Вераніка ўсё намагалася здружыць хлапечую й дзявочую паловы свайго атраду. Але марна: атрад ніяк не хацеў яднацца, кожны пол сядзеў асобна й глядзеў на супрацьлеглы без інтарэсу. Дзяўчынкі марылі пра дарослых, вусатых плэйбояў-старшаклясьнікаў, хлопцы да дзяўчынак таксама не цягнуліся. Якім жа было зьдзіўленьне Веранікі, калі аднойчы, зайшоўшы на дзявочую палову, яна пабачыла ўвесь свой атрад у зборы. Дзеткі слухалі нешта саладжавае, што тупа бухала з казённага магнітафона. Заўважыўшы яе, яны замаўчалі й з сур’ёзным выглядам утаропіліся ў дынамікі, нібы адтуль лілося нешта філязофскае. Між тым, голас невядомага, але, відаць моднага сьпевака выводзіў нешта пра “твае масіські, Танюшка”.
– Вы што гэта слухаеце? – працягнула Вераніка пакрыўджана й пачула ў адказ невядома адкуль знаёмае імя. Яна спахапілася, зрабіла ўсё, каб кантакт не разладзіўся й на наступны дзень прынесла выхаванцам касэту зь Віктарам Ветрам і Магдай. “Вось гэта музыка, а яшчэ й сапраўдная паэзія,” – абвясьціла яна з пачуцьцём перавагі ды прысела на край ложка.
Восень прыйшла, быццам нязваны госьць,
Дзьвераў журботны вой,
Поўны мой дом табой,
Я так чакаю, ты паглядзі, ну вось,
У кожным акне сьвятло,
Усё што было – сплыло,
Ну вось і ўсё...
Песьні атраду прыйшліся даспадобы. Назаўтра іх ужо сьпявалі і хлопчыкі й дзяўчаты, а адзін з выхаванцаў, Вераніка ўсё забывала ягонае прозьвішча, нешта такое на Г, падабраў акорды й штовечар выконваў “Восень” ля вогнішча. Прарыў быў відавочны, потым дзяўчаткі ўжо самі прасілі выканаўцу прасьпяваць што-небудзь іхнае ўлюбёнае, а Вераніка глядзела на іх з замілаваньнем, маркотна прыслухоўвалася да ўласных успамінаў і думала пра тое, якая яна старая.
Адну зь песьняў Магды, яе гіт “Карабаратрулла”, яны ўсе разам перайначылі пад патрэбы атраду й далі на заключнай вечарыне ў канцы месяца такі канцэрт, што ім нават далі прыз глядацкіх сымпатыяў. І ўсё было б добра, калі б не адзін выпадак.
Неяк Марат прапанаваў Вераніцы памерацца сіламі ў валейбол, атрад на атрад. Веранічыны былі ў турнірнай табліцы першынства лягеру недзе ў самым нізе, і яна пагадзілася, спадзеючыся падняць баявы дух каманды. Важатыя, натуральна, таксама гулялі, прыязна пазіраючы адно на аднаго скрозь сетку. І ўжо ў самым пачатку адбылося непапраўнае. Дасланы на іхную палову жоўты мяч сьвечкай падняўся ў паветра, і пакуль паўасьлеплая Вераніка шукала яго ў сонечным небе, нехта зь яе каманды ўжо адпарыраваў яго на чужую палову – там сам Марат, капітан і трэнэр “зялёных”, пругка выгнуўшыся ды ўзьляцеўшы над пяском, моцным рэзаным ударам зноў паслаў мяч на палову Веранікі... Яна якраз заўважыла гэтае пацертае гарматнае ядро, якое з хуткасьцю сьвятла неслалася проста на яе, і ў апошні момант няспрытна ўзмахнула далоняй, але было ўжо позна: мяч забіў Вераніку напавал, урэзаўшыся ёй проста ў пярэднія зубы. З вачэй пырснулі нечаканыя сьлёзы, яна ўпала на калені й закрыла твар рукамі. З вуснаў сачылася кроў, твар апякло як агнём, у роце зьявіўся дзіўны смак... Марат падхапіў яе пад пахі й паспрабаваў падняць, і прасіў прабачэньня скрозь сьмех, а яна вырывалася, і нарэшце вырвалася, села на траву ды не адплюшчвала вачэй, пакуль ён не сыйшоў. Выхаванцы працягвалі гульню бязь іх. Яна не атрымала ніякіх пашкоджаньняў, апрача разьбітай губы, і ўжо ўвечары яны зноў па-сяброўску размаўлялі з Маратам, але колішняе сымпатыі да яго ўжо не было: шторазу, калі яна чула ягоны голас, перад вачыма ўставаў страшны жоўты мяч, які ляцеў, як разрыўная куля, ёй у вусны.
***
Яна ніколі не заўважала, каб Лексу станавілася сумна, і тым ня менш ён прыдумаў новую забаву: рваць палонным іклы. Відаць, яго раздражняла само ўсьведамленьне таго, што вакол лягеру, схаваныя ў чарнаце лесу, ціха выючы ў засадах абапал пракладзенай калісьці Веранікай сьцежкі, тояцца зграі зубатых драпежных пачвараў – раз-пораз уначы ён уладкоўваўся са сваім круком і сеткай на якой-небудзь са сьценаў ды чакаў здабычу. Ноч наступала імгненна, як заўжды ў гэтых краях, а Лекс меў цярпеньне: ён сядзеў уверсе нерухома ды бязгучна, і распускаўся ў цемры, паходні гасьлі, лес вакол Дому ажываў. Збоку мягло падацца, што Лекс сьпіць, але варта было зірнуць у ягоныя вочы, якія можна было б палічыць за цьмяныя далёкія зоркі, так яны сьвяціліся ў змроку, як рабілася ніякавата. Зрэшты, на ягоным паляваньні Вераніка прысутнічала толькі аднойчы: трохі зьніякавелая ад чорнай аграмадзіны лесу вакол, яна ўсё ціснулася ды ціснулася да Лекса, ажно пакуль не пачала да яго даволі бессаромна прыставаць. Сама ягоная постаць, замерлая на вузкай сьцяне, і крук у каменных руках так узбуджалі, што Вераніцы хацелася ўкусіць гаспадара Дому. Аднак Лекс ніяк не рэагаваў на Веранічыны ўлашчваньні, а потым проста сагнаў яе ўніз і сваім роўным голасам загадаў ісьці ў вежу. У тую ноч ён яе нават не прыкоўваў, але ёй і ў галаву не прыходзіла ўцякаць або хавацца – яна ляжала на тым месцы, дзе зазвычай спаў ён, і не магла заснуць, пацеючы ад жаданьня ды смагі.