Выбрать главу

Што за жыццё? Вар’яцкі дом. I быццам усе прагнуць шчасця. Што перашкаджае Галіне быць нармальнай жонкай? Прыгожая, зграбная, на араб­ку падобная. Валасы чорныя, як варанячае пер’е, вочы празрыстыя блакітныя, то гарэзлівыя, як у сіямскай кошкі, то даверлівыя, безабаронныя. Ідзеш разам з ёю па вуліцы — мужчыны азіраюцца. Здаецца, радуйся таму, што бог даў. Не, мала. Мэта жыцця — вялікай журналісткай стаць. I не ра­зумее, што мужчын не спакушаюць подзвігамі на рабоце. I тыя мінуты, калі ён быў на ўсё гатовы дзеля яе, звязаны зусім з іншым.

...Яны ў Вільнюсе, у сябра Ігара па інстытуце кінематаграфіі Уладаса. Едуць у машыне на Тракайскія азёры. Моцна пячэ праз шыбы залаціста-вогненнае сонца. Сонечныя зайчыкі скачуць па валасах Галіны. Усім надзвычай весела. Уладас сядзіць за рулём, расказвае анекдоты з інстытуцкага жыцця. Ён гаворыць сур’ёзна, з акцэнтам, і ад гэтага ўсе яшчэ больш заходзяцца ад смеху.

— А ведаеш, Галачка, як нам твой Ігарок харч здабываў? — пытаецца Уладас.

— Не, раскажы, — смяецца Галіна.

— Ну, ты, напэўна, ведаеш, што такое галодны мужчына. Але ты не ведаеш, што такое пяць вечна галодных маладых ілбоў, асабліва перад стыпендыяй. Дык вось, ляжым мы неяк у нірване, пустымі жыватамі да жалезных ложкаў прыраслі, апошнюю лусту хлеба дзве гадзіны таму як з’елі, кішкі пахавальны марш іграюць. I тут вяртаецца з чарговага спаткання гэты аптыміст. Па паху вызначаем: у Тамарачкі ў «Арагві» пабываў, чахахбілі еў. Нам бы яго пустымі бутэлькамі закідаць, дык усе бутэлькі тры дні таму здалі. Адну пагарду выказаць і засталося. А ён весяліцца: «Хочаце, браткі, я вас усіх накармлю?» «Ну, — думаем, — зусім сумленне страціў, біфштэкс перасмажаны». А ён шась за дзверы. Прыходзіць да дзяўчат, а тыя аладкі пякуць. Ён пакруціўся крыху і кажа: «Хочаце, дзяўчаты, я вам карціну Пярова «Гракі прыляцелі» ў натуры пакажу?» — «Хочам!» — адказваюць. Тады ён зноў за дзверы. Прыбягае да нас, крычыць: «Хапайце, браткі, талеркі і лыжкі і строем за мной!» Мы толькі пераглянуліся і за ім. Каля пакоя дзяўчат пастроіў ён нас у шарэнгу, расчыніў шырока дзверы і ўрачыста аб’явіў: «Гракі прыляцелі!»

— Ну, Ігар, ну, малайчына! —пляскае ў далоні Галіна і весела смяец­ца, а яшчэ праз імгненне туліцца да яго і ціха шэпча: — Я так кахаю цябе, што ў мяне ад шчасця галава кругам ідзе.

I ў яго кругам ідзе галава, і ён адчувае сябе бязмежна шчаслівым. А потым яны гуляюць па беразе возера, ходзяць па старадаўняму замку. Галіна ў ботах на высокіх шпільках. Яна ўсё часцей спатыкаецца, спыняецца, потым садзіцца на каменныя прыступкі і жалабна кажа: «Я больш не магу». I ў гэты момант яна выглядае такой слабай, безабароннай, што ён бярэ яе на рукі і нясе да машыны, а Уладас здымае іх у гэты час на слайды.

Не, немагчыма зразумець жанчыну. Хіба ён самы горшы муж? I дапамагае, па магазінах ходзіць, і грошы ўсе аддае. Зрэшты, грошай ім ніколі не хапала. Занадта вялікімі былі перапынкі паміж карцінамі, занадта паглыналі камандзіроўкі. I на апошнюю карціну ён згадзіўся толькі дзеля та­го, каб зарабіць. Цудоўна разумеў, што са сцэнарыя, які яму падсунулі, добрай карціны не атрымаецца. На гэтай падставе пасварыліся з Галінай. Яна вырашыла, што ён узяўся за карціну, каб паехаць ва Уладзівасток, а ён хацеў купіць ёй дублёнку. Але пра свае меркантыльныя інтарэсы лічыў за лепшае маўчаць. Бо для яе быў важны толькі яго поспех. I можа, таму ён даражыў ёю і разводзіцца да гэтага часу не збіраўся. Але цяпер... Мала ці што яна магла выкінуць за гэты час.

Успамін пра Галіну даканаў яго. Хацелася на каго-небудзь накрычаць, пабіцца, разбіць што-небудзь. I калі зазваніў тэлефон, ён насілу падняўся, зняў трубку і раўнуў:

— Гаварыце!

— Я табе ўсё скажу, толькі не зараз, — пачуў ён голас Галіны.

4

Кафэ толькі што адчынілася, і людзей у зале было няшмат. Галіна села за столік у невялікай нішы, якая была абабіта цёмна-карычневымі драўлянымі панелямі. Два круглыя ярка-жоўтыя бра на сцяне, нібы вочы нейкае птушкі, стоена пазіралі на залу. Ціха іграла музыка, мігацелі пад столлю каляровыя ліхтарыкі. Месца для закаханых, падумала яна. Але ці ёсць яны тут, закаханыя?

Галіна агледзелася. У другім кутку залы, каля акна, сядзела немаладая ўжо пара, відаць, муж і жонка. Дзве дзяўчыны-студэнткі ў аднолькавых вязаных шапачках засяроджана гарталі нейкі канспект. Высокі, шыракаплечы мужчына ў скураным пінжаку і дымчатых акулярах чытаў «Вячэрні Мінск». Яны чакалі мо хвілін пятнаццаць, але афіцыянткі, як заўсёды, не спяшаліся.

Галіна патрымала і адклала меню: Ігар спазняўся, а можа, ён і наогул не прыйдзе? 3 яго станецца. Яна адчула, што зноў пачынае нервавацца.