлыя непрыстойнасьці, і такім сур’ёзным тонам – нават вочы не ўсьміхаліся, і таму Вераніцы было яшчэ сьмяшней. А ўвечары ў лягеры была дыскатэка ў гонар пачатку другой зьмены, і яна з усяе моцы намагалася ня танчыць толькі зь ім, але іншыя важатыя амаль не падыходзілі... калі ж гралі нешта сапраўды “зажыгальнае”, то Марат адразу ж апынаўся побач, торгаўся, са сваёй пластыкай гумовага чалавечка, каля самага пляча, Вераніка міжволі адступала ў цень, і ён, боўтаючыся, ішоў за ёй. Невядома, чым бы гэта ўсё скончылася, калі б там, у цені, не стаяў начальнік лягеру, баязьліва паглядаючы на вёрткія целы маладога пакаленьня. Гэтая зьмена была наогул багатая на прыгажуняў, даўганогіх, нібы з вокладак часопісаў, Вераніцы было з кім сябе параўноўваць і з прыкрасьцю моршчыць лоб.

З надвор’ем у той месяц пашанцавала. Вераніка адразу ж пачынала драмаць, апускаючыся на посьцілку, пад якой гарэла яшчэ мокрая трава, вакол хлопцы пад пагардлівымі позіркамі расфарбаваных дзяўчат, якія сумавалі ў чаканьні чагосьці, абмяркоўвалі апошнія навіны сусьветнай аўтаіндустрыі. Раніца неўпрыкмет сыходзіла, есьці не хацелася, яны йшлі на возера, і там Вераніка скідвала сукенку ды, адганяючы дзікуноў-інсэктаў, мякка сьлізгала ў ваду – яна плавала заўжды на сьпіне, каб падначаленыя былі ў полі зроку, але мала хто лез у ваду, тоўстыя хлопчыкі нават футболак не здымалі, а дзяўчаты збольшага плюхаліся ля берага, падстаўляючы сонцу закрэсьленыя палоскамі вясёлкавых купальнікаў сьпіны, шапталіся... Вераніцы было добра. Потым – салодкая стома палудня, калыханка дрэваў, рытмічнае граньне мухаў на аконнай шыбіне. Вечар зь ягонымі ненавязьлівымі, простымі гульнямі, танцы, беглая праверка, ноч, агеньчык цыгарэты там, адкуль чуецца прыглушаны голас Марата, яе ціхі сьмех, цыгарэта, што растае ў руцэ, Вераніка нават не падносіла яе да вуснаў. Зрэдку віно са сталоўскіх шклянак. Моцны, глыбокі, беспрабудны ранішні сон.