Выбрать главу

Колькі разоў за апошнія шэсць месяцаў яна спрабавала ўявіць сабе гэтую сустрэчу, колькі разоў у думках размаўляла з ім. Чула свае словы, простыя, дасціпныя, чула яго блытаныя адказы. I хоць кожны раз гэтыя сустрэчы праходзілі па-рознаму, канец быў заўсёды адзін: яны застаюцца разам.

Але ў апошнія дні ў шчаслівы канец яна больш не верыла. Была амаль упэўнена: шэсць месяцаў, што яны не бачыліся, паскорылі ў геаметрычнай прагрэсіі распад іх адносін.

Галіна ўжо шкадавала, што прызначыла гэтую сустрэчу. Яна паглядзела на немаладую пару, якая цярпліва чакала афіцыянтку. Сівая жанчына з хлапчуковай кароткай стрыжкай, у тонкім бежавым світэры з каўняром-стойкай. Мужчына гадоў на пяць старэйшы, такі ж сівы, таксама з карот­кай стрыжкай, у шэрым твідавым пінжаку і блакітным пуловеры. Падобныя не толькі прычоскамі, але і манерамі, выразам твару, яны, здавалася, былі ў зале адны. За іх жэстамі, стрыманымі, поўнымі годнасці і павагі, таілася такая ўзаемная пяшчота, што Галіна нават пазайздросціла. I, нібыта спрабуючы адкрыць для сябе таямніцу чужога шчасця, уважліва пачала сачыць за гэтай парай.

Цёмна-вішнёвыя шторы на вокнах паглыналі дзённае святло, стваралі ў кафэ атмасферу заспакаення, даверу. I калі б не снег на вуліцы, лёгка было б уявіць, што зараз летні вечар, ціха плёскае за вокнамі мора, а гэтыя двое на схіле дзён гартаюць ва ўспамінах старонкі свайго кахання.

Мужчына ў дымчатых акулярах таксама з цікавасцю назіраў за немаладой парай. I калі Галіна сустрэлася з ім позіркам, па-змоўніцку ёй падміргнуў. Выгляд у яго быў прыемны, хіба што крыху фанабэрысты, як у чалавека, які прывык да высокіх пасад.

— Цікава? — напаўголасу спытаўся ён і адклаў газету.

— Хутчэй зайздросна, — міжволі вырвалася ў Галіны.

— Вам і зайздросна?! Такая маладая, прыгожая... — Яму, відаць, карцела пазнаёміцца.

Але ў гэты час у дзвярах паказаўся Ігар. I Галіна раптам адчула неадольнае жаданне кінуцца яму насустрач, прыпасці да ягоных грудзей і забыцца, пра ўсё забыцца — пра гэтыя шэсць месяцаў разлукі, пра бяссонныя ночы, пра слёзы ў падушку, пра ўсе свае крыўды і сваю рашучасць быць гордай і стрыманай да канца. Вялікім намаганнем волі ўзяла сябе ў рукі. I калі яна навучыцца валодаць сабой?!

Ігар агледзеўся, убачыў Галіну і хутка падышоў да яе століка. Сеў, нядбайна адкінуўся ў крэсле, прыжмурыўся, разглядаючы яе. На ім былі новыя штроксы і белы пушысты світэр з чорнай палоскай. Але ж, прыбраўся, калі ішоў да яе.

— Доўга чакаеш? — спытаўся, быццам яны толькі ўчора рассталіся.

— Не, не вельмі, — Галіна ўжо супакоілася.

Яго валасы былі мокрыя ад снегу, пад карымі вачыма — цёмныя мяшкі, твар расчырванеўся ад марозу. Ігар дастаў з кішэні насоўку, абцёр лоб, прыгладзіў рукой валасы.

— Мог бы і прычасацца, — сказала Галіна.

Ігар не адказаў, уважлівым позіркам абвёў напаўпустую залу, а Галіна сачыла, ці прывабіць яго ўвагу немаладая пара. Не, толькі зірнуў на іх, по­тым узяў меню, хутка прагледзеў першую старонку.

— Ты ўжо снедала?

— Снедала?! — абурылася Галіна. — Калі?

Поўная афіцыянтка ўзяла заказ у мужчыны ў дымчатых акулярах і нарэшце падышла да іх століка. Спынілася каля Ігара, дастала з кішэні блакнот, аловак і, як аўтамат, прамовіла:

— Біфштэкс з яйцом, шніцэль па-міністэрску...

— Біфштэкс з яйцом, шніцэль па-міністэрску...

— Кавы, — у тон яму сказала Галіна. — Каўнік.

Упершыню за гэты час ён, нарэшце, з цікаўнасцю паглядзеў на яе.

— Ты што, есці не будзеш?

— 3 табой, мой мілы, я магу і тыдзень каліва ў рот не браць. Вельмі зручна для сямейнага бюджэту.

Твар афіцыянткі перастаў здавацца акамянелым, яна з іранічнай усмешкай глядзела на іх.

— Прынясіце ёй што-небудзь, — папрасіў Ігар, — цукерак, пірожнае.

Афіцыянтка моўчкі кіўнула і адышла.

Вось і ўсё сказана, падумала Галіна.

— Два тыдні, як вярнуўся, а кожную ноч бачу мора і параходы. I хістае, хістае,— задумліва сказаў Ігар. — Якія былі падводныя здымкі! — Яго вочы раптам загарэліся. Калісьці такімі ж вачыма ён глядзеў і на яе.— Апускаліся разам з вадалазамі...

Ну, але, пачалося... Галіна нахіліла галаву над сталом. Падводныя лодкі, караблі, пагранічнікі, засвечаная кінастужка... Толькі ён, усюды ён, яго жыццё, яго работа, і нідзе няма месца для яе. Нават шчыліначкі.

Яна не слухала, што ён гаворыць. Глядзела пільна на яго і адчувала, як сэрца разрываецца на кавалкі. Зблажэў, твар абветраны, стомлены. Паглыбелі зморшчынкі ля вачэй, рэзка выступілі скулы. Злева знізу не стае зуба. Але наогул выгляд незалежны, задаволены. Відаць, і праўда, яна яму больш не патрэбная.